Выбрать главу

Такая думка, вельмі прыемная для госця, склалася аб ім у горадзе, і яна трымалася да таго часу, пакуль адна дзіўная ўласцівасць госця і справа, ці, як кажуць у правінцыях, пасаж аб якім чытач хутка даведаецца, не выклікала поўнага неўразумення амаль ва ўсім горадзе. [5]

РАЗДЗЕЛ II

Ужо больш за тыдзень прыезджы пан жыў у горадзе, раз’язджаючы па вечарынках і абедах і, такім чынам, праводзячы, як кажуць, вельмі прыемна час. Нарэшце, ён наважыўся перанесці свае візіты за горад і наведаць памешчыкаў Манілава і Сабакевіча, якім даў слова. — Мабыць, да гэтага змусіла яго іншая, больш істотная прычына, справа больш сур’ёзная, бліжэйшая да сэрца... Але пра ўсё гэта чытач даведаецца паступова і ў свой час, калі толькі будзе мець цярплівасць прачытаць прапануемую аповесць, надта доўгую, якая мае потым разгарнуцца шырэй і прастарней па меры набліжэння да канца, што вянчае справу. Фурману Селіфану аддадзены быў загад назаўтра раніцою запрэгчы коней у вядомую брычку; Пятрушку загадана было заставацца дома, глядзець за пакоем і чамаданам. Для чытача будзе не лішне пазнаёміцца з гэтымі двума прыгоннымі людзьмі нашага героя. Хоць, вядома, яны асобы не так прыкметныя, і тое, што называецца, другарадныя, або нават трэцерадныя, хоць галоўныя ходы і пружыны паэмы не на іх умацаваны і хіба толькі дзе-ні-дзе закранаюць і лёгка зачэпліваюць іх, — але аўтар любіць быць надзвычай дакладным ва ўсім, і з гэтага боку, не гледзячы на тое, што сам рускі чалавек, хоча быць акуратным, як немец. Гэта зойме зрэшты няшмат часу і месца, бо няшмат трэба дадаць да таго, што ўжо чытач ведае, гэта значыць, што Пятрушка хадзіў у крыху шырокім карычневым сурдуце з панскага пляча, і меў, па звычаю людзей свайго звання, буйны нос і губы. Характару ён быў больш маўклівага, чым гаваркога; меў нават высокароднае імкненне да асветы, г. зн. чытання кніг; змест іх не спыняў яго: яму было зусім усёроўна — прыгоды закаханага героя, проста буквар, або маліцвенік: ён усё чытаў з аднолькавай увагай; калі-б яму падсунулі хімію, ён-бы і ад яе не адмовіўся. Яму падабалася не тое, аб чым чытаў ён, а больш самое чытанне, ці лепей сказаць працэс самога чытання, што вось, бачыш, з літар вечна выходзіць якое-небудзь слова, каторае іншы раз чорт ведае што і азначае. Гэтае чытанне адбывалася больш у ляжачым стане ў пярэдняй, на ложку і на сенніку, які зрабіўся ад такой акалічнасці ўмятым і тоненькім, як аладка. Акрамя ахвоты да чытання, ён меў яшчэ два прызвычаенні, якія складалі дзве другія яго характарыстычныя рысы: спаць не распранаючыся, так, як ёсць, у тым-жа сурдуце, і насіць заўсёды з сабою нейкае сваё асаблівае паветра, свайго ўласнага паху, якое тхнула крыху пахам жылога пакоя, так што досыць было яму толькі прыладзіць дзе-небудзь свой ложак, хоць нават у нежылым да таго часу пакоі, ды перацягнуць туды шынель і манаткі, і ўжо здавалася, што ў гэты пакоі гадоў дзесяць жылі людзі. Чычыкаў, будучы чалавекам вельмі далікатным і нават у іншых выпадках пераборлівым пацягнуўшы да сябе паветра на свежы нос раніцою, толькі крывіўся, ды трос галавой, прыгаварваючы: «ты, брат, чорт цябе ведае, пацееш ці што. Схадзіў-бы ты хоць у лазню». На што Пятрушка нічога не адказваў і стараўся тут-жа заняцца якой-небудзь справай, ці падыходзіў са шчоткай да панскага фрака, ці проста прыбіраў што-небудзь. Што думаў ён у той час, калі маўчаў, — можа, ён гаварыў сам сабе: «і ты аднак-жа прыгож, не надакучыла табе сорак разоў паўтараць адно і тое-ж», — бог ведае, цяжка дазнацца, што думае дваровы прыгонны чалавек у той час, калі пан дае яму настаўленне. Такім чынам, вось што на першы раз можна сказаць пра Пятрушку. Фурман Селіфан быў зусім іншы чалавек... Але аўтар вельмі сароміцца займаць так доўга чытачоў людзьмі нізкага класа, ведаючы з практыкі, як неахвотна яны знаёмяцца з нізкімі саслоўямі. Такі ўжо рускі чалавек: палкае жаданне пазнаёміцца з тым, хто хоць-бы на адзін чын быў за яго вышэй, і шапачнае знаёмства з графам ці князем для яго лепш, чым усякія цесныя сяброўскія адносіны. Аўтар нават баіцца за свайго героя, які толькі калежскі саветнік. Надворныя саветнікі, можа, і пазнаёмяцца з ім, але тыя, што падабраліся ўжо да чыноў генеральскіх, тыя, бог ведае, можа, нават кінуць адзін з тых пагардлівых позіркаў, якія кідаюцца горда чалавекам на ўсё, што ні поўзае каля яго ног, ці, яшчэ горш, можа, пройдуць са знішчальнай для аўтара безуважнасцю. Але як ні сумна тое і другое, а ўсё, аднак-жа, трэба вярнуцца да героя. Такім чынам, аддаўшы патрэбныя загады яшчэ з вечара, прачнуўшыся назаўтра вельмі рана, памыўшыся, абцёршыся з ног да галавы мокрай губкай, што рабілася толькі ў нядзелю, — а ў той дзень якраз была нядзеля, выгаліўшыся такім чынам, што шчокі зрабіліся як сапраўдны атлас у сэнсе гладкасці і лоску, апрануўшы фрак бруснічнага колеру з іскрай і потым шынель на вялікіх мядзведзях, ён сышоў з лесніцы пры падтрымцы тракцірнага слугі то з аднаго, то з другога боку і сеў у брычку. З грукатам выехала брычка з варот гасцініцы на вуліцу. Стрэчны поп зняў капялюш, некалькі хлапчукоў у запэцканых кашулях прыцягнулі рукі, прыгаварваючы: «пан, падай сірацінцы!» Фурман, заўважыўшы, што адзін з іх быў вялікі ахвотнік станавіцца на запяткі, сцебануў яго пугаю, і брычка пайшла падскокваць па каменні. Не без радасці быў заўважаны ўдалечыні паласаты шлагбаум, які даваў знаць, што бруку, як і ўсякай іншай пакуце, будзе хутка канец; і яшчэ некалькі разоў ударыўшыся досыць моцна галавой у кузаў, Чычыкаў паімчаўся нарэшце па мяккай зямлі. Ледзь толькі горад застаўся ззаду, як пайшлі ўжо тут пісаць па нашаму звычаю лухта і дзіч па абодвух баках дарогі: купіны, ельнік, нізенькія рэдкія кусты маладых хвой, абгарэлыя камлі старых, дзікі верас і да таго падобная недарэчнасць. Трапляліся выцягнутыя як па шнуру вёскі, пабудовай падобныя да старых складзеных дроў, крытыя шэрымі стрэхамі з разбянымі драўлянымі пад імі аздобамі ў выглядзе вісячых вышываных узорамі ручнікоў. Некалькі мужыкоў, як звычайна, зявалі, седзячы на лаўках перад варотамі ў сваіх кажухах. Бабы з тоўстымі тварамі і перавязанымі грудзямі глядзелі з верхніх акон, з ніжніх глядзела цяля, ці высоўвала сляпую сваю морду свіння. Словам, малюнкі вядомыя. Праехаўшы пятнаццатую вярсту, ён прыпомніў, што тут, паводле слоў Манілава, павінна быць яго вёска, але і шаснаццатая вярста праляцела міма, а вёскі ўсё не было відаць, і калі-б не два мужыкі, якія трапіліся насустрач, то наўрад ці давялося-б ім патрапіць на лад. На пытанне, ці далёка вёска Заманілаўка, мужыкі знялі шапкі, і адзін з іх, відаць разумнейшы, які насіў бараду клінам, адказаў: «Манілаўка, можа, а не Заманілаўка?»

вернуться

5

Пасаж — здарэнне.