Па сценах навешана было вельмі цесна і бязладна некалькі карцін: доўгая, пажаўцелая гравюра нейкай бітвы — вялізныя барабаны, крычаць салдаты ў трыкутных капелюшах і топяцца коні — без шкла, у рамцы чырвонага дрэва, з тоненькімі бронзавымі палоскамі і бронзавымі-ж кружкамі па рагах. Побач з імі займала палавіну сцяны велізарная пачарнелая карціна, намаляваная маслянымі фарбамі, дзе былі паказаны кветкі, фрукты, разрэзаны кавун, кабанова морда, вісеўшая галавой уніз качка. З сярэдзіны столі звешвалася люстра ў палатняным мяху, якая ад пылу зрабілася падобнай да шаўковага кокана, у якім сядзіць чарвяк. У кутку пакоя была навалена на падлозе куча таго, што пагрубей і што недастойна ляжаць на сталах. Што іменна знаходзілася ў кучы, вырашыць было цяжка, бо пылу на ёй было так багата, што рукі кожнага, хто да яе дакранаўся, рабіліся падобнымі да пальчатак; больш прыкметна высоўваўся адтуль адламаны кавалак драўлянай лапаты і старая падэшва ад бота. Ніяк нельга было-б сказаць, што ў гэтым пакоі бытуе жывая істота, калі-б не абвяшчаў аб яе пражыванні стары, паношаны каптур, які ляжаў на стале. Пакуль ён разглядаў усё дзіўнае ўбранства, адчыніліся бакавыя дзверы, увайшла тая-ж самая ключніца, якую ён сустрэў на двары. Але тут убачыў ён, што гэта быў хутчэй ключнік, чым ключніца: ключніца прынамсі не голіць барады, а гэты, наадварот, галіў, і, здавалася, не вельмі часта, бо ўвесь падбародак з ніжняй часткай шчакі падобен быў у яго да скрабла з жалезнага дроту, якім чысцяць на стайні коней. Чычыкаў, надаўшы запытальны выраз свайму твару, нецярпліва чакаў, што хоча сказаць яму ключнік. Ключнік таксама з свайго боку чакаў, што хоча сказаць яму Чычыкаў. Нарэшце, апошні, здзіўлены такім дзіўным неўразуменнем, наважыў запытаць:
«Што-ж пан? у сябе, ці што?»
«Тут гаспадар», сказаў ключнік.
«Дзе-ж?» паўтарыў Чычыкаў.
«Што, бацюхна, сляпы, ці што?» сказаў ключнік. «Эхва! А гаспадар-жа — я!»
Тут герой наш супроць волі адступіўся назад і паглядзеў на яго пільна. Яму здаралася бачыць не мала ўсякага роду людзей, нават такіх, якіх нам з чытачом, можа, ніколі не давядзецца ўбачыць; але такога ён яшчэ не бачыў. Твар яго не вызначаўся нічым асаблівым; ён быў амаль такі-ж, як у многіх хударлявых старых, адзін падбародак толькі вытыркаў вельмі далёка наперад, так што ён павінен быў кожны раз закрываць яго хустачкай, каб не запляваць; маленькія вочкі яшчэ не патухлі і бегалі з-пад высока вырасшых брывей, як мышы, калі, высунуўшы з цёмных нор востранькія морды, наставіўшы вушы і варушачы вусамі, яны выглядаюць, ці не прытаіўся дзе кот або свавольнік хлапчук, і нюхаюць падазрона самое паветра. Куды больш цікава было яго ўбранне: ніякімі сродкамі і намаганнямі нельга было дакапацца, з чаго змайстраваны быў яго халат: рукавы і верхнія крыссі да таго засаліліся і зашмальцаваліся, што падобны былі да юхты [37], што ідзе на боты; ззаду замест двух целяпаліся чатыры крыссі, з якіх клоччам лезла вата. На шыі ў яго таксама было завязана нешта такое, чаго нельга было вызначыць: ці то панчоха, ці то падвязка, або набрушнік, толькі ніяк не гальштук. Словам, калі-б Чычыкаў сустрэў яго, так прыбранага, дзе-небудзь каля царкоўных дзвярэй, дык, мусібыць, даў-бы яму мядзяны грош. Бо да гонару героя нашага трэба сказаць, што сэрца ў яго было спагадлівае, і ён не мог ніяк утрымацца, каб не абдарыць беднага чалавека мядзяным грошам. Але перад ім стаяў не жабрак, перад ім стаяў памешчык, у гэтага памешчыка было больш за тысячу душ, і папрабаваў-бы хто знайсці ў каго іншага столькі хлеба—зернем, мукою і проста ў сціртах, у каго-б кладоўкі, свірны і сушылы [38] завалены былі такім мноствам палотнаў, сукнаў, аўчын вырабленых і сырамятных, сухою рыбаю і ўсякай гароднінай, ці губінай [39]. Заглянуў-бы хто небудзь да яго на рабочы двор, дзе нарыхтавана было на запас усякага дрэва і пасуды, якая ніколі не ўжывалася, — яму здалося-б, ці не трапіў ён часам як-небудзь у Маскву, на шчэпны двор, куды кожны дзень накіроўваюцца ўпраўныя цёшчы і свякрухі, з кухаркамі ззаду, рабіць свае гаспадарчыя запасы, і дзе гарамі бялее ўсякае дрэва, шытае, точанае, праўленае і плеценае: бочкі, кадушкі, цэбры, вёдры, жбаны з рыльцамі і без рыльцаў, конаўкі, кошыкі, мыкальнікі, куды бабы кладуць свае мычкі ільну і іншую дробязь, корабы з тонкай гнутай асіны, буракі з плеценай бяросты і шмат усяго, што ідзе на патрэбу багатай і беднай Русі. Здавалася-б, навошта патрэбна была Плюшкіну такая процьма падобных вырабаў? за ўсё жыццё не ўдалося-б скарыстаць іх нават на два такія маёнткі, якія былі ў яго, — але яму і гэтага здавалася мала. Не здавальняючыся гэтым, ён хадзіў яшчэ кожны дзень па вуліцах сваёй вёскі, заглядаў пад мосцікі, пад перакладзіны, і ўсё, што ні траплялася яму, старая падэшва, бабская ануча, жалезны цвік, гліняны чарапок, — усё цягнуў да сябе і складаў у тую кучу, якую Чычыкаў заўважыў у кутку пакоя. «Вунь, ужо рыбалоў пайшоў на паляванне!» гаварылі мужыкі, згледзеўшы, што ён ідзе на здабычу. I сапраўды, пасля яго не трэба было месці вуліцу: здаралася праязджаўшаму афіцэру згубіць шпору, шпора гэтая ўмомант трапляла ў вядомую кучу; калі баба, як-небудзь загаварыўшыся каля студні, забывала вядро, ён цягнуў і вядро. Аднак, калі прымеціўшы мужык выкрываў яго тут-жа, ён не спрачаўся і аддаваў украдзеную рэч; але калі толькі яна трапляла ў кучу, тады ўсё скончана: ён бажыўся, што рэч яго, куплена ім тады і тады, у таго і таго, або дасталася ад дзеда. У пакоі сваім ён падымаў з падлогі ўсё, што ні бачыў: сургучык, кавалачак: паперкі, пёрка і ўсё гэта клаў на бюро ці на акенца.