Палкоўніка ён застаў за пульпітрам стаячай канторкі, з пяром у зубах. Палкоўнік прыняў Чычыкава выключна ласкава. На выгляд, ён быў вельмі добры, вельмі абыходлівы чалавек: пачаў яму апавядаць пра тое, колькі працы яму каштавала ўзняць маёнтак да цяперашняга дабрабыту; з спачуваннем скардзіўся, як цяжка даць зразумець мужыку, што ёсць вышэйшыя пабуджэнні, якія дае чалавеку адукаваная раскоша, мастацтва і майстэрства; што баб ён да гэтага часу не мог прымусіць надзець карсет, у той час як у Германіі, дзе ён быў з палком у 14-м годзе, дачка млынара ўмела іграць нават на фартэпіяно; што, аднак-жа, не гледзячы на ўсю ўпартасць з боку невуцтва, ён абавязкова дасягне таго, што мужык яго вёскі, ідучы за плугам, будзе ў той-жа час чытаць кнігу пра громаадводы Франкліна [100], або Віргіліевы Георгікі [101], ці Хімічнае даследаванне глебы.
«Дзіва што!» падумаў Чычыкаў. «А вось я да гэтага часу яшчэ «Графіні Лавальер» не прачытаў: усё няма часу».
Многа яшчэ гаварыў палкоўнік пра тое, як прывесці людзей да добрабыту. Адзенне ў яго мела вялікае значэнне; ён ручаўся галавой, што калі толькі апрануць палавіну рускіх мужыкоў у нямецкія штаны, — навукі ўзвысяцца, гандаль ўздымецца, і залаты век надыйдзе ў Расіі.
Чычыкаў слухаў-слухаў, гледзячы яму пільна ў вочы, і нарэшце сказаў: «з гэтым, здаецца, саромецца няма чаго»; і тут-жа абвясціў, што так і так, ёсць патрэба вось у якіх душах, са складаннем такіх вось крэпасцей і ўсіх абрадаў.
«Наколькі магу бачыць з вашых слоў», сказаў палкоўнік, ніяк не збянтэжыўшыся: «гэта просьба, ці не так?»
«Сапраўды, так».
«У такім выпадку выкладзіце яе пісьмова. Просьба пойдзе ў кантору для прыёму рапартоў і данясенняў. Кантора, адзначыўшы, перашле яе да мяне; ад мяне пойдзе яна ў камітэт сельскіх спраў; адтуль пасля таго як будуць зроблены выпраўкі, да кіраўніка. Кіраўнік сумесна з сакратаром...»
«Злітуйцеся!» ускрыкнуў Чычыкаў: «так-жа зацягнецца бог ведае! Ды і як-жа трактаваць пра гэта пісьмова? Гэта-ж такога роду справа... Душы-ж некаторым чынам... мёртвыя».
«Вельмі добра. Вы так і напішыце, што душы некаторым чынам мёртвыя».
«Але-ж як-жа—мёртвыя? Гэтак-жа нельга напісаць. Яны хоць і мёртвыя але трэба, каб здавалася, нібыта жывыя».
«Добра. Вы так і напішыце: але трэба, патрабуецца, жадаецца, неабходна, каб здавалася, нібыта жывыя. Без папяровага афармлення нельга гэтага зрабіць. Прыклад — Англія і нават сам Напалеон. Я вам дам камісіянера, які вас правядзе па ўсіх месцах».
Ён ударыў у званок. З’явіўся нейкі чалавек.
«Сакратар! Паклічце да мяне камісіянера!» З’явіўся камісіянер, нейкі ці то мужык, ці то чыноўнік. «Вось ён вас правядзе па найпатрэбнейшых месцах».
Што было рабіць з палкоўнікам? Чычыкаў вырашыў, з цікаўнасці, пайсці з камісіянерам агледзець усе гэтыя найпатрэбнейшыя месцы. Кантора падачы рапартоў існавала толькі на шыльдзе і дзверы былі замкнуты. Кіраўнік яе спраў Хрулёў быў пераведзены ў новаствораны камітэт сельскіх пабудоў. Месца яго заняў камердынер Беразоўскі; але ён таксама быў кудысьці адкамандыраваны камісіяй пабудовы. Памкнуліся яны ў дэпартамент сельскіх спраў—там пераробка; пабудзілі нейкага п’янага, але не дабіліся ад яго ніякага толку. «У нас бязладдзе», сказаў нарэшце Чычыкаву камісіянер. «Пана за нос водзяць. Усім у нас кіруе камісія пабудоў: адрывае ўсіх ад справы, пасылае, куды хоча. Толькі і выгадна ў нас, што ў камісіі пабудовы». Ён, як відаць, быў нездаволены камісіяй пабудовы. Далей Чычыкаў не хацеў і глядзець. Прышоўшы, расказаў палкоўніку, што так і так, што ў яго каша і ніякага толку нельга дабіцца, і камісіі падачы рапартоў і зусім няма.
Палкоўнік ускіпеў высокародным абурэннем, моцна паціснуўшы руку Чычыкаву, у знак удзячнасці. Тут-жа, схапіўшы паперу і пяро, напісаў восем надзвычай строгіх запытанняў: на якой падставе камісія пабудовы самаўпраўна распарадзілася з непадначаленымі ёй чыноўнікамі? як мог дапусціць галоўны кіраўнік, каб старшыня, не здаўшы свайго паста, накіраваўся на следства? і як мог абыякава глядзець спакойна камітэт сельскіх спраў, што нават не існуе кантора падачы рапартоў і данясенняў?
«Ну, пойдзе мітусня!» падумаў Чычыкаў, і хацеў ужо ад’язджаць.
«Не, я вас не адпушчу. Цяпер ужо асабістае маё чэсталюбства закранута. Я давяду, што значыць арганічнае, правільнае наладжванне гаспадаркі. Я даручу вашу справу такому чалавеку, які адзін варты ўсіх: скончыў універсітэцкі курс. Вось якія ў мяне прыгонныя людзі! Каб не траціць дарагога часу, пакорна прашу пасядзець у мяне ў бібліятэцы», сказаў палкоўнік, адчыняючы бакавыя дзверы. «Тут кнігі, папера, пёры, алоўкі, усё. Карыстайцеся, карыстайцеся ўсім: вы—пан. Асвета павінна быць адкрыта ўсім».