Выбрать главу

Калі Чычыкаў глянуў скоса на Сабакевіча, ён яму на гэты раз здаўся вельмі падобны да мядзведзя сярэдняй велічыні. Для давяршэння падабенства фрак на ім быў зусім мядзвежага колеру, рукавы доўгія, панталоны доўгія, ступнямі хадзіў ён і крыва і коса і безупынна наступаў на чужыя ногі. Колер твару меў гартаваны, гарачы, які бывае на медным пятаку. Вядома, што ёсць шмат на свеце такіх твараў, над апрацоўкай якіх натура не доўга мудравала, не ўжывала ніякіх тонкіх інструментаў, напрыклад: напільнікаў, свярдзёлкаў і іншага, але проста секла з усяго пляча: секанула тапаром раз — вышаў нос, секанула другі — вышлі губы, вялікім свердлам калупнула вочы і, не абгабляваўшы, пусціла на свет сказаўшы: «жыве!» Такое-ж самае моцнае і на дзіва скалочанае аблічча было ў Сабакевіча: трымаў ён яго больш уніз, чым угору, шыяй не варочаў зусім і, з прычыны такога непавароту, рэдка глядзеў на таго, з кім гаварыў, але заўсёды ці на рог печы, ці на дзверы. Чычыкаў яшчэ раз глянуў на яго скоса, калі праходзілі яны сталовую: мядзведзь! сапраўдны мядзведзь! Трэба-ж такое дзіўнае збліжэнне: яго нават звалі Міхайлам Сямёнавічам. Ведаючы яго звычку наступаць на ногі, ён вельмі асцярожна перасоўваў сваімі і даваў яму дарогу наперад. Гаспадар, здавалася, сам адчуваў за сабой гэты грэх і ў тую-ж хвіліну запытаў: «ці не патурбаваў я вас?» Але Чычыкаў падзякаваў, сказаўшы, што яшчэ не здарылася ніякай турботы.

Увайшоўшы ў гасціную, Сабакевіч паказаў на крэсла, сказаўшы зноў: прашу! Сядаючы, Чычыкаў зірнуў на сцены і на карціны, якія віселі на іх. На карцінах усё былі малайцы, усё грэчаскія палкаводцы, гравіраваныя ва ўвесь рост: Маўракардато ў чырвоных панталонах і мундзіры з акулярамі на носе, Міаулі, Канары [31]. Усе гэтыя героі былі з такімі тоўстымі ляжкамі і нечуванымі вусамі, што дрыжыкі прабягалі па целе. Паміж здаравеннымі грэкамі невядома якім чынам і для чаго змясціўся Багратыён, сухарлявы, худзенькі з маленькімі сцягамі і гарматамі ўнізе і ў самых вузенькіх рамках. Потым зноў ішла гераіня грэчаская Бабеліна [32], адна нага якой здавалася большай, чым усё тулава тых франтаў, якія напаўняюць цяперашнія гасціныя. Гаспадар, будучы сам здаровым чалавекам і дужым, здавалася хацеў, каб і пакой яго ўпрыгожвалі таксама людзі моцныя і здаровыя. Каля Бабеліны пры самым акне вісела клетка, з якой глядзеў дрозд цёмнага колеру з белымі крапінкамі, вельмі падобны таксама да Сабакевіча. Госць і гаспадар не паспелі памаўчаць двух хвілін, як дзверы ў гасціную адчыніліся, і ўвайшла гаспадыня, дама вельмі высокая ў каптуры з істужкамі, перафарбаванымі хатняю фарбаю. Увайшла яна спаважна, трымаючы галаву проста, як пальма.

вернуться

31

Правадыры барацьбы за незалежнасць Грэцыі (20-я гг. XIX в.).

вернуться

32

Кіраўніца грэчаскага атрада.