Гаспадыня дома выбегла сама на ганак. Яна была свежая, як кроў з малаком; прыгожая, як божы дзень; падобна была, як дзве кроплі вады, да Платонава, з той толькі розніцай, што не была такая вялая, як ён, але гаваркая і вясёлая.
«Добры дзень, брат! Ну, як-жа я рада, што ты прыехаў. А Канстанціна няма дома; але ён хутка будзе».
«Дзе-ж ён?»
«У яго ёсць справа ў вёсцы з якімісьці купцамі», казала яна, уводзячы гасцей у пакой.
Чычыкаў з цікавасцю разглядаў жытло гэтага незвычайнага чалавека, які атрымліваў 200 тысяч, думаючы адшукаць у ім уласцівасці самога гаспадара, як па пакінутай ракавіне мяркуюць аб устрыцы або слімаку, што калісьці ў ёй сядзеў і пакінуў свой адбітак. Але нельга было скласці ніякага меркавання. Пакоі ўсе простыя, нават пустыя: ні фрэскаў [98], ні карцін, ні бронзы, ні кветак, ні этажэрак з фарфарам, ні нават кніг. Адным словам, усё паказвала, што галоўнае жыццё істоты, якая тут бытуе, праходзіла зусім не ў чатырох сценах пакояў, а ў полі, і самыя думкі не абдумваліся загадзя сібарыцкім чынам каля агню, перад камінам, у выгодных крэслах, але там-жа, на месцы справы, прыходзілі ў галаву, і там-жа, дзе прыходзілі, там і ператвараліся ў справу. У пакоях мог толькі заўважыць Чычыкаў сляды жаночага гаспадарання: на сталах і крэслах былі пастаўлены чыстыя ліпавыя дошкі і на іх пялёсткі нейкіх кветак, падрыхтаваныя да сушкі...
«Што гэта ў цябе, сястра, за дрэнь такая панастаўляна?» сказаў Платонаў.
«Якая дрэнь!» сказала гаспадыня. «Гэта лепшы сродак ад трасцы. Мы вылечылі ім у мінулым [годзе] усіх мужыкоў; а гэта для настоек; а гэта для варэння. Вы ўсё смяецеся над варэннямі ды над саленнямі, а потым, калі ясцё, самі-ж хваліце».
Платонаў падышоў да фартэпіяно і пачаў разбіраць ноты.
«Божа! што за старызна!» сказаў ён. «Ну, ці не сорамна табе, сястра?»
«Ну, ужо выбачай, брат, музыкай мне тым больш няма часу займацца. У мяне васьмігадовая дачка, якую я павінна вучыць. Здаць яе на рукі чужаземнай гувернантцы для таго толькі, каб самой мець вольны час для музыкі, — не, выбачай, брат, гэтага вось не зраблю».
«Якая ты, дапраўды, зрабілася нудная, сястра!» сказаў брат і падышоў да акна. «А вось ён! ідзе, ідзе!» сказаў Платонаў.
Чычыкаў таксама памкнуўся да акна. Да ганка падыходзіў чалавек год сарака, рухавы, смуглявы з твару, у сурдуце з вярблюджага сукна. Пра вопратку сваю ён не дбаў. На ім была трыпавая [99] шапка. З абодвух бакоў яго, скінуўшы шапкі, ішлі два чалавекі ніжэйшага саслоўя, — ішлі, размаўляючы, пра штосьці мяркуючы з ім, адзін—просты мужык, другі—нейкі заезджы кулак і прайдзісвет, у сіняй сібірцы. Паколькі спыніліся яны ўсе каля ганку, дык і гутарка іх была чуваць у пакоях.
«Вы вось што лепш зрабіце: вы адкупіцеся ў вашага пана. Я вам, бадай, дам пазыку: вы потым мне адпрацуеце».
«Не, Канстанцін Фёдаравіч, што ўжо адкупляцца? Вазьміце нас. Ужо ў вас розуму навучышся. Ужо такога разумнага чалавека нідзе ў цэлым свеце нельга адшукаць. А цяпер-жа бяда тая, што сябе ніяк не ўсцеражэш. Шынкары такія завялі цяпер настойкі, што з адной чаркі так пачне задзіраць у жываце, што вядро вады выпіў-бы: не паспееш апомніцца, як усё спусціш. Многа спакусы. Нячысцік, ці што, варочае светам, дальбог! Усё заводзяць, каб збіць з толку мужыкоў: і табаку, і розныя такія... Што-ж рабіць, Канстанцін Фёдаравіч? Чалавек — не ўтрымаешся».
«Паслухай: ды справа-ж вось у чым. У мяне-ж усё-такі няволя. Гэта праўда, што адразу ўсё атрымаеш—і карову, і каня; ды справа-ж у тым, што я так патрабую з мужыкоў, як нідзе. У мяне працуй—першае; ці мне, ці сабе, але ўжо я не дам заляжацца нікому. Я і сам працую як вол, і мужыкі ў мяне, таму што зазнаў брат: уся дрэнь лезе ў галаву таму, што не працуеш. Дык вы аб гэтым усе падумайце грамадой і памяркуйце паміж сабой».