«А мне трэба падаць просьбу».
«А што вы купілі такое?»
«Я хацеў-бы перш ведаць, дзе крэпасны стол — тут ці ў іншым месцы?»
«Дык скажыце перш, што купілі і за якую цану, дык мы вам тады і скажам дзе, а так нельга ведаць».
Чычыкаў зараз-жа ўбачыў, што чыноўнікі былі проста цікаўныя, падобна ўсім маладым чыноўнікам, і хацелі надаць больш вагі і значэння сабе і сваім заняткам.
«Слухайце, даражэнькія», сказаў ён, «я вельмі добра ведаю, што ўсе справы па крэпасцях, на якую-б ні было цану, знаходзяцца ў адным месцы, а таму прашу вас паказаць нам стол, а калі вы не ведаеце, што ў вас робіцца, дык мы запытаем у іншых». Чыноўнікі на гэта нічога не адказалі, адзін з іх толькі тыцнуў пальцам у куток пакоя, дзе сядзеў за сталом нейкі стары, які перанумароўваў нейкія паперы. Чычыкаў і Манілаў прайшлі паміж сталамі да яго. Стары займаўся вельмі ўважліва.
«Дазвольце даведацца», сказаў Чычыкаў з паклонам, «тут справы па крэпасцях?»
Стары падняў вочы і сказаў павольна: «Тут няма спраў па крэпасцях».
«А дзе-ж?»
«Гэта ў крэпасной экспедыцыі».
«А дзе-ж крэпасная экспедыцыя?»
«Гэта ў Івана Антонавіча».
«А дзе-ж Іван Антонавіч?»
Стары тыцнуў пальцам у другі куток пакоя. Чычыкаў і Манілаў накіраваліся да Івана Антонавіча. Іван Антонавіч ужо запусціў адно вока назад і зірнуў на іх скоса, але ў тую-ж хвіліну яшчэ больш уважліва паглыбіўся ў пісаніну.
«Дазвольце даведацца», сказаў Чычыкаў з паклонам, «тут крэпасны стол?»
Іван Антонавіч як быццам і не чуў і паглыбіўся зусім у паперы, не адказваючы нічога. Відаць было адразу, што гэта быў ужо чалавек спаважных гадоў, не тое, што малады балбатун і шылахвост. Іван Антонавіч, здавалася, меў ужо далёка за сорак год; волас на ім быў чорны, густы; уся сярэдзіна твару выступала ў яго наперад і пайшла ў нос, словам гэта быў той твар, які называюць у штодзённым жыцці гладышовым рылам.
«Дазвольце даведацца, тут крэпасная экспедыцыя?» сказаў Чычыкаў.
«Тут», сказаў Іван Антонавіч, павярнуўшы сваё гладышовае рыла, і ўзяўся зноў пісаць.
«А ў мяне справа вось якая: купіў я ў розных уласнікаў тутэйшага павета сялян на вывад: купчая ёсць, застаецца змацаваць».
«А прадаўцы тут?»
«Некаторыя тут, а ад астатніх даручэнні».
«А просьбу прынеслі?»
«Прынёс і просьбу. Я хацеў-бы.. мне трэба спяшацца... дык ці нельга, напрыклад, скончыць справу сёння?»
«Так, сёння! Сёння нельга», сказаў Іван Антонавіч. «Трэба сабраць яшчэ даведкі, ці няма яшчэ забарон».
«Між іншым, што да таго, каб прыспешыць справу, дык Іван Грыгор’евіч, старшыня, мне вялікі друг...»
«Дык Іван-жа Грыгор’евіч не адзін, бываюць і другія», сказаў сурова Іван Антонавіч.
Чычыкаў зразумеў закавычку, якую загнуў Іван Антонавіч, і сказаў: «Другія таксама не будуць пакрыўджаны, я сам: служыў, справу ведаю...»
«Ідзіце да Івана Грыгор’евіча», сказаў Іван Антонавіч голасам крыху ласкавейшым, «няхай ён дасць загад, каму трэба, а за намі справа не пастаіць».
Чычыкаў, дастаўшы з кішэні паперку, палажыў яе перад Іванам Антонавічам, якой той зусім не заўважыў і накрыў зараз-жа яе кнігай. Чычыкаў хацеў быў паказаць яму яе, але Іван Антонавіч рухам галавы даў зразумець, што не трэба паказваць.
«Вось, ён вас правядзе ў прысуцтвіе!» сказаў Іван Антонавіч, кіўнуўшы галавой, і адзін са свяшчэннадзеючых, быўшых тут-жа, які з такой стараннасцю прыносіў ахвяры Фемідзе, што абодва рукавы лопнулі на локцях і даўно лезла адтуль падкладка, за што атрымаў у свой час калежскага рэгістратара, прыслужыўся нашым прыяцелям, як калісьці Віргілій прыслужыўся Данту, і правёў іх у пакой прысуцтвія, дзе стаялі адны толькі шырокія крэслы, і ў іх перад сталом за зерцалам [45] і двума тоўстымі кнігамі сядзеў адзін, як сонца, старшыня. У гэтым месцы новы Віргілій адчуў такую глыбокую пачцівасць, што ніяк не асмеліўся паставіць туды нагу і павярнуў назад, паказаўшы сваю спіну, выцертую, як рагожка, з прыліпшым недзе курыным пяром. Увайшоўшы ў залу прысуцтвія, яны ўбачылі, што старшыня быў не адзін, каля яго сядзеў Сабакевіч, зусім заслонены зерцалам. Прыход гасцей выклікаў выгукі, урадавыя крэслы былі адсунуты з шумам. Сабакевіч таксама крыху ўзняўся з крэсла і стаў відзен з усіх бакоў з доўгімі сваімі рукавамі. Старшыня схапіў Чычыкава ў абдымкі, і ў пакоі прысуцтвія пачуліся гукі пацалункаў; запыталі адзін другога пра здароўе; выявілася, што ў абодвух крыху баліць паясніца, што тут-жа было аднесена на кошт сядзячага жыцця. Старшыня, здавалася, ужо ведаў аб пакупцы ад Сабакевіча, бо пачаў віншаваць, што спачатку крыху збянтэжыла нашага героя, асабліва калі ён убачыў, што і Сабакевіч і Манілаў, абодва прадаўцы, з якімі справа была ўладжана келейна, цяпер стаялі разам твар да твару. Аднак-жа ён падзякаваў старшыні і, звярнуўшыся тут-жа да Сабакевіча, запытаў: