Выбрать главу

«Калі вы хочаце», падхапіў сурова і адрывіста Кастанжогла, апанаваны благім настроем, «разбагацець хутка, дык вы ніколі не разбагацееце; калі-ж хочаце разбагацець, не пытаючыся пра тэрмін, дык разбагацееце хутка».

«Вось яно як!» сказаў Чычыкаў.

«Так», сказаў Кастанжогла адрывіста, нібы сапраўды ён злаваў на самога Чычыкава: «патрэбна мець любоў да працы: без гэтага нічога нельга зрабіць. Трэба палюбіць гаспадарку, — так! I паверце, гэта зусім не нудна. Выдумалі, што ў вёсцы нуда... ды я памёр-бы ад нуды, калі-б хоць адзін дзень правёў у горадзе так, як праводзяць яны ў гэтых бязглуздых сваіх клубах, тракцірах, ды тэатрах. Дурні, дурні, аслінае пакаленне! Гаспадару нельга, няма часу нудзіцца. У жыцці яго і на поўвяршка няма пустаты — усё паўната. Адна гэта рознастайнасць заняткаў, і прытым якіх заняткаў! — заняткаў, ісцінна ўзвышаючых дух. Як-бы там ні было, але-ж тут чалавек ідзе поруч з прыродай, з порамі года, саўдзельнік і суразмоўнік усяго, што адбываецца ў тварэнні. Разгледзьце вось кругавы год працы: як, яшчэ раней, чым надыйдзе вясна, усё ўжо напагатове, і чакае яе: падрыхтоўка насення, пераборка, перамерка ў свірнах збожжа і перасушка; устаноўка новых цяглаў [104]. Усё аглядаецца раней і ўсё разлічваецца напачатку. А як паломіцца лёд ды пойдуць рэкі, ды высахне ўсё і пойдзе ўскопвацца зямля — у гародах і садах працуе рыдлёўка, на палях саха і бароны; пасадка, сяўба і засевы. Ці разумееце, што гэта? Дробязь! будучы ўраджай сеюць! Вялікае шчасце ўсёй зямлі сеюць! Харчаванне мільёнаў сеюць! Надыйшло лета... А тут касьба, касьба... І вось закіпела раптам жніво; за жытам пайшло жыта, а там пшаніца, а там і ячмень, і авёс. Усё кіпіць; нельга прапусціць хвіліны; хоць дваццаць вачэй май, усім ім работа. А як адсвяткуецца ўсё, ды пойдзе звозіцца ў гумны, складацца ў сцірты, ды ворыва на зіму, ды падлада свірнаў да зімы, гумнаў, двароў для жывёлы і ў той-жа час усе бабскія работы, ды падаб’еш усяму вынікі і ўбачыш, што зроблена, — ды гэта-ж... А зіма!.. Малацьба ва ўсіх гумнах; перавозка перамалочанага збожжа з гумнаў у свірны. Ідзеш у млын, ідзеш і на фабрыкі, ідзеш зірнуць і на рабочы двор, ідзеш і да мужыка, як ён там на сябе завіхаецца. Ды для мяне, проста, калі цясляр добра валодае тапаром, я дзве гадзіны гатоў прастаяць перад ім: так весяліць мяне работа. А калі бачыш яшчэ, што ўсё гэта з нейкай мэтай творыцца, як навокал цябе ўсё намнажаецца ды намнажаецца, прыносячы плён ды прыбытак, — ды я і расказаць не магу, што тады ў табе робіцца. I не таму, што растуць грошы, — грошы грашамі, але таму, што ўсё гэта справа рук тваіх; таму што бачыш, як ты ўсяму прычына, ты тварэц, і ад цябе, як ад якога-небудзь чарадзея, сыплецца дастатак і дабро на ўсё. Ды дзе вы знойдзеце мне роўную асалоду?» сказаў Кастанжогла, і твар яго прыўзняўся ўгору, зморшчкі зніклі. Як цар, у дзень урачыстага вянчання свайго, ззяў ён увесь, і, здавалася, нібы праменне выходзіла з яго твару. «Так, у цэлым свеце не адшукаеце вы падобнай асалоды! Тут іменна наслядуе богу чалавек: бог узяў сабе справу тварэння, як вышэйшую з усіх асалод, і патрабуе ад чалавека таксама, каб ён быў падобным тварцом благадзенства навокал сябе. I гэта называюць нуднай справай!»

Як спеву райскай птушкі, заслухаўся Чычыкаў салодкагучнай гаспадаровай гутаркі. Глыталі слінкі яго вусны. Самыя вочы зрабіліся масляністымі і мелі салодкі выраз, і ўсё-б ён слухаў.

«Канстанцін! пара ўставаць», сказала гаспадыня, прыўзняўшыся з крэсла. Усе ўсталі. Падставіўшы руку каромыслам, павёў Чычыкаў зноў гаспадыню, але ўжо нехапала спрыту ў яго рухах, таму што думкі былі заняты істотнымі абаротамі.

«Што ні расказвай, а ўсё, аднак-жа, нудна», гаварыў, ідучы ззаду іх, Платонаў.

«Госць не дурны чалавек», думаў гаспадар: «уважлівы, сталы ў словах і не пстрыкун». I падумаўшы так, стаў ён яшчэ весялейшы, як быццам сам разагрэўся ад сваёй гутаркі, і як быццам святкуючы, што адшукаў чалавека, які ўмее слухаць разумныя парады.

Калі потым змясціліся яны ўсе ва ўтульным пакоі, які быў азароны свечкамі, насупраць балкона і шкляных дзвярэй у сад, і глядзелі да іх адтуль зоры, якія блішчалі над верхавінамі заснуўшага сада,— Чычыкаву зрабілася так прытульна, як не было даўно: быццам пасля доўгай вандроўкі прыняў ужо яго родны дах і, дасягнуўшы ўсяго, ён ужо атрымаў усё, што жадалася і кінуў вандроўніцкі кій, сказаўшы: «досыць!» Такі чароўны настрой навяла яму на душу разумная гутарка гасціннага гаспадара. Ёсць для кожнага чалавека такія размовы, якія быццам бліжэй і радней яму ад усякіх іншых размоў. I часта нечакана, у глухой, забытай глушы, на бязлюдным бязлюддзі, сустрэнеш чалавека, саграваючая гутарка якога прымусіць забыць цябе і бездарожжа дарогі, і беспрытульнасць начлегаў, і бязладнасць сучаснага шуму, і манлівасць падманаў, што ашукваюць чалавека. I яскрава ўрэжацца, раз назаўсёды і навекі, праведзены такім чынам вечар, і ўсё ўтрымае верная памяць: і хто прысутнічаў, і хто на якім месцы сядзеў, і што было ў руках яго, — сцены, куткі і розную драбязу.

вернуться

104

Сялянская сям’я, якая прымалася за рабочую адзінку (размяркоўваліся абавязкі па «цяглах»).