Выбрать главу

«А, херсонскі памешчык, херсонскі памешчык!» крычаў ён, падыходзячы і заліваючыся смехам, ад якога дрыжалі яго свежыя, румяныя, як вясновая ружа, шчокі! «Што! шмат натаргаваў мёртвых? Вы-ж не ведаеце, ваша прэвасхадзіцельства», гарланіў ён тут-жа, звярнуўшыся да губернатара: «ён гандлюе мёртвымі душамі! Дальбог. Паслухай, Чычыкаў! ты-ж, я табе кажу па дружбе, вось мы ўсе тут твае сябры, вось і яго прэвасхадзіцельства тут, я-б цябе павесіў, дальбог павесіў!»

Чычыкаў проста не ведаў, дзе сядзеў.

«Ці паверыце, ваша прэвасхадзіцельства», гаварыў далей Наздроў: «як сказаў ён мне: прадай мёртвых душ, я так і лопнуў са смеху. Прыязджаю сюды, мне кажуць, што накупляў на тры мільёны сялян на вывад: якіх на вывад! ды ён таргаваў у мяне мёртвых. Паслухай, Чычыкаў, ды ты жывёліна, дальбог жывёліна, вось і яго прэвасхадзіцельства тут, ці не праўда, пракурор?»

Але пракурор, і Чычыкаў, і сам губернатар так разгубіліся, што не знайшліся зусім, што адказаць, а між тым Наздроў, ніколькі не звяртаючы ўвагі, вёрз напоўцвярозую гаворку: «Ты ўжо, брат, ты, ты... я не адыйду ад цябе, пакуль не даведаюся, навошта купляў мёртвыя душы. Паслухай, Чычыкаў, табе-ж, дапраўды, сорам, у цябе, ты сам ведаеш, няма лепшага друга, як я. Вось і яго прэвасхадзіцельства тут, ці не праўда, пракурор? Вы не паверыце, ваша прэвасхадзіцельства, як мы адзін да аднаго прывязаны, гэта значыць, проста калі-б вы сказалі, вось, я тут стаю, а вы-б сказалі: Наздроў! скажы праўду, хто табе даражэй — бацька родны, ці Чычыкаў? Скажу: Чычыкаў, дальбог... Дазволь, душа, я табе ўляплю адзін безэ [56]. Вы ўжо дазвольце, ваша прэвасхадзіцельства, пацалаваць мне яго. Так, Чычыкаў, ты ўжо не ўпірайся, адну безэшку дазволь адбіць табе на беласнежнай шчацэ тваёй!» Наздроў з сваім безэ быў так адапхнуты, што ледзь не паляцеў на зямлю: ад яго ўсе адступіліся і не слухалі больш, але ўсё-ж словы яго пра пакупку мёртвых душ былі сказаны ва ўсё горла і суправаджаліся такім гучным смехам, што прыцягнулі ўвагу нават усіх тых, якія знаходзіліся ў самых далёкіх кутках пакоя. Гэтая навіна здалася такою дзіўнай, што ўсе спыніліся з нейкім драўляным, бязглузда-запытальным выразам. Чычыкаў заўважыў, што многія дамы пераміргнуліся паміж сабою з нейкай злоснай, едкай усмешкай, і ў выразе некаторых твараў з’явілася нешта такое двухсэнснае, што яшчэ больш павялічыла гэтую збянтэжанасць. Што Наздроў хлус заўзяты, гэта было вядома ўсім, і зусім не ў навіну было пачуць ад яго відавочную бязглуздзіцу; але смяротны, дапраўды, цяжка нават зразумець, як пабудован гэты смяротны: якою-б пошлай ні была навіна, але абы яна была навіна, ён абавязкова паведаміць яе другому смяротнаму, хоць-бы іменна для таго толькі, каб сказаць: «паглядзіце, якую хлусню распусцілі!» А другі смяротны з прыемнасцю нахіліць вуха, хоць пасля скажа сам: «дык гэта зусім пошлая хлусня, якая не варта ніякай увагі!» і ўслед за тым зараз-жа пойдзе шукаць трэцяга смяротнага, каб, расказаўшы яму, пасля разам з ім выгукнуць з высокародным абурэннем: «якая пошлая хлусня!» I гэта абавязкова абыйдзе ўвесь горад, і ўсе смяротный, колькі іх ні ёсць, нагаворацца абавязкова ў смак і потым прызнаюць, што гэта не варта ўвагі і недастойна, каб пра яго гаварыць.

Гэтае недарэчнае, як відаць, здарэнне прыкметна папсавала настрой нашаму герою. Як ні бязглузды словы дурня, а часам іх бывае даволі, каб збянтэжыць разумнага чалавека.

Ён пачаў адчуваць сябе няёмка, няладна: акурат як быццам да бляску вычышчаным ботам ступіў раптам у брудную смярдзючую лужыну, словам, нядобра, зусім нядобра! Ён спрабаваў аб гэтым не думаць, стараўся рассеяцца, забавіцца чым, прысеў у віст, але ўсё пайшло, як крывое кола: два разы зайшоў ён у чужую масць і, забыўшы, што па трэцяй не б’юць, размахнуўся з усёй рукі і лупянуў здуру сваю-ж. Старшыня ніяк не мог зразумець, як Павел Іванавіч, так добра і можна сказаць тонка разумеўшы гульню, мог зрабіць падобныя памылкі і падвёў нават пад абух яго піковага караля, на якога ён, паводле ўласнага выразу, спадзяваўся, як на бога. Вядома, паштмейстар і старшыня і нават сам паліцэймейстар, як водзіцца, жартавалі з нашага героя — ці не закаханы ўжо ён, і што мы, бачыце, ведаем, што ў Паўла Іванавіча сэрцайка крыху кульгае, ведаем, кім і падстрэлена; але ўсё гэта ніяк яго не суцяшала, як ён ні спрабаваў усміхацца і жартаваць. За вячэрай таксама ён ніяк не змог разыйсціся, не гледзячы на тое, што кампанія за сталом была прыемная і што Наздрова даўно ўжо вывелі; бо самі нават дамы, нарэшце, заўважылі, што паводзіны яго рабіліся занадта скандалёзнымі. Сярод катыльёна [57] ён сеў на падлогу і пачаў хапаць за крыссе танцораў, што было ўжо ні нашто не падобна, паводле выразу дам. Вячэра была вельмі вясёлая, усе твары, мільгаўшыя перад трайнымі падсвечнікамі, кветкамі, цукеркамі і бутэлькамі, былі асветлены самым нявымушаным задаваленнем. Афіцэры, дамы, фракі, усё зрабілася ветлівым нават да саладжавасці. Мужчыны ўскаквалі з крэслаў і беглі адбіраць у слуг талеркі са стравай, каб з незвычайнай спрытнасцю прапанаваць іх дамам. Адзін палкоўнік падаў даме талерку з соусам на канцы аголенай шпагі. Мужчыны сталых гадоў, паміж якімі сядзеў Чычыкаў, спрачаліся голасна, заядаючы трапнае слова рыбай ці ялавічынай, памочанай бязлітасным чынам у гарчыцу, і вялі такія спрэчкі, у якіх ён заўсёды прымаў удзел; але ён быў падобны на нейкага чалавека, стомленага ці разбітага далёкай дарогай, якому нічога не лезе ў галаву, і які не мае сіл удумацца ні ў што. Нават не дачакаўся ён канца вячэры і паехаў да сябе непараўнана раней, чым меў звычай ад’язджаць.

вернуться

56

Пацалунак.

вернуться

57

Фігурны танец, які выконваецца парамі.