«Але дазвольце», сказаў, нарэшце, Чычыкаў, здзіўлены такой багатай паводкай слоў, якім, здавалася, і канца не было: «навошта вы пералічаеце ўсе іх якасці, з іх-жа карысці цяпер няма ніякай, гэта-ж усё народ мёртвы. Мёртвым целам хоць плот падпірай, кажа прыказка».
«Так, вядома, мёртвыя», сказаў Сабакевіч, быццам адумаўшыся і ўспомніўшы, што яны сапраўды былі ўжо мёртвыя, а потым дадаў: «зрэшты, трэба сказаць: што з гэтых людзей, якія лічацца цяпер жывымі? Што гэта за людзі? мухі, а не людзі».
«Ды ўсё-ж яны існуюць, а гэта-ж мара».
«Ну, не, не мара! Я вам далажу, які быў Міхееў, дык вы такіх людзей не знойдзеце: машынішча такая, што ў гэты пакой не ўвойдзе: не, гэта не мара! А ў плячах яго была такая сілішча, якой няма ў каня; хацеў-бы я ведаць, дзе-б вы ў другім месцы знайшлі такую мару!» Апошнія словы ён ужо сказаў, звярнуўшыся да вісеўшых на сцяне партрэтаў Багратыёна і Калакатроні [34], як звычайна здараецца з размаўляючымі, калі адзін з іх раптам, невядома чаму, звернецца не да той асобы, да якой адносяцца словы, а да якой-небудзь выпадкова прышоўшай трэцяй, нават зусім незнаёмай, ад якой, ведае, што не пачуе ні адказу, ні думкі, ні падцверджання, але на якую, аднак-жа, так утаропіць вочы, як быццам заклікае яе ў пасрэднікі: і крыху збянтэжаны ў першую хвіліну незнаёмы не ведае, адказваць яму на тую справу, аб якой нічога не чуў, ці так пастаяць, захаваўшы належную прыстойнасць, і потым ужо адыйсці прэч.
«Не, больш за два рублі я не магу даць», сказаў Чычыкаў.
«Хай будзе так, каб не прэтэндавалі на мяне, што дорага запрашваю і не хачу зрабіць вам ніякай паслугі, хочаце, па семдзесят пяць рублёў за душу, толькі асігнацыямі, дапраўды толькі для знаёмства!»
«Што ён сапраўды», падумаў сам сабе Чычыкаў: «за дурня лічыць мяне, ці што?» і дадаў потым уголас: «Мне дзіўна, дапраўды: здаецца, між намі адбываецца нейкае тэатральнае прадстаўленне, або камедыя, інакш я не магу сабе растлумачыць... Вы, здаецца, чалавек даволі разумны, уладаеце весткамі адукацыі. Прадмет-жа проста: фу-фу. Чаго-ж ён варт? каму патрэбен?»
«Ды вось вы-ж купляеце, значыць патрэбен».
Тут Чычыкаў закусіў губу і не знайшоў, што адказаць. Ён пачаў быў гаварыць пра нейкія абставіны фамільныя і сямейныя, але Сабакевіч адказаў проста:
«Мне не трэба ведаць, якія ў вас адносіны: я ў справы фамільныя не мяшаюся, гэта ваша справа. Вам патрэбны душы, я і прадаю вам, і будзеце каяцца, што не купілі».
«Два рублікі», сказаў Чычыкаў.
«Эх, дапраўды, задзяўбла сарока Якава адно пра ўсякага, як кажа прыказка; як наладзілі на два, дык не хочаце з іх і з’ехаць. Вы давайце сапраўдную цану!»
«Ну, ужо чорт яго бяры», падумаў сам сабе Чычыкаў: «па поўрубля яму набаўлю, сабаку на арэхі!» «Так і быць, па поўрубля набаўлю».
«Ну, калі хочаце, і я вам скажу таксама маё апошняе слова: пяцьдзесят рублёў. Дапраўды, утратна сабе, танней нідзе не купіце такога добрага народу!»
«Які кулак!» сказаў сам сабе Чычыкаў і потым працягваў уголас з некаторай дакукай: «Ды што на самай справе... быццам сапраўды сур’ёзная рэч; ды я ў другім месцы дармова вазьму. Яшчэ мне ўсякі з ахвотай збудзе іх, каб толькі хутчэй пазбавіцца. Дурань хіба будзе трымаць іх пры сабе і плаціць за іх падаткі».
«Але ці ведаеце, што такога роду пакупкі, я гэта кажу між намі, па дружбе, не заўсёды дазваляюцца, калі-б расказаў я, ці хто іншы, такому чалавеку не будзе ніякай веры адносна кантрактаў, або ўступлення ў якія-небудзь выгадныя абавязацельствы».
«Бач куды цэліць, падлюка!» падумаў Чычыкаў і тут-жа сказаў з самым спакойным выглядам: «Як вы сабе хочаце, я купляю не для якой-небудзь патрэбы, як вы думаеце, а так, па схільнасці ўласных думак. Два з палавінай не хочаце, бывайце!»
«Яго не саб’еш, непадатлівы!» падумаў Сабакевіч. «Ну, бог з вамі, давайце па трыццаць і бярыце іх сабе!»
«Не, бачу я, вы не хочаце прадаць, бывайце!»
«Дазвольце, дазвольце!» сказаў Сабакевіч, не выпускаючы яго рукі і наступіўшы яму на нагу, бо герой наш забыў асцерагчыся, у пакаранне за што павінен быў зашыпець і падскочыць на адной назе.
«Прашу прабачыць! Я, здаецца, вас патурбаваў. Калі ласка, сядайце сюды! Прашу!» Тут ён пасадзіў яго ў крэсла з некаторым нават спрытам, як такі мядзведзь, каторы пабыў ужо ў руках, умее і перакручвацца і рабіць розныя штукі на запытанні: а пакажы, Міша, як бабы парацца? або: а як, Міша, малыя дзеці гарох крадуць?