У апошнім радку не было памеру, але гэта, аднак, нічога: ліст быў напісаны ў духу таго часу. Ніякага подпісу таксама не было: ні імя, ні прозвішча, ні нават месяца і даты. У postscriptum [53] было толькі дадана, што яго ўласнае сэрца павінна адгадаць пісаўшую, і што на бале ў губернатара, які мае быць заўтра, будзе прысутнічаць сам арыгінал.
Гэта вельмі яго зацікавіла. У ананіме [54] было так многа прывабнага і ўзбуджаючага цікаўнасць, што ён перачытаў і другі і трэці раз пісьмо і, нарэшце, сказаў: «Цікава, аднак-жа ведаць, хто-б такая была пісаўшая!» Словам, справа, як відаць, завязвалася сур’ёзна; больш за гадзіну ён усё думаў аб гэтым, нарэшце, растапырыўшы рукі і нахіліўшы галаву, сказаў: «А пісьмо вельмі, вельмі пакручаста напісана». Потым, само сабой зразумела, пісьмо было згорнута і пакладзена ў шкатулку, у суседстве з нейкай афішай і запрашальным білетам на вяселле, які сем год захоўваўся ў тым-жа стане і на тым-жа месцы. Неўзабаве, сапраўды прынеслі яму запрашэнне на бал да губернатара — справа вельмі звычайная ў губернскіх гарадах: дзе губернатар, там і бал, інакш ніяк не будзе належнай любві і павагі з боку дваранства.
Усё пабочнае было ў тую-ж хвіліну пакінута і адсунуга прэч, і ўсё было накіравана на падрыхтоўку да бала, бо, сапраўды, было шмат прычын, якія закраналі і пабуджалі да гэтага. Затое, можа, ад самага стварэння свету не было страчана столькі часу на туалет. Цэлая гадзіна была прысвечана толькі на адно разгляданне твару ў люстэрку. Рабіліся спробы надаць яму мноства розных выразаў: то важны і сталы, то пачцівы, але з некаторай усмешкай, то проста пачцівы без усмешкі; адпушчана было ў люстэрка некалькі паклонаў у суправаджэнні невыразных гукаў, крыху падобных да французскіх, хоць па-французску Чычыкаў не ведаў зусім. Ён зрабіў нават самому сабе мноства прыемных сюрпрызаў, падміргнуў брывом і губамі і зрабіў тое-сёе нават языком; словам, ці мала чаго не робіш, застаўшыся адзін, адчуваючы пры гэтым, што прыгожы, і да таго-ж будучы ўпэўнены, што ніхто не заглядае ў шчыліну. Нарэшце, ён лёгка ляпнуў сябе па падбародку, сказаўшы: ах ты, мардашка гэтакі! і пачаў апранацца. Самы прыемны настрой суправаджаў яго на працягу ўсяго часу апранання; ускладаючы падцяжкі або завязваючы гальштук, ён рабіў рэверансы і кланяўся з асаблівым спрытам, і хоць ніколі не танцаваў, але зрабіў антраша. Гэтае антраша мела маленькі нявінны вынік: задрыжаў камод і ўпала са стала шчотка.
З’яўленне яго на бале зрабіла надзвычайнае ўражанне. Усё, што ні было, рушыла яму насустрач, хто з картамі ў руках, хто на самым цікавым месцы размовы сказаўшы: «а ніжні земскі суд адказвае на гэта...» але што такое адказвае ніжні земскі суд, гэта ён ужо кінуў набок і спяшаўся з прывітаннем да нашага героя. «Павел Іванавіч! Ах, божа мой, Павел Іванавіч! Даражэнькі Павел Іванавіч! Паважанейшы Павел Іванавіч! Душа мая Павел Іванавіч! Вось дзе вы, Павел Іванавіч! Вось ён наш Павел Іванавіч! Дазвольце абняць вас, Павел Іванавіч! Давайце яго сюды, вось я яго пацалую моцна-моцна, майго дарагога Паўла Іванавіча!» Чычыкаў разам адчуў сябе ў некалькіх абдымках. Не паспеў зусім вылузацца з абдымкаў старшыні, як трапіў ужо ў абдымкі паліцэймейстара; паліцэймейстар здаў яго інспектару ўрачэбнай управы; інспектар урачэбнай управы адкупшчыку, адкупшчык архітэктару... Губернатар, які ў той час стаяў каля дам і трымаў у адной руцэ цукерачны білет і балонку, убачыўшы яго, кінуў на падлогу і білет і балонку — толькі завішчаў сабачка; словам, прынёс ён радасць і вясёласць незвычайную. Не было твару, на якім-бы не выявілася прыемнасць ці прынамсі адбітак усеагульнай прыемнасці. Так бывае на тварах чыноўнікаў у часе