Але ў той час, як ён сядзеў у цвёрдым сваім крэсле, устурбаваны думкамі і бяссонніцай, частуючы шчодра Наздрова і ўсю яго радню, і перад ім цьмела сальная свечка, кнот якой даўно ўжо накрыўся нагарэўшаю чорнай шапкай, штохвілінна пагражаючы патухнуць, і глядзела яму ў вокны сляпая, цёмная ноч, гатовая пасінець ад блізкага світання, і пераклікаліся ўдалечыні пеўні, і ў зусім заснуўшым горадзе, можа быць, поўз дзе-небудзь фрызавы шынель, небарака невядома якога класа і чыну, што ведае адну толькі (на жаль!) занадта пратораную рускім забубенным народам дарогу, — у гэты час на другім канцы горада адбывалася падзея, якая мелася павялічыць непрыемнасць становішча нашага героя. Іменна ў аддаленых вуліцах і завулках горада бразгатаў вельмі дзіўны экіпаж, які выклікаў неўразуменне наконт сваёй назвы. Ён не быў падобны ні да тарантаса, ні да каляскі, ні да брычкі, а хутчэй быў падобен да таўсташчокага выпуклага кавуна, пастаўленага на колы. Шчокі гэтага кавуна, г. зн. дзверцы, якія насілі сляды жоўтай фарбы, зачыняліся вельмі дрэнна, з прычыны дрэннага стану ручак і замкоў, так-сяк звязаных вяроўкамі. Кавун быў напоўнены паркалёвымі падушкамі накшталт кісетаў, валікаў і проста падушак, напакаваны мяхамі з булкамі хлеба, калачамі, какуркамі [59], скарадумкамі і пернікамі з заварнога цеста. Пірог-курнік і пірог-расольнік выглядалі нават наверх. Запяткі былі заняты асобай лакейскага паходжання, у куртцы з хатняга паласатага палатна, з няголенай барадой, з налётам лёгкай сівізны, асоба, вядомая пад імем «хлапца». Шум і віск ад жалезных скобак і ржавых вінтоў пабудзілі на другім канцы горада будачніка, які, падняўшы сваю алебарду, закрычаў спрасонку колькі ставала сілы: «хто ідзе?» але, убачыўшы, што ніхто не ішоў, а чулася толькі здалёк бразгатанне, злавіў у сябе на каўняры нейкага звера і, падышоўшы да ліхтара, пакараў яго смерцю тут-жа на сваім пазногці. Пасля чаго, адставіўшы алебарду, зноў заснуў паводле статута свайго рыцарства. Коні раз-по-разу падалі на пярэднія калені, бо не былі падкуты, і пры гэтым, як відаць, спакойны гарадскі брук быў ім мала знаёмы. Каламажка, зрабіўшы некалькі паваротаў з вуліцы ў вуліцу, нарэшце, павярнула ў цёмны завулак міма невялікай прыходскай царквы