Выбрать главу

Так гаварыў Кашкароў, увёўшы яго ў кнігасховішча. Гэта быў велізарнейшы зал, знізу да верху застаўлены кнігамі. Былі там нават і чучалы жывёл. Кнігі па ўсіх галінах, па галіне лесагадоўлі, жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, садоўніцтва; спецыяльныя часопісы — па ўсіх галінах, якія толькі рассылаюцца з абавязку падпіскі, але ніхто іх не чытае. Бачачы, што ўсё гэта былі кнігі не для прыемнага праводжання часу, ён звярнуўся да другой шафы — з агню ў полымя: усё кнігі філасофскія. Шэсць велізарных тамішчаў сталі перад яго вачамі, пад назвай: «Падрыхтоўчы ўступ у вобласць мышлення. Тэорыя агульнасці, сукупнасці, сутнасці, і ў дапасаванні да ўразумення арганічных пачаткаў узаемнага раздваення грамадскай прадукцыйнасці». Якую ні разгортваў кнігу Чычыкаў, на кожнай старонцы, — праяўленне, развіццё, абстракт, замкнёнасць і самкнёнасць, і чорт ведае, чаго там не было! «Гэта не па мне», сказаў Чычыкаў, і звярнуўся да трэцяй шафы, дзе былі кнігі з галіны мастацтва. Тут выцягнуў нейкую велізарную кнігу з няскромнымі міфалагічнымі малюнкамі і пачаў іх разглядаць. Такога роду малюнкі падабаюцца халасцякам сярэдніх год, а часам і тым дзядулям, якія падбадзёрваюць сябе балетамі і іншымі пранасцямі. Скончыўшы разгляданне адной кнігі, выцягнуў быў ужо і другую такога-ж парадку, як з’явіўся палкоўнік Кашкароў, са ззяючым выглядам і паперай.

«Усё зроблена, і зроблена выдатна! Чалавек, пра якога я вам гаварыў, зусім геній. За гэта я пастаўлю яго вышэй за ўсіх і для яго аднаго ствару цэлы дэпартамент. Вы гляньце, якая светлая галава і як за некалькі хвілін ён вырашыў усё»

«Ну, дзякуй табе, божа!» падумаў Чычыкаў і падрыхтаваўся слухаць. Палкоўнік пачаў чытаць:

«Распачынаючы абдумванне ўскладзеных на мяне вашым высокароддзем даручэнняў, маю гонар гэтым данесці на онае:

«І-е. У самой просьбе пана калежскага саветніка і кавалера Паўла Іванавіча Чычыкава ўжо змяшчаецца недарэчнасць, бо неасцярожным чынам рэвізскія душы названы памёршымі. Пад гэтым, магчыма, яны мелі ласку разумець блізкіх да смерці, а не памёршых. Дый сама такая назва паказвае ўжо вывучэнне навук эмпірычнае [102], якое, мусіць, абмежавалася прыходскім вучылішчам, бо душа несмяротна».

«Шэльма!», сказаў, спыніўшыся, Кашкароў з самазадаволеннем: «Тут ён крышку ўкалоў вас. Але прызнайцеся, якое спрытнае пяро!»

«Па ІІ-е, ніякіх незакладзеных рэвізскіх, не толькі блізкіх да смерці, але і ўсякіх іншых, па маёнтку няма, бо ўсе разам не толькі закладзены без выключэння, але і перазакладзены, з дадаткам па паўтараста рублёў на душу, апрача невялікай вёсачкі Гурмайлаўкі, якая знаходзіцца ў спрэчным становішчы, з прычыны судовай справы з памешчыкам Прэдышчэвым і ў выніку гэтага пад забаронай, аб чым абвешчана ў 42 нумары «Московских Ведомостей».

«Дык чаму-ж вы мне гэтага не абвясцілі раней? Навошта праз глупства трымалі? сказаў усердзіўшыся Чычыкаў.

«Так! ды трэба-ж было, каб усё гэта вы ўбачылі праз папяровае афармленне. Гэтак не штука. Несвядома можа і дурань убачыць, але трэба свядома».

Узлаваны, схапіўшы шапку, Чычыкаў — бягом з дому, абмінаючы правіла прыстойнасці, ды ў дзверы: ён быў сярдзіты. Фурман стаяў з пралёткай напагатове, ведаў, што коней няма чаго адпрагаць, бо каб накарміць іх, спатрэбілася-б пісьмовая просьба, і рэзалюцыя выдаць авёс коням вышла-б толькі на другі дзень. Палкоўнік аднак-жа, выбег: ён сілком паціснуў яму руку, прыціснуў яе да сэрца і дзякаваў яго за тое, што ён даў яму выпадак ўбачыць, як сапраўды ідуць справы; што даць чосу і падварушыць трэба абавязкова, бо ўсё можа задрамаць і пружыны кіравання заіржавеюць і аслабнуць; што, з прычыны гэтага здарэння, прышла яму шчаслівая думка — стварыць новую камісію, якая будзе называцца камісія назірання за камісіяй пабудовы, так што ўжо тады ніхто не адважыцца ўкрасці.

Чычыкаў прыехаў сярдзіты і незадаволены, позна, калі ўжо даўно гарэлі свечкі.

«Што гэта вы так запазніліся?» сказаў Кастанжогла, калі ён з’явіўся ў дзвярах.

«Пра што вы гэта так доўга з ім гутарылі?» сказаў Платонаў.

«Такога дурня я яшчэ зроду не бачыў», сказаў Чычыкаў.

«Гэта яшчэ нічога», сказаў Кастанжогла. «Кашкароў — суцяшальнае з’явішча. Ён патрэбны таму, што ў ім адлюстроўваюцца карыкатурна і прыкметней глупствы ўсіх нашых разумнікаў, якія, не ўведаўшы раней свайго, набіраюцца дурнаты на чужыне. Вось якія памешчыкі цяпер з’явіліся: завялі і канторы, і мануфактуры, і школы, і камісію, і чорт іх ведае, чаго не завялі! Вось якавы гэтыя разумнікі! Былі паправіліся, пасля француза дванаццатага года, дык вось цяпер усё давай. разладжваць наноў. Горш-жа за француза разладзілі, так што цяпер які-небудзь Пётр Пятровіч Пятух яшчэ добры памешчык».

вернуться

102

Якое грунтуецда на вопыце.