Выбрать главу
41] зашываў у палатняныя порткі або затыкаў у бот, — дзе цябе прыбрала? Ці ўзмасціўся ты для большага прыбытку пад царкоўны купал, а, можа, і на крыж палез і, паслізнуўшыся адтуль з перакладзіны, пляснуўся вобземлю, і толькі які-небудзь стаяўшы каля цябе дзядзька Міхей, пачухаўшы рукой патыліцу, прамовіў: «Эх, Ваня, собіла-ж табе!» а сам, падвязаўшыся вяроўкай, палез на тваё месца. Максім Цялятнікаў, шавец. Гэ, шавец! П’яны, як шавец, гаворыць прыказка. Ведаю, ведаю цябе, галубок; калі хочаш, усю гісторыю тваю раскажу: вучыўся ты ў немца, які карміў усіх вас разам, біў папругаю па спіне за неакуратнасць і не выпускаў на вуліцу сваволіць, і быў ты дзіва, а не шавец, і не мог нахваліцца табой немец, гаворачы з жонкай ці з камрадам. А як скончылася тваё навучанне: «А вось цяпер я прыдбаю ўласную хату», сказаў ты, «ды не так, як немец, што з капейкі цягнецца, а раптам разбагацею». I вось, даўшы пану вялікі аброк, набыў ты крамку, набраўшы заказаў кучу, і пайшоў працаваць. Дастаў недзе ўтрая дзешавей гнілой скуры і выйграў, сапраўды, удвая на кожным боце, ды праз тыдні два пералопаліся твае боты, і вылаялі цябе падлейшым чынам. I вось крамка твая запуставала, і ты пайшоў піць ды качацца на вуліцах, прыгаварваючы: «Не, дрэнна на свеце! няма жыцця рускаму чалавеку, усё немцы перашкаджаюць». Гэта што за мужык: Елізавета Верабей. Вось ліха: баба! Яна як сюды трапіла? Падлюка Сабакевіч, і тут ашукаў!» Чычыкаў меў рацыю: гэта была, сапраўды, баба. Як яна забралася туды, невядома, але так умела была прапісана, што здалёк можна было палічыць яе за мужыка і нават імя канчалася на літару ъ, г. зн. не Елізавета, а Елізаветъ. Аднак ён гэтага не ўзяў на ўвагу і тут-жа яе выкасаваў. «Грыгорый Даязджай-не-даедзеш! Ты што быў за чалавек? Ці ты возніцтвам займаўся і, набыўшы тройку і рагожную кібітку, выракся навекі дома, роднага бярлогу, і пайшоў цягацца з купцамі на кірмашы. Ці ты на дарозе аддаў душу богу, ці ўходалі цябе твае-ж прыяцелі за якую-небудзь тоўстую і чырвонашчокую салдатку, або ўпадабаліся лясному валацугу скураныя твае рукавіцы і тройка прысадзістых, але дужых конікаў, ці, можа, і сам, лежачы на палатках думаў, думаў, ды ні з таго, ні з другога завярнуў у карчму, а потым проста ў палонку, і памінай як звалі. Эх, рускі народзец! не любіць паміраць сваёю смерцю! А вы што, мае галубкі?» гаварыў ён далей, пераводзячы вочы на паперку, дзе былі перамечаны беглыя душы Плюшкіна: «вы хоць і жывыя яшчэ, а што з вас карысці! тое-ж, што і мёртвыя, і дзе-ж носяць вас цяпер вашы шпаркія ногі? Ці вам дрэнна было ў Плюшкіна, або, проста, па сваёй ахвоце гуляеце па лясах ды абдзіраеце праезджых? Ці сядзіце па турмах, ці прысталі да іншых паноў і працуеце на зямлі? Ерамей Каракін, Мікіта Валакіта, сын яго Антон Валакіта — гэтыя, і па прозвішчу відаць, што добрыя бегуны. Папоў, дваровы чалавек, павінен быць добра пісьменным: нажа, пэўна, не ўзяў у рукі, але пракраўся самым сумленным чынам. Але вось ужо цябе бяспашпартнага злавіў капітан-спраўнік. Ты стаіш бадзёра на вочнай стаўцы. «Чый ты?» кажа капітан-спраўнік, загнуўшы табе пры гэтым зручным выпадку такое-сякое моцнае слоўца. «Такога вось і такога памешчыка», адказваеш ты шпарка. «Чаго ты тут?» кажа капітан-спраўнік. «Адпушчаны на аброк», адказваеш ты без затрымкі. «Дзе твой пашпарт?» — «У гаспадара, мешчаніна Піменава». — «Паклікаць Піменава! Ты Піменаў?» — «Я Піменаў». — «Даваў ён табе пашпарт свой?» — «Не, не даваў ён мне ніякага пашпарта». — «Што-ж ты хлусіш?» кажа капітан-спраўнік з дадаткам такога-сякога моцнага слоўца. «Так точна», адказваеш ты, «я не даваў яму, бо прышоў дамоў позна, а аддаў часова Анціпу Прохараву, званару». — «Паклікаць званара! Даваў ён табе пашпарт?» — «Не, не браў ад яго пашпарта». — «Што-ж ты зноў хлусіш?» кажа капітан-спраўнік, змацаваўшы размову такім-сякім моцным слоўцам. «Дзе-ж твой пашпарт?» — «Ён у мяне быў», гаворыш ты спрытна, «ды, мусібыць, відаць, як-небудзь дарогай згубіў яго». — «А салдацкі шынель», кажа капітан-спраўнік, прыпусціўшы табе зноў у прыдачу такое-сякое моцнае слоўца: «навошта сцягнуў? і ў папа таксама скрынку з мядзянымі грашыма?..» — «Зусім не», кажаш ты, не зварухнуўшыся, «у зладзейскай справе ніколі яшчэ не быў». — «А чаму-ж шынель знайшлі ў цябе?» — «Не магу знаць: мабыць, хто-небудзь другі прынёс яго». — «Ах ты, шэльма, шэльма!» кажа капітан-спраўнік, ківаючы галавой і ўзяўшыся ўбокі. «А набіце яму на ногі калодкі, ды завядзіце ў астрог». — «Калі ласка! я з прыемнасцю», адказваеш ты. I вось, дастаўшы з кішэні табакерку, ты частуеш прыязна нейкіх двух інвалідаў, якія набіваюць на цябе калодкі, і распытваеш іх, ці даўно яны ў атстаўцы і на якой вайне былі. I вось ты сабе жывеш у астрозе, пакуль у судзе праходзіць твая справа. I піша суд: адправіць цябе з Царэвакакшайска ў астрог такога і такога горада, а той суд піша зноў: адправіць цябе ў які-небудзь Весьегонск, і ты пераязджаеш сабе з астрога ў астрог і кажаш, аглядаючы новае жытло: «Не, вось весьегонскі астрог ямчэй: там хоць і ў бабкі, дык ёсць месца, ды і кампанія большая!» Абакум Фыраў! ты, брат, што? дзе, у якіх месцах бадзяешся? Ці цябе занесла на Волгу, і ўпадабаў ты вольнае жыццё, прыстаўшы да бурлакоў?..» Тут Чычыкаў спыніўся і крыху задумаўся. Над чым ён задумаўся? Ці задумаўся ён над лёсам Абакума Фырава, ці задумаўся так сам сабой, як задумваецца кожны рускі, якія-б ні меў гады, чын і маёмасць, калі пачне меркаваць аб разгуле шырокага жыцця. I сапраўды, дзе цяпер Фыраў? гуляе шумна і весела на хлебнай прыстані, наняўшыся ў купцоў. Кветкі і істужкі на капелюшы, весяліцца ўся бурлацкая ватага, развітваючыся з каханкамі і жонкамі, высокімі, стройнымі, у істужках і маністах; карагоды, песні, кіпіць уся плошча, а насільшчыкі тым часам пры крыках, лаянцы і панукванні, начэпліваючы кручком па дзесяць пудоў сабе на спіну, з шумага сыплюць гарох і пшаніцу ў глыбокія судны, валяць мяшкі а аўсом і крупамі, і далёка відаць па ўсёй плошчы кучы наваленых у піраміду, як ядры, мяхоў, і аграмадна выглядае ўвесь хлебны арсенал, пакуль не перагрузіцца ўвесь у глыбокія судны-суракі [42] і не паімчыцца гужам разам з вясеннімі ільдамі бясконцы флот. Там дык вы напрацуецеся, бурлакі! і дружна, як раней гулялі і дурэлі, возьмецеся за працу і пот, цягнучы лямку пад адну бясконцую, як Русь, песню.

вернуться

41

Тысячарублёвая асігнацыя.

вернуться

42

Сурскае судно (ад ракі Суры).