Там, у гэтым пакоі, так знаёмым чытачу, з дзвярамі, застаўленымі камодам, і выглядаўшымі часам з куткоў тараканамі, стан яго думак і духу быў такі-ж неспакойны, як неспакойныя былі тыя крэслы, у якіх ён сядзеў. Непрыемна, смутна было ў яго на сэрцы, нейкая цяжкая пустата заставалася там. «Каб вас чорт пабраў усіх, хто выдумаў гэтыя балы!» гаварыў ён у злосці. «Ну, чаму здуру ўзрадаваліся? У губерні неўраджай, дарагоўля, дык вось яны за балы! Вось штука: папрыбіраліся ў бабскія анучы! Вось дзіва, што іншая накруціла на сябе тысячу рублёў! А ўсё-ж гэта за кошт сялянскіх аброкаў ці, што яшчэ горш, за кошт сумлення нашага брата. Вядома-ж, для чаго бярэш хабар і пакрывіш душой: для таго, каб жонцы дастаць на шаль або на розныя раброны [58], ліха-б іх узяло, як іх называюць. А праз што? каб не сказала якая-небудзь падбухторка Сідараўна, што на паштмейстаршы была лепшая сукенка, ды праз яе бух тысячу рублёў. Крычаць: «бал, бал, весялосць!» проста, дрэнь бал, не ў рускім духу, не ў рускай натуры, чорт ведае што такое: дарослы, поўналетні раптам выскачыць увесь у чорным, абсмыканы, абцягнуты, як чорцік, і давай мясіць нагамі. Некаторы, нават стоячы ў пары, перагаварваецца з другім аб важнай справе, а нагамі ў той-жа самы час, як казлянё, вензелі направа і налева... Усё з малпавання, усё з малпавання! Калі француз у сорак гадоў такое-ж дзіцянё, якім быў і ў пятнаццаць гадоў, дык вось давай-жа і мы! Не, дапраўды... пасля кожнага бала, якраз быццам які грэх зрабіў; і ўспомніць нават аб ім не хочацца. У галаве, проста, нічога, як пасля размовы са свецкім чалавекам: усяго ён нагаворыць, усё злёгку закране, усё скажа, што панаскубаў з кніжак, страката, квяціста, а ў галаве хоць-бы што-небудзь з таго вынес, і бачыш потым, як нават размова з простым купцом, які ведае адну сваю справу, але ведае яе цвёрда і практычна, лепш за ўсе гэтыя бразгушкі. Ну што з яго выціснеш, з гэтага бала? Ну, калі-б, скажам, які-небудзь пісьменнік надумаўся апісваць усю гэтую сцэну так, як яна ёсць? Ну і ў кнізе і там была-б яна гэтакая-ж бязладная, як у натуры. Што яна такое: ці маральная, ці амаральная? проста чорт ведае што такое! Плюнеш, ды і кнігу потым загорнеш». Так адзываўся неcпрыяльна Чычыкаў аб балах наогул; але, здаецца, сюды ўмяшалася іншая прычына абурэння. Галоўная злосць была не на бал, а на тое, што здарылася яму сарвацца, што ён раптам паказаўся перад усімі бог ведае ў якім выглядзе, што ён адыграў нейкую дзіўную, двухсэнсовую ролю. Вядома, паглядзеўшы вокам разважнага чалавека, ён бачыў, што ўсё гэта глупства, што дурное слова нічога не значыць, асабліва цяпер, калі галоўная справа ўжо зроблена як след. Але дзіўны чалавек: яго моцна засмучала непрыхільнасць тых самых, якіх ён не паважаў і наконт якіх адзываўся рэзка, ганьбуючы іх марнатраўства і ўбранні. Гэта тым больш было яму прыкра, што, разабраўшы справу ясна, ён бачыў, што прычынай гэтага быў часткова сам. Аднак-жа на сябе ён не раззлаваўся, і ў гэтым, вядома, быў правы. Усе мы маем маленькую слабасць крыху пашкадаваць сябе, а стараемся лепш адшукаць якога-небудзь бліжняга, на кім-бы спагнаць сваю прыкрасць, напрыклад, на слузе, на чыноўніку, падпарадкаваным нам, які трапіў на гэты час, на жонцы, ці, нарэшце, на крэсле, якое шпурнецца чорт ведае куды, да самых дзвярэй, так што адляціць ад яго ручка і спінка, хай, бачыш, ведае, што такое гнеў. Так і Чычыкаў хутка адшукаў бліжняга, які пацягнуў на плячах сваіх усё, што толькі магла падказаць яму прыкрасць. Бліжні гэты быў Наздроў, і няма чаго казаць, ён атрымаў такога чосу з усіх бакоў, як хіба толькі атрымлівае які-небудзь шэльма стараста ці вазак ад якога-небудзь язджалага, спрактыкаванага капітана, а часам і генерала, які, акрамя многіх выразаў, што зрабіліся класічнымі, дадае яшчэ шмат невядомых, вынаходства якіх належыць яму самому. Уся радаслоўная Наздрова была разабрана, і многія з членаў яго фаміліі па ўзыходзячай лініі моцна пацярпелі.