«I ні-ні! не пушчу!» сказаў Наздроў.
«Не, не крыўдзі мяне, дружа мой, дапраўды, паеду», гаварыў швагер: «ты мяне вельмі пакрыўдзіш».
«Глупства, глупства! Мы наладзім зараз-жа банчышку».
«Не, наладжвай, брат, сам, а я не магу, жонка будзе ў вялікай прэтэнзіі, дапраўды; я павінен ёй расказаць пра кірмаш. Трэба, брат, дапраўды, трэба зрабіць ёй прыемнасць. Не, ты не трымай мяне!»
«Ну яе, жонку к!.. важную, падумаеш, справу будзеце рабіць разам!»
«Не, брат! яна такая паважная і верная! Паслугі робіць такія... паверыш? у мяне слёзы на вачах. Не, ты не трымай мяне; як сумленны чалавек, паеду. Я цябе ў гэтым запэўняю, праўду кажучы, ад душы».
«Няхай сабе едзе: што за карысць з яго!» сказаў ціха Чычыкаў Наздрову.
«А і праўда!» сказаў Наздроў: «страх, як не люблю такіх расцяп!» і дадаў голасна: «ну, чорт цябе бяры, едзь бабіцца з жонкай, фецюк!» [28]
«Не, брат, ты не лай мяне фецюком», адказаў швагер: «я ёй жыццём абавязан. Такая, сапраўды, добрая, мілая, так лашчыць мяне... да слёз разбірае; запытае, што бачыў на кірмашы, трэба ўсё расказаць, такая, дапраўды, мілая».
«Ну, едзь, пляці ёй лухту! Вось шапка твая».
«Не, брат, табе зусім не трэба аб ёй так гаварыць; гэтым ты, можна сказаць, мяне самога крыўдзіш, яна такая мілая».
«Ну, дык і падавайся да яе хутчэй!»
«Так, брат, паеду, выбачай, што не магу застацца. Душой рад-бы быў, але не магу». Швагер яшчэ доўга паўтараў свае выбачэнні, не заўважаючы, што сам ужо даўно сядзеў у брычцы, даўно выехаў за вароты, і перад ім даўно былі адны пустыя палі. Трэба думаць, што жонка не шмат чула падрабязнасцей пра кірмаш.
«Такая дрэнь!» гаварыў Наздроў, стоячы перад акном і гледзячы на ад’язджаючы экіпаж. «Вунь як пацягнуўся! Конік прысцяжны не дрэнны, я даўно хацеў падчапіць яго. Ды з ім-жа нельга ніяк сыйсціся. Фецюк, проста фецюк!»
Пасля пайшлі яны ў пакой. Парфірый падаў свечкі, і Чычыкаў заўважыў у руках гаспадара калоду карт, якая невядома адкуль узялася.
«А што, брат», гаварыў Наздроў, прыціснуўшы бакі калоды пальцамі і крыху пагнуўшы яе, так што трэснула і адскочыла паперка. «Ну, каб правесці час, трымаю трыста рублёў банку!»
Але Чычыкаў прыкінуўся, як быццам і не чуе, пра што ідзе гаворка, і сказаў, як быццам раптам успомніўшы: «А! каб не забыцца: у мяне да цябе просьба».
28
Фецюк — слова крыўднае для мужчыны, паходзіць ад фіты, літары, якую некаторыя лічаць непрыстойнай літарай. (Заўвага Гогаля.)