Так і Чычыкаву прыкмецілася ў той вечар усё: і гэты прыемны, проста прыбраны пакой, і дабрадушны выраз, які панаваў на твары разумнага гаспадара, але нават і рысунак шпалераў... і паданая Платонаву люлька з бурштынавым цыбуком, і дым, які ён пачаў пускаць у таўстую морду Ярбу, і порсканне Ярба, і смех мілавіднай гаспадыні, што перапыняўся словамі: «досыць, не муч яго», і вясёлыя свечкі, і цвыркун у кутку, і шкляныя дзверы, і вясновая ноч, якая глядзела да іх адтуль, абапёршыся на верхавіны дрэў, асыпаная зорамі, напоўненая спевамі салаўёў, якія гучна высвіствалі з глыбіні зялёналістых гушчараў.
«Салодка мне чуць вашу размову, глыбокапаважаны мой Канстанцін Фёдаравіч!» сказаў Чычыкаў. «Магу сказаць, што не сустракаў ва ўсёй Расіі чалавека, розумам падобнага да вас».
Ён усміхнуўся. Ён сам адчуваў, што не няшчырымі былі гэтыя словы. «Не, ужо калі хочаце ведаць разумнага чалавека, дык у нас сапраўды ёсць адзін, пра якога сапраўды можна сказаць — разумны чалавек, якога я і падноска не варт».
«Хто-ж бы такі мог быць?» са здзіўленнем запытаў Чычыкаў.
«Гэта наш адкупшчык Муразаў».
«Другі ўжо раз пра яго чую!» ускрыкнуў Чычыкаў.
«Гэта чалавек, які не толькі маёнткам памешчыка, цэлай дзяржавай пакіруе. Каб была ў мяне дзяржава, я яго зараз-жа зрабіў-бы міністрам фінансаў».
«І, кажуць, чалавек, які перавышае меру ўсякай верагоднасці: дзесяць мільёнаў, кажуць, нажыў».
«Якое дзесяць! пераваліла за сорак. Хутка палавіна Расіі будзе ў яго руках».
«Што вы кажаце!» ускрыкнуў Чычыкаў, вылупіўшы вочы і разявіўшы рот.
«Абавязкова. Гэта зразумела. Павольна багацее той, у каго якія-небудзь сотні тысяч; а ў каго мільёны, у таго радыус вялікі: што ні захопіць, дык удвая і ўтрая супроць сябе самога: поле вось, поле дзейнасці надта прасторнае. Тут ужо і супернікаў няма. З ім няма каму цягацца. Якую цану чаму не назначыць, такая і застанецца: няма каму перабіць».
«Госпадзі ты, божа мой!» прамовіў Чычыкаў, перахрысціўшыся. Глядзеў Чычыкаў у вочы Кастанжогла — захапіла дух у грудзях яму. «Розумам не ахапіць! Камянее думка ад страху! Здзіўляюцца мудрасці промысла, разглядаючы казюльку: для мяне больш здзіўляюча тое, што ў руках смяротнага могуць абарочвацца такія велізарныя сумы. Дазвольце запытаць адносна некаторых акалічнасцей: скажыце, гэта-ж, зразумела, спачатку набыта не без граху?»
«Самым бездакорным шляхам і самымі справядлівымі сродкамі».
«Не паверу! Неверагодна! Калі-б тысячы, але мільёны...»
«Наадварот, тысячы цяжка без граху, а мільёны нажываюцца лёгка. Мільёншчыку няма чаго звяртацца да ўскосных шляхоў: простай дарогай так і ідзі, усё бяры, што ні ляжыць перад табой. Іншы не падыме: не кожнаму пад сілу, — няма супернікаў. Радыус вялікі; кажу: што ні захопіць — удвая або ўтрая супроць... А з тысячы што—дзесяты, дваццаты процант».
«I што найбольш непасцігальна — што справа-ж пачалася з капейкі».
«Ды інакш і не бывае. Гэта законны парадак рэчаў», сказаў Кастанжогла. «Хто нарадзіўся з тысячамі, выхаваўся на тысячах, той ужо не набудзе, у таго ўжо завялася і прыхамаць, і ці мала чаго няма! Пачынаць трэба з пачатку, а не з сярэдзіны, — з капейкі, а не з рубля, — знізу, а не зверху: тут толькі добра ўведаеш людзей і побыт, паміж якіх прыдзецца потым выкручвацца. Як выцерпіш на ўласнай скуры тое ды іншае, ды як уведаеш, што кожная капейка алтынным [105] цвіком прыбіта, ды як пяройдзеш праз усе мытарствы, — тады дасведчышся і вымуштруешся [так], што не прамахнешся ні ў якім пачынанні не абарвешся. Паверце, гэта праўда. З пачатку трэба пачынаць, а не з сярэдзіны. Хто кажа мне: «Дайце мне 100 тысяч — я зараз разбагацею», я таму не паверу: ён б’е наўдачу, а не напэўна. З капейкі трэба пачынаць».
«У такім выпадку я разбагацею», сказаў Чычыкаў, мімаволі падумаўшы пра мёртвыя душы: «бо сапраўды пачынаю з нічога».
«Канстанцін, час даць Паўлу Іванавічу адпачыць і паспаць», сказала гаспадыня: «а ты ўсё балбочаш».
«I абавязкова разбагацееце», сказаў Кастанжогла, не слухаючы гаспадыні. «Да вас пацякуць рэкі, рэкі золата. Не будзеце ведаць, куды падзець прыбыткі».