Выбрать главу

Стары, вялікі сад, які цягнуўся па-за домам, выходзіў за сяло і потым знікаў у полі, заросшы і заглохлы, здавалася, адзін асвяжаў гэтую вялікую вёску і адзін быў зусім маляўнічы ў сваім карцінным запусценні. Зялёнымі воблакамі і няправільнымі, трапяткімі купаламі ляжалі на небасхіле злучаныя верхавіны дрэў, што паразрасталіся на волі. Белы велізарны ствол бярозы, страціўшы верхавіну, адламаную бурай ці громам, узнімаўся з гэтай зялёнай гушчы і кругліўся на паветры, як правільная мрамарная, ззяючая калона; касы, востры злом, якім ён заканчваўся ўверсе, замест капітэлі [36], цямнеў на снежнай бялоце яго, як шапка або чорная птушка. Хмель, які глушыў унізе кусты бузіны, рабіны і ляснога арэшніку і прабег потым па версе ўсяго частакола, узбягаў, нарэшце, угару і абвіваў да палавіны зламаную бярозу. Дасягнуўшы сярэдзіны яе, ён адтуль звешваўся ўніз і пачынаў ужо чапляць верхавіны іншых дрэў, або вісеў на паветры, завязаўшы кольцамі сваімі тонкія, чэпкія кручкі, якія лёгка калыхаліся на паветры. Мясцінамі зялёныя гушчары, азароныя сонцам, разыходзіліся і паказвалі неасветленае між імі паглыбленне, што развявалася як цёмная пашча; яно было ўсё ахінута ценем, і ледзь-ледзь мільгалі ў чорнай глыбіні яго: прабягаўшая вузкая сцежка, абваленыя балясы, пахіленая альтанка, дуплісты струхлелы ствол вярбы, сівы хмызняк, выстаўляўшы густой шчацінай з-за вярбы высахшае ад страшнай глушыні, пераблытанае і скрыжаванае лісце і сучча, і, нарэшце, маладая галінка клёна, працягнуўшая з боку свае зялёныя лапы-лісты, пад адзін з якіх, бог ведае якім чынам, забралася сонца і ператварала яго раптам у празрысты і агнявы, дзівосна ззяючы ў гэтай густой цемры. З боку, каля самага краю саду, некалькі выносістых, вышэйшых за іншыя, асін узнімалі велізарныя гнёзды варон на трапяткія свае верхавіны. У некаторых з іх адламаныя і не зусім адлучаныя галінкі звісалі ўніз разам з высахшым лісцем. Словам, усё было прыгожа, як не выдумаць ні прыродзе, ні мастацтву, але як бывае толькі тады, калі яны злучацца разам, калі па наваленай, часта бязладна, працы чалавека пройдзе канчатковым разцом сваім прырода, зробіць лягчэйшымі цяжкія масы, знішчыць грубаадчувальную правільнасць і жабрацкія прарэхі, праз якія праглядвае несхаваны, голы план, і дасць цудоўную цеплыню ўсяму, што стварылася ў холадзе размеранай чыстаты і ахайнасці.

Зрабіўшы адзін ці два павароты, герой наш апынуўся, нарэшце, перад самым домам, які здаўся цяпер яшчэ больш сумным. Зялёная плесня пакрыла ўжо трухлявае дрэва на агарожы і варотах. Натоўп будынкаў: чалядняў, свірнаў, склепаў, якія відавочна старэлі, напаўняў двор; каля іх направа і налева відаць былі вароты ў другія двары. Усё гаварыла, што тут калісьці гаспадарка ішла ў шырокіх памерах, і ўсё глядзела цяпер хмурна. Нічога не было прыкметна, што-б ажыўляла малюнак, ні дзвярэй, якія-б адчыняліся, ні людзей, якія-б выходзілі адкуль-небудзь, ніякіх жывых клопатаў і турбот дома! Толькі адны галоўныя вароты былі расчынены, і то таму, што ўехаў мужык з нагружаным возам, накрытым рагожай, які паказаўся быццам знарок для ажыўлення гэтага вымершага месца: у другі час і яны былі замкнуты наглуха, бо ў жалезнай пятлі вісеў велізарны замок. Каля аднаго з будынкаў Чычыкаў хутка заўважыў нейкую постаць, якая пачала сварыцца з мужыком, што прыехаў з возам. Доўга ён не мог пазнаць, якога полу была фігура: баба ці мужык. Адзенне на ёй было зусім няпэўнае, падобнае надта на жаночую капоту, на галаве каптур, які носяць вясковыя дваровыя бабы, толькі адзін голас здаўся яму крыху сіплым для жанчыны. «Ой баба!» падумаў ён сам сабе і тут-жа дадаў: «Ой не!» «Вядома баба!» нарэшце сказаў ён, прыгледзеўшыся больш пільна. Постаць з свайго боку глядзела на яго таксама пільна. Здавалася, госць быў для яе дзівам, таму што яна агледзела не толькі яго, але і Селіфана, і коней, пачынаючы з хваста і да морды. Па вісеўшых у яе за поясам ключах і па тым, што яна лаяла мужыка даволі брыдкімі словамі, Чычыкаў прышоў да вываду, што гэта, мабыць, ключніца.

«Паслухай, матухна», сказаў ён, выходзячы з брычкі, «што пан?..»

«Няма дома», перапыніла ключніца, не чакаючы заканчэння пытання, і потым, праз хвіліну, дадала: «а што вам трэба?»

«Ёсць справа».

«Ідзіце ў пакоі!» сказала ключніца, адвярнуўшыся і паказаўшы яму спіну, запэцканую мукой, з вялікай прарэхай крыху ніжэй.

Ён увайшоў у цёмныя, шырокія сенцы, ад якіх падзьмула холадам, як са склепа. З сянец ён трапіў у пакой, таксама цёмны, куды ледзь прабівалася святло з шырокай шчыліны ўнізе дзвярэй. Адчыніўшы гэтыя дзверы, ён, нарэшце, апынуўся на святле і быў здзіўлены ўбачаным беспарадкам. Здавалася, як быццам у доме скрозь мылі падлогу, і сюды часова звалілі ўсю мэблю. На адным стале стаяла нават паламанае крэсла і, побач з ім, гадзіннік з нерухомым маятнікам, на якім павук ужо наснаваў павуцінне. Тут-жа стаяла прыпёртая бокам да сцяны шафа, са старадаўнім срэбрам, графінчыкамі і кітайскім фарфарам. На бюро, выкладзеным перламутравай мазаікай, якая дзе-ні-дзе ўжо выпала і пакінула пасля сябе адны жоўценькія жалабкі, напоўненыя клеем, ляжала мноства рознай дробязі: куча спісаных дробна паперак, накрытых мрамарным пазелянеўшым прэсам з яечкам наверсе, нейкая старадаўняя кніга ў скураным пераплёце з чырвоным абрэзам, лімон, увесь высахшы, велічынёй не больш за лясны арэх, адламаная ручка крэсла, чарка з нейкай вадкасцю і трыма мухамі, накрытая пісьмом, кавалачак сургуча, кавалачак недзе паднятай анучкі, два пяры, запэцканыя чарнілам, высахшая, як у сухотах, зубачыстка, зусім пажаўцелая, якою гаспадар, можа быць, калупаў у зубах сваіх яшчэ да нашэсця на Маскву французаў.

вернуться

36

Верхняя частка калоны.