Выбрать главу

«Вось які дрэнны пан!» думаў сам сабе Селіфан, «я яшчэ не бачыў такога пана. Гэта значыць плюнуць-бы яму за гэта! Ты лепш чалавеку не дай есці, а каня ты павінен накарміць, бо конь любіць авёс. Гэта яго харч: што, напрыклад, нам яда, то для яго авёс, ён яго харч».

Коні таксама, здавалася, думалі нявыгадна пра Наздрова: не толькі гняды і Засядацель, але і сам пярэсты быў не ў настроі. Хоць на яго долю і прыпадаў заўсёды авёс горшы, і Селіфан сыпаў яму ў карыта, не іначай, як сказаўшы перш: эх ты, падлюка! Але, аднак, гэта ўсё-ж быў авёс, а не простае сена, ён жаваў яго з прыемнасцю і часта запускаў доўгую морду сваю ў карытцы да таварышоў, пакаштаваць, які ў іх быў харч, асабліва, калі Селіфана не было ў стайні, але цяпер адно сена: нядобра; усе былі незадаволены.

Але хутка ўсе незадаволеныя былі спынены сярод выказванняў сваіх раптоўным і зусім нечаканым чынам. Усе, не выключаючы і самога фурмана, апамяталіся і ачухаліся толькі тады, калі на іх наляцела каляска з шасцерыком коней, і амаль над галовамі іх пачуліся крыкі дам, што сядзелі ў калясцы, лаянка і пагрозы чужога фурмана: «Ах ты, шэльма гэтакі; я-ж крычаў табе ўголас: зварочвай, варона, направа! П’яны ты, ці што?» Селіфан адчуў свой промах, але паколькі рускі чалавек не любіць прызнацца перад другім, што ён вінаваты, дык тут-жа вымавіў ён, зрабіўшы важны выгляд: «А ты што так разляцеўся? Вочы свае ў карчме залажыў, ці што?» Услед за гэтым ён узяўся асаджваць назад брычку, каб вызваліцца такім чынам з чужой збруі, але не так лёгка гэта было зрабіць, усё пераблыталася. Пярэсты з цікавасцю абнюхваў новых сваіх прыяцеляў, якія апынуліся па абодвух баках яго. Тымчасам дамы, што сядзелі ў калясцы, глядзелі на ўсё гэта з выразам страху на тварах. Адна была старая; другая маладзенькая, шаснаццацігадовая, з залацістымі валасамі, надта ўдала і міла прыгладжанымі на невялікай галоўцы. Прыгожанькі авал твару яе кругліўся, як свежанькае яечка, і, падобна яму, бялеў нейкай празрыстай белізною, калі свежае, толькі што знесенае, яно трымаецца супроць сонца ў смуглявых руках выпрабоўваючай яго ключніцы і прапускае праз сябе праменні ззяючага сонца; яе тоненькія вушкі таксама прасвечвалі, ружавеючы ад цёплага святла, якое праходзіла праз іх. Пры гэтым спалох у адкрытых, застыглых вуснах, на вачах слёзы — усё гэта ў ёй было так міла, што герой наш глядзеў на яе некалькі хвілін, не звяртаючы ніякай увагі на тузаніну, якая адбылася паміж коньмі і фурманамі. «Асаджвай, ці што, ніжагародская варона!» крычаў чужы фурман. Селіфан пацягнуў лейцы назад, чужы фурман зрабіў тое-ж самае, коні крыху падаліся назад і потым зноў збіліся, пераступіўшы пастронкі. Пры гэтай акалічнасці пярэстаму каню так спадабалася новае знаёмства, што ён ніяк не хацеў выхадзіць з каляіны, у якую трапіў непрадбачаным чынам, і, паклаўшы сваю морду на шыю свайго новага прыяцеля, здавалася, штосьці нашэптваў яму ў самае вуха, мусібыць, страшэнную лухту, бо прыезджы безупынна трос вушамі.

На такую сумятню паспелі, аднак-жа, сабрацца мужыкі з вёскі, якая была, на шчасце, недалёка. Паколькі такое відовішча для мужыка сапраўднае задавальненне, усёроўна, што для немца газеты, або клуб, дык хутка каля экіпажа сабралася іх безліч, і ў вёсцы засталіся толькі старыя бабы ды малыя дзеці. Пастронкі адвязалі; некалькі штуршкоў пярэстаму каню ў морду змусілі яго падацца назад; словам іх разблыталі і развялі. Але ці дакука, якую адчулі прыезджыя коні праз тое, што разлучылі іх з прыяцелямі, ці проста дурасць, толькі, колькі ні сцёбаў іх фурман, яны не краталіся і стаялі, як укопаныя. Удзел мужыкоў узрос да неймавернай ступені. Яны адзін перад адным соваліся з парадай: «Ідзі, Андрушка, правядзі ты прысцяжнога, што з правага боку, а дзядзька Міцяй няхай сядзе верхам на караннога! Садзіся, дзядзька Міцяй!» Сухарлявы і доўгі дзядзька Міцяй з рыжай барадой узлез на караннога каня і зрабіўся падобным да вясковае званіцы ці, лепш, да кручка, якім дастаюць ваду са студні. Фурман ударыў па конях, але не на тое ішло, нічога не дапамог і дзядзька Міцяй. «Стой, стой!» крычалі мужыкі: садзіся ты, дзядзька Міцяй, на прысцяжнога, а на караннога няхай сядзе дзядзька Міняй!» Дзядзька Міняй, шырокаплечы мужык з чорнаю, як вугаль, барадою і жыватом, падобным да таго велізарнага самавара, дзе варыцца збіцень для ўсяго азяблага рынка, ахвотна сеў на караннога, які ледзь не прыгнуўся лад ім да зямлі. «Цяпер справа пойдзе!» крычалі мужыкі. «Наярвай, наярвай яго, прышпандор пугаю вунь таго, таго буланага, што ён раскірэчваецца, як карамора?» [29]Але ўбачыўшы, што справа не ішла і не дапамагло ніякае наярванне, дзядзька Міцяй і дзядзька Міняй селі абодва на караннога, а на прысцяжнога пасадзілі Андрушку. Нарэшце, фурман, страціўшы цярплівасць, прагнаў і дзядзьку Міцяя і дзядзьку Міняя, і добра зрабіў, бо ад коней пайшла такая пара, як быццам яны праімчалі адным духам станцыю. Ён даў ім хвіліну адпачыць, пасля чаго яны пайшлі самі сабой. На працягу ўсёй гэтай мітусяніны Чычыкаў глядзеў вельмі ўважліва на маладзенькую незнаёмую. Ён хацеў некалькі разоў з ёю загаварыць, але так неяк не давялося. А тым часам дамы паехалі, прыгожанькая галоўка з тоненькімі рысамі твару і тоненькім станам знікла, як нешта падобнае да здані, і зноў засталася — дарога, брычка, тройка знаёмых чытачу коней, Селіфан, Чычыкаў, гладзь і пустата навакольных палёў. Усюды, дзе-б ні было ў жыцці, ці сярод чорствых, шурпата-бедных і неахайна-пляснеючых ніжэйшых радоў яго, ці сярод аднастайна-халодных і нудна-ахайных саслоўяў вышэйшых, усюды хоць раз сустрэнецца на шляху чалавеку з’ява, не падобная да ўсяго таго, што здаралася яму бачыць дагэтуль, якая хоць раз абудзіць у ім пачуццё, не падобнае да тых, якія суджана яму адчуваць усё жыццё. Усюды наўпоперак якім-бы там ні было смуткам, з якіх пляцецца жыццё наша, весела праімчыцца ззяючая радасць, як часам бліскучы экіпаж з залатой збруяй, карціннымі коньмі і ззяючым бляскам шкла, раптам нечакана пранясецца паўз якую-небудзь глухую бедную вёску, што не бачыла нічога, акрамя вясковых калёс, і доўга мужыкі стаяць, пазіраючы з разяўленымі ратам, не надзяваючы шапак, хоць ужо даўно пранёсся і знік з відавоку дзівосны экіпаж. Так і бландзінка таксама раптам зусім нечаканым чынам паказалася ў нашай аповесці і таксама знікла. Каб трапіў на той час замест Чычыкава які-небудзь дваццацігадовы юнак, ці гусар ён, ці студэнт ён, ці проста толькі што пачаўшы жыццёвы шлях, — і божа! чаго-б не прачнулася, не заварушылася, не загаварыла ў ім! Доўга-б стаяў ён абясчулены на адным месцы, утаропіўшы бяссэнсна вочы ў далечыню, забыўшы і дарогу, і ўсе вымовы, якія чакаюць наперадзе, і распяканні за спазненне, забыўшы і сябе, і службу, і свет, і ўсё, што ні ёсць на свеце.

вернуться

29

Карамора — вялікі, доўгі, вялы камар; часам залятае ён у пакой (і тырчыць дзе-небудзь адзіночкай на сцяне. Да яго спакойна можна падыйсці і схапіць яго за нагу, у адказ на што ён толькі тапырыцца і раскірэчваецца, як гаворыць народ. (Заўвага Гогаля.)