агляду прыехаўшым начальнікам давераных кіраванню іх месцаў: пасля таго як першы страх прайшоў, яны ўбачылі, што многа чаго яму падабаецца, і сам ён меў ласку, нарэшце, пажартаваць, гэта значыць сказаць з прыемнай усмешкай некалькі слоў. Смяюцца ўдвая ў адказ на гэта прыбліжаныя чыноўнікі, што абступілі яго; смяюцца шчыра тыя, што між іншым, не зусім добра пачулі вымаўленыя ім словы, і нарэшце, далёка каля дзвярэй, каля самага выхаду, які-небудзь паліцэйскі, які зроду не смяяўся за ўсё сваё жыццё і толькі што паказаў перад гэтым народу кулак, і той, паводле нязменных законаў адлюстравання, выражае на твары сваім нейкую ўсмешку, хоць гэтая ўсмешка больш падобна да таго, як-бы хто-небудзь збіраўся чхнуць пасля моцнай табакі. Герой наш адказваў усім і кожнаму і адчуваў нейкую небывалую спрытнасць: раскланьваўся направа і налева, па свайму звычаю, крыху набок, але зусім свабодна, так што зачараваў усіх. Дамы тут-жа абступілі яго бліскучай гірляндай і нанеслі з сабой цэлыя воблакі ўсялякіх прыемных водыраў: адна дыхала ружамі, ад другой павявала вясной і фіялкамі, трэцяя ўся наскрозь была прапарфумована разядой; Чычыкаў падымаў толькі нос угору ды нюхаў. Ва ўбраннях іх густу было процьма: мусліны, атласы, кісеі былі такіх бледных модных колераў, якім нават і назвы нельга было падшукаць (да такой ступені дайшла тонкасць густу). Істужкавыя банты і букеты кветак пырхалі там і там па ўбраннях у самым маляўнічым беспарадку, хоць над гэтым беспарадкам працавала многа някепская галава. Лёгкі галаўны ўбор трымаўся толькі на адных вушах і, здавалася, гаварыў: «Эй, палячу, шкада толькі, што не падыму з сабой красуню!» Таліі былі абцягнуты і мелі самыя пругкія і прыемныя для вачэй формы (трэба заўважыць, што наогул усе дамы горада N былі крыху поўныя, але шнураваліся з такім майстэрствам і мелі такія прыемныя манеры, што паўнаты ніяк нельга было заўважыць). Усё было ў іх прыдумана і прадугледжана з незвычайнай асцярожлівасцю; шыя, плечы былі адкрыты якраз настолькі, наколькі трэба, і ніяк не далей; кожная абнажыла сваё ўладанне да тых межаў, пакуль адчувала па ўласнаму перакананню, што яны здольны былі загубіць чалавека; астатняе ўсё было прыхавана з незвычайным густам: ці які-небудзь лёганькі гальштучак з істужкі лягчэй за пірожнае, вядомае пад назвай пацалунка, эфірна абнімаў шыю, ці выпушчаны былі з-за плеч, з-пад сукенкі, маленькія зубчатыя сценкі з тонкага батысту, вядомыя пад назвай скромнасцей. Гэтыя скромнасці хавалі наперадзе і ззаду тое, што ўжо не магло прынесці пагібелі чалавеку, а між тым прымушалі падазраваць, што там вось іменна і была самая пагібель. Доўгія пальчаткі былі надзеты не да самых рукавоў, але абдумана пакідалі голымі спакуслівыя часткі рук вышэй локця, якія ў многіх дыхалі зайздроснай паўнатой; у іншых нават лопнулі лайкавыя пальчаткі, прымушаныя пасунуцца далей, словам, здаецца, быццам на ўсім было напісана: не, гэта не губерня, гэта сталіца, гэта сам Парыж! Толькі дзе-ні-дзе раптам высоўваўся які-небудзь нябачаны на зямлі каптур ці нават нейкае ледзь не паўлінавае пяро, наперакор усім модам па ўласнаму густу, але ўжо без гэтага нельга, такая ўласцівасць губернскага горада: дзе-небудзь ужо ён абавязкова схібіць. Чычыкаў, стоячы перад імі, думаў: каторая аднак-жа склала пісьмо? і высунуў быў наперад нос; але па самым носе шмаргануў яго цэлы рад локцяў, абшлагоў, рукавоў, канцоў істужак, пахучых шэмізетак і сукняў. Галопад ляцеў на ўсю прапалую: паштмейстарша, капітан-спраўнік, дама з блакітным пяром, дама з белым пяром, грузінскі князь Чыпхайхілідзеў, чыноўнік з Пецербурга, чыноўнік з Масквы, француз Куку, Перхуноўскі, Берэбендоўскі — усё паднялося і паімчалася...