Але герой наш ужо быў сярэдніх год і асцярожна-ахалоджанага характару. Ён таксама задумаўся і думаў, але больш станоўча, не так безразважныя і нават часткова вельмі грунтоўныя былі яго думкі. «Слаўная кабетка!» сказаў ён, адчыніўшы табакерку і панюхаўшы табакі. «Але-ж, што, галоўнае, у ёй прывабна? Прывабна тое, што яна зараз толькі, як відаць, выпушчана з якога-небудзь пансіёна ці інстытута, што ў ёй, як кажуць, няма яшчэ нічога бабскага, г. зн. іменна таго, што ў іх ёсць самага непрыемнага. Яна цяпер, як дзіцянё, усё ў ёй проста, яна скажа, што ёй уздумаецца, засмяецца, дзе захоча смяяцца. З яе ўсё можна зрабіць, яна можа быць цуд, а можа выйсці і дрэнь, і выйдзе дрэнь. Вось няхай толькі за яе возьмуцца мамулькі ды цётачкі. За адзін год яе так напоўняць усякім баб’ём, што сам родны бацька не пазнае. Адкуль возьмецца і надзіманасць, і манернасць, пачне варочацца па завучаных настаўленнях, пачне ламаць галаву і прыдумляць, з кім, і як, і колькі трэба гаварыць, як на каго глядзець, кожную хвіліну будзе баяцца, каб не сказаць больш, чым трэба, заблытаецца нарэшце сама і скончыцца тым, што пачне нарэшце хлусіць усё жыццё, і выйдзе проста чорт ведае што!» Тут ён крыху памаўчаў і потым дадаў: «А цікава ведаць, з якіх яна? што, як бацька яе? ці багаты памешчык паважнага характару, ці проста добрамыслячы чалавек з капіталам, прыдбаным на службе? Бо калі, скажам, гэтай дзяўчыне ды даць тысячонак дзвесце пасагу, з яе мог-бы выйсці вёльмі-вельмі ласы кавалачак. Гэта магло-б скласці, так сказаць, шчасце прыстойнага чалавека». Дзвесце тысячонак пачалі так прывабна малявацца ў галаве яго, што ён унутрана пачаў сердаваць на самога сябе, чаму на працягу важданіны каля экіпажаў не разведаў ад фарэйтара, або фурмана, хто такія былі праезджыя. Хутка аднак-жа паказалася вёска Сабакевіча, якая рассеяла яго думкі і прымусіла іх звярнуцца да свайго заўсёднага прадмета.
Вёска здалася яму даволі вялікай, два лясы, бярозавы і сасновы, як два крылы, адно цямней, другое святлей, былі ў ей з правага і левага боку, пасярэдзіне відаць быў драўляны дом з мезанінам, чырвоным дахам і цёмнашэрымі ці лепш дзікімі сценамі, дом накшталт тых, якія ў нас будуюць для ваенных пасяленняў і нямецкіх каланістаў. Было прыкметна, што пры пабудове яго архітэктар безупынна змагаўся з густам гаспадара. Архітэктар быў педант і хацеў сіметрыі, гаспадар — выгаднасці і, як відаць, з прычыны таго, забіў на адным баку ўсе адпаведныя вокны і пракруціў замест іх адно маленькае, якое, мабыць, патрэбна было для цёмнай каморкі. Франтон [30] таксама ніяк не прышоўся пасярэдзіне дома, як ні намагаўся архітэктар, бо гаспадар загадаў адну калону з боку выкінуць, і таму атрымалася не чатыры калоны, як было вызначана, а толькі тры. Двор абкружаны быў моцнаю і надзвычай тоўстаю драўлянаю рашоткаю. Памешчык, здавалася, шмат клапаціўся аб трываласці. На стайню, хлявы і кухні было выкарыстана цяжкое і тоўстае бярвенне, прызначанае стаяць вякі. Вясковыя хаты мужыкоў таксама зрублены былі на дзіва: не было гладка вычасаных сцен, разьбяных узораў і іншых выдумак, але ўсё было прыгнана шчыльна і як след. Нават студня была апраўлена ў такі моцны дуб, які ідзе толькі на млыны ды на караблі. Словам, усё, на што ні глядзеў ён, было трывалым, дзябёлым, у нейкім моцным і нязграбным парадку. Пад’язджаючы да ганку, заўважыў ён што з акна амаль адначасова выглянулі два твары: жаночы ў каптуры, вузкі, доўгі, як агурок, і мужчынскі, круглы, шырокі, як малдаванскія гарбузы пад назвай гарлянкі, з якіх робяць на Русі балалайкі, двухструнныя, лёгкія балалайкі, красу і пацеху зухаватага дваццацігадовага хлапца, міргача і франта, што і падміргвае, і падсвіствае на белагрудых і белашыіх дзяўчат, якія сабраліся паслухаць яго ціхаструннае трынканне. Выглянуўшы, абодва твары ў тую-ж хвіліну схаваліся. На ганак вышаў лакей у шэрай куртцы з блакітным стаячым каўняром і ўвёў Чычыкава ў сенцы, куды вышаў ужо сам гаспадар. Убачыўшы гасця, ён сказаў адрывіста прашу! і павёў яго ва ўнутраныя пакоі.