Выбрать главу

РАЗДЗЕЛ VIII

Пакупкі Чычыкава зрабіліся прадметам размоў. У горадзе пайшлі чуткі, думкі, разважанні аб тым, ці карысна купляць на вывад сялян. У спрэчках многія выявілі дасканалае разуменне прадмета. «Вядома», гаварылі некаторыя: «гэта так, супроць гэтага і спрачацца няма чаго: землі ў паўднёвых губернях сапраўды добрыя і ўраджайныя; але як будзе сялянам Чычыкава без вады? ракі-ж няма ніякай». «Гэта-б яшчэ нічога, што няма вады, гэта-б нічога, Сцяпан Дзмітрыевіч, але перасяленне, вось ненадзейная рэч. Справа вядомая, што мужык: на новай зямлі, ды заняцца яшчэ земляробствам, ды нічога ў яго няма, ні хаты, ні двара, уцячэ, як двойчы два, навострыць так лыжы, што і следу не знойдзеш». «Не, Аляксей Іванавіч, дазвольце, дазвольце, я не згодзен з тым, што вы кажаце, што мужык Чычыкава ўцячэ. Рускі чалавек здольны да ўсяго і прывыкае да ўсякага клімату. Пашлі яго хоць на Камчатку ды дай толькі цёплыя рукавіцы, ён паляпае рукамі, тапор у рукі, і пайшоў ставіць сабе новую хату». «Але, Іван Грыгор’евіч, ты абмінаеш важную справу: ты не запытаў яшчэ, які мужык у Чычыкава. Забыў тое, што добрага-ж чалавека не прадасць памешчык; я гатоў галаву пакласці, калі мужык Чычыкава не злодзей і не п’яніца ў апошняй ступені, марнатравец і буйных паводзін». «Так, так, на гэта я згодзен, гэта праўда, ніхто не прадасць добрых людзей, і мужыкі Чычыкава п’яніцы; але трэба ўзяць пад увагу, што вось тут і ёсць мараль, тут вось і захавана мараль: яны цяпер нягоднікі, а перасяліўшыся на новую зямлю, раптам могуць зрабіцца найлепшымі подданымі. Ужо было нямала такіх прыкладаў: проста ў свеце, ды і па гісторыі таксама». «Ніколі, ніколі», гаварыў упраўляючы казённымі фабрыкамі: «паверце, ніколі гэтага не можа быць. Бо ў сялян Чычыкава будуць цяпер два моцныя ворагі. Першы вораг гэта блізасць губерняў маларасійскіх, дзе, як вядома, вольны продаж гарэлкі. Я вас запэўняю: за два тыдні яны сап’юцца і будуць як вусцілкі. Другі вораг ёсць ужо самая прывычка да бадзяжнага жыцця, якая абавязкова набываецца сялянамі ў часе перасялення. Трэба хіба, каб яны вечна былі перад вачамі Чычыкава і каб ён трымаў іх пад абцасам, ганяў-бы іх за ўсякую дробязь, ды і не то, каб спадзеючыся на іншага, а каб сам-такі асабіста, дзе трэба, даўбы і ў зубы і ў каршэнь». «Навошта-ж Чычыкаву тузацца самому і даваць у каршэнь, ён можа знайсці і ўправіцеля». «Так, знойдзеце ўправіцеля: усе шэльмы!» «Шэльмы таму, што паны не займаюцца справай». «Гэта праўда», падхапілі многія. «Каб сам пан ведаў хоць крыху толк у гаспадарцы, ды ўмеў распазнаваць людзей, у яго быў-бы заўсёды добры ўправіцель». Але ўпраўляючы сказаў, што менш, як за 5000, нельга знайсці добрага ўправіцеля. Старшыня-ж сказаў, што можна і за 3000 адшукаць. Але ўпраўляючы сказаў: «Дзе-ж вы яго знойдзеце? хіба ў сябе ў носе?» Старшыня-ж сказаў: «Не, не ў носе, а ў тутэйшым-жа павеце, іменна: Пётр Пятровіч Самойлаў: вось управіцель, які патрэбен для мужыкоў Чычыкава!» Многія шчыра спачувалі становішчу Чычыкава, і цяжкасць перасялення такой велізарнай колькасці сялян іх надзвычай палохала; сталі моцна баяцца, каб не адбылося нават бунту сярод такога неспакойнага народа, як сяляне Чычыкава. На гэта паліцэймейстар заўважыў, што бунту няма чаго баяцца, што для папярэджання яго існуе ўлада капітана-спраўніка, што капітан-спраўнік, каб сам і не ездзіў, а паслаў толькі замест сябе адну шапку сваю, дык адна гэтая шапка пагоніць сялян да самага месца іх жыхарства. Многія прапаноўвалі свае думкі наконт таго, як выкараніць бунтарны дух, які апаноўваў сялян Чычыкава. Думкі былі рознага роду: былі такія, якія занадта ўжо адзначаліся ваеннай жорсткасцю і строгасцю, бадай што залішняю; былі, аднак-жа, і такія, ад якіх веяла лагоднасцю. Паштмейстар заўважыў, што Чычыкава чакаюць свяшчэнныя абавязкі, што ён можа зрабіцца сярод сваіх сялян у некаторым родзе бацькам, паводле яго выразу, пашырыць нават дабрадзейную асвету, і пры гэтым выпадку адазваўся з вялікай пахвалаю аб Ланкастэравай [50] школе ўзаемнага навучання.

Такім чынам разважалі і гутарылі ў горадзе, і шмат хто пабуджаючыся спачуваннем, паведамляў Чычыкаву асабіста аб некаторых з гэтых парад, прапанавалі нават канвой, каб бяспечна правесці сялян да месца жыхарства. За. парады Чычыкаў дзякаваў, гаворачы, што не міне выпадку іх выкарыстаць, ад канвоя адмовіўся рашуча, гаворачы, што ён зусім непатрэбны, што купленыя ім сяляне надзвычай смірнага характару, адчуваюць самі добраахвотна схільнасць да перасялення і што бунту ні ў якім разе сярод іх быць не можа.

Усе гэтыя меркаванні і разважанні далі аднак-жа самыя спрыяльныя вынікі, якіх толькі мог чакаць Чычыкаў. Іменна разнеслі чуткі, што ён ні больш, ні менш як мільёншчык. Жыхары горада і без таго, як ужо мы бачылі ў першым раздзеле, шчыра палюбілі Чычыкава, а цяпер пасля такіх чутак палюбілі яшчэ больш шчыра. Аднак-жа, калі сказаць праўду, яны ўсе былі народ добры, жылі між сабой у згодзе, абыходзіліся зусім па-прыяцельску, і гутаркі мелі адзнаку нейкай асаблівай прастадушнасці і блізасці: «любы дружа, Ілья Ільіч! паслухай, брат, Анціпатар Захар’евіч!.. Ты нахлусіў, мамачка, Іван Грыгор’евіч!» Да паштмейстара, якога звалі Іван Андрэевіч, заўсёды дадавалі: шпрэхен зі дэйч, Іван Андрэйч? Словам! усё было надта сямейственна. Шмат хто быў не без адукацыі: старшыня палаты ведаў напамяць Людмілу Жукоўскага, якая яшчэ была тады непрастыўшай навіной, і па-майстэрску чытаў шмат якія месцы, асабліва: «бор заснуў, даліна спіць» і слова: «чу!», так што сапраўды здавалася, як быццам даліна спіць; для большага падабенства, ён нават у гэты час зажмурваў вочы. Паштмейстар ударыўся больш у філасофію і чытаў вельмі старанна, нават начамі, Юнгавы Ночы [

вернуться

50

Ланкастэр—англійскі педагог.