«Для мяне дзіўней за ўсё, як пры разумным кіраванні, з рэшткаў, з абрэзкаў атрымліваецца і кожная дрэнь дае прыбытак».
«Гм! палітычныя эканомы!» гаварыў Кастанжогла, не слухаючы яго, з выразам зласлівага сарказма на твары. «Што тыя палітычныя эканомы! Дурань на дурні сядзіць і дурнем паганяе — далей свайго дурнога носа не бачаць! Асёл, а яшчэ ўзлезе на кафедру, уздзене акуляры... Дурні!» і ў гневе ён плюнуў.
«Усё гэта так і ўсё справядліва, толькі калі ласка не злуйся», сказала жонка: «як быццам нельга гаварыць аб гэтым, не трацячы вытрымкі».
«Слухаючы вас, паважанейшы Канстанцін Фёдаравіч, паглыбляешся, так сказаць, у сэнс жыцця, мацаеш самое ядро справы. Але, пакінуўшы агульналюдскае, дазвольце звярнуць увагу на прыватнае. Калі-б, скажам, зрабіўшыся памешчыкам, прышла мне думка за нядоўгі час разбагацець так, каб тым, так сказаць, выканаць істотны абавязак грамадзяніна, дык якім чынам, як зрабіць?»
«Як зрабіць, каб разбагацець?» падхапіў Кастанжогла. «А вось як...»
«Пойдзем вячэраць», сказала гаспадыня, падняўшыся з канапы, і выступіла на сярэдзіну пакоя, захутваючы ў шаль маладыя, празябшыя свае члены.
Чычыкаў падхапіўся з крэсла са спрытам амаль ваеннага чалавека, каромыслам падставіў ёй руку, і павёў яе парадна цераз два пакоі ў сталовую, дзе ўжо на стале стаяла супавая міска і, пазбаўленая накрыўкі, разлівала прыемную пахкасць супу, насычанага свежай зелянінай і першым карэннем вясны. Усе селі за стол. Слугі, жвава паставілі на стол усе стравы разам, у закрытых соусніках, і ўсё што трэба, і зараз-жа вышлі: Кастанжогла не любіў, каб лакеі слухалі панскія размовы, а яшчэ больш, каб глядзелі яму ў рот, калі ён есць.
Насёрбаўшыся супу і выпіўшы чарку нейкага выдатнага пітва, падобнага да венгерскага, Чычыкаў сказаў гаспадару так: «Дазвольце, паважанейшы, зноў вярнуць вас да прадмета спыненай размовы. Я пытаў вас пра тое, як быць, як зрабіць, як лепш узяцца» [103].
... «Маёнтак, за які калі-б ён запрасіў і 40 тысяч, я яму зараз-жа адлічыў-бы».
«Гм!» Чычыкаў задумаўся: «А чаму-ж вы самі», прамовіў ён з некаторай нясмеласцю: «не купляеце яго?»
«Ды, трэба ведаць нарэшце межы. У мяне і апрача таго многа клопату каля сваіх маёнткаў. Да таго-ж у нас дваране і так ужо крычаць на мяне, быццам я, карыстаючыся з крайнасцей і са збяднелага іх становішча, скупляю зямлю за бесцань. Гэта мне ўжо нарэшце надакучыла».
«Як наогул людзі здольны да зласлоўнасці!» сказаў Чычыкаў.
«А ўжо як у нашай губерні, — не можаце сабе ўявіць: мяне інакш і не называюць, як сквалыгам і скнарай першай ступені. Сабе яны ўсё прабачаюць. «Я», кажа «вядома ўсё прашэйгаў, але таму, што жыў вышэйшымі патрэбамі жыцця, заахвочваў прамыслоўцаў [шэльмаў, гэта значыць, якія тру...]; а гэтак, бадай што, можна пражыць свіннёй, як Кастанжогла».
«Хацеў-бы я быць такой свіннёй!» сказаў Чычыкаў.
«I лухта. Якія вышэйшыя патрэбы? Каго яны ашукваюць? Кнігі хоць ён і завядзе, але-ж іх не чытае. Справа скончыцца картамі ды... I ўсё таму, што не наладжваю абедаў ды не пазычаю ім грошай. Абедаў я таму не наладжваю, што гэта мяне-б абцяжвала: я да гэтага не прывык. А прыязджай да мяне есці тое, што я ем, — калі ласка, просім. Не пазычаю грошай — гэта глупства. Прыязджай да мяне той, каму сапраўды патрэбны, ды раскажы мне грунтоўна, які ўжытак ты дасі маім грашам: калі я ўбачу з тваіх слоў, што ты скарыстаеш іх разумна і грошы прынясуць табе відавочны прыбытак, — я табе не адмоўлю і не вазьму нават процантаў».
«Гэта, аднак-жа, трэба прыняць да ведама», падумаў Чычыкаў.
«I ніколі не адмоўлю», гаварыў далей Кастанжогла. «Але кідаць грошы на вецер я не буду. Няхай ужо мне гэта прабачаць! Чорт вазьмі! Ён ладзіць там які-небудзь абед для каханкі, або з шалёнай раскошай прыбірае мэбляй дом, ці з распусніцай у маскарад, юбілей там які-небудзь у памяць таго, што ён марна пражыў на свеце, а яму грошы пазычай!»
Тут Кастанжогла плюнуў і ледзь-ледзь не сказаў некалькі непрыстойных і брыдкіх слоў у прысутнасці жонкі. Суровы цень цёмнай іпахондрыі сцьмяніў яго твар. Уздоўж ілба і ўпоперак яго сабраліся зморшчкі, выкрыкваючы гнеўны рух усхваляванай жоўці.
«Дазвольце мне, глыбокапаважаны мной, вярнуць вас зноў да прадмета спыненай размовы», сказаў Чычыкаў, выпіваючы яшчэ чарку малінаўкі, якая сапраўды была выдатная. «Калі-б, скажам, я набыў той самы маёнтак, пра які вы прыгадвалі, дык за які час і як хутка можна разбагацець у такой ступені...»
103
Пасля гэтага страчана з сшытка адна чвэртка, або дзве старонкі. У першым выданні другога тома «Мёртвых душ» С. П. Шэвырэў зрабіў да гэтага месца такую заўвагу: «Тут у размове паміж Кастанжогла і Чычыкавым пропуск. Трэба думаць, што Кастанжогла прапанаваў Чычыкаву набыць пакупкай маёнтак суседа яго, памешчыка Хлабуева».