Выбрать главу

«Не, ніякага Вераб’я я не прыпісваў», сказаў Сабакевіч і адышоў да іншых гасцей.

Госці дабраліся, нарэшце, грамадой да дому паліцэймейстара. Паліцэймейстар, сапраўды, быў цудадзей: як толькі пачуў ён, у чым справа, у тую-ж хвіліну гукнуў квартальнага, спрытнага хлопца ў лакірованых батфортах, і, здаецца, усяго два словы шапянуў яму на вуха, ды дадаў толькі: «разумееш!», а ўжо там, у другім пакоі, за той час, як госці рэзаліся ў віст, з’явіліся на стале бялуга, асятры, сёмга, ікра паюсная, ікра свежапрасольная, селядцы, сяўружкі, сыры, вэнджаныя языкі і балыкі, гэта ўсё было з боку рыбнага раду. Потым з’явіліся дадаткі з гаспадаровага боку, вырабы кухні: пірог з галавізнаю, куды ўвайшлі храсток і шчокі дзевяціпудовага асятра, другі пірог з груздамі, пражанцы [46], маслянцы [47], узваранцы [48]. Паліцэймейстар быў некаторым чынам бацька і дабрадзей у горадзе. Ён быў сярод грамадзян зусім як у роднай сям’і, а ў крамы і ў гандлёвы двор наведваўся, як ва ўласную кладоўку. Наогул ён сядзеў, як кажуць, на сваім месцы і пасадай сваёй авалодаў дасканала. Цяжка было нават і вырашыць, ці ён быў створаны для месца, ці месца для яго. Справа кіравалася так разумна, што ён меў прыбыткаў удвая больш супроць усіх сваіх папярэднікаў, а між іншым заслужыў любоў усяго горада. Купцы першыя яго вельмі любілі, іменна за тое, што не горды; і сапраўды, ён хрысціў у іх дзяцей, куміўся з імі і хоць дзёр часам з іх моцна, але неяк надзвычай спрытна: і па плячу паляпае, і засмяецца, і чаем напоіць, паабяцае і сам прыйсці пагуляць у шашкі, распытае аб усім: як справы, што і як. Калі даведаецца, што дзіцянё як-небудзь захварэла, і лекі параіць, словам, маладзец!

Паедзе па дрожках, навядзе парадак, а між тым і слоўца прамовіць таму-другому: «Што, Міхеіч! трэба было-б нам з табою дагуляць калі-небудзь у горку?» — «Так, Аляксей Іваныч». адказваў той, здымаючы шапку: «трэба было-б». — «Ну, брат Ілья Парамоныч, прыходзь да мяне паглядзець рысака: навыперадкі з тваім пойдзе, ды і свайго запражы ў бегавыя; паспрабуем». Купец, які на рысаку быў памешаны, усміхаўся на гэта, як кажуць, з асаблівай ахвотай, і, гладзячы бараду, гаварыў: «Паспрабуем, Аляксей Іваныч!» Нават усе сядзельцы, звычайна зняўшы шапкі, са здавальненнем пазіралі адзін на аднаго і як быццам хацелі сказаць: «Аляксей Іванавіч добры чалавек!» Словам, ён паспеў набыць шырокую вядомасць, і думка купцоў была такая, што Аляксей Іванавіч «хоць яно і возьме, але затое ніяк ужо цябе не выдасць».

Заўважыўшы, што закуска была гатова, паліцэймейстар прапанаваў гасцям скончыць віст пасля снедання, і ўсе пайшлі ў той пакой, адкуль ішоў прыемны пах, што даўно казытаў ноздры гасцей, і куды Сабакевіч даўно ўжо заглядаў праз дзверы, нацэліўшыся здалёк на асятра, які ляжаў убаку на вялікім блюдзе. Госці, выпіўшы па чарцы гарэлкі цёмнага, аліўкавага колеру, які бывае толькі на сібірскіх празрыстых каменнях, з якіх рэжуць на Русі пячаткі, падступілі з усіх бакоў з відэльцамі да стала і пачалі выяўляць, як кажуць, кожны свой характар і нахілы, націскаючы хто на ікру, хто на сёмгу, хто на сыр. Сабакевіч, пакінуўшы без усякай увагі ўсе гэтыя дробязі, прымайстраваўся да асятра, і пакуль тыя пілі, размаўлялі і елі, ён за чвэртку гадзіны з нечым даехаў яго ўсяго, так што калі паліцэймейстар успомніў аб ім, і, сказаўшы: «а якім вам, панове, здасца вось гэта стварэнне прыроды?» падышоў да яго з відэльцам разам з іншымі, дык убачыў, што ад стварэння прыроды застаўся толькі адзін хвост; а Сабакевіч прытаіўся, як быццам і не ён, і, падышоўшы да талеркі, якая была далей ад іншых, пароў відэльцам у нейкую сушаную, маленькую рыбку. Увабраўшы асятра, Сабакевіч сеў у крэсла і ўжо больш не еў, не піў, а толькі жмурыў і лыпаў вачамі. Паліцэймейстар, здаецца, не любіў шкадаваць віна; тостам не было ліку. Першы тост быў выпіт, як чытачы, можа, і самі здагадаюцца, за здароўе новага херсонскага памешчыка, потым за добрабыт сялян яго і шчаслівае іх перасяленне, потым за здароўе будучай яго жонкі красуні, што сарвала прыемную ўсмешку з вуснаў нашага героя. Прыступілі да яго з усіх бакоў і сталі моцна прасіць застацца хоць на два тыдні ў горадзе: «Не, Павел Іванавіч: як вы сабе хочаце, гэта выходзіць хату толькі астуджваць: на парог ды і назад! Не, вы правядзіце час з намі! Вось мы вас ажэнім; праўда, Іван Грыгор’евіч, ажэнім яго?»

«Ажэнім, ажэнім!» падхапіў старшыня. «Як ні ўпірайцеся ўжо рукамі і нагамі, мы вас ажэнім! Не, бацюхна, трапілі вы сюды, дык не скардзіцеся. Мы жартаваць не любім».

«Што-ж? навошта ўпірацца рукамі і нагамі», сказаў, усміхнуўшыся, Чычыкаў: «жаніцьба яшчэ не такая рэч, каб тое... была-б нявеста».

вернуться

46

Піражкі з мясам і цыбуляй.

вернуться

47

Клёцкі з цеста ў растопленым масле.

вернуться

48

Вараныя фрукты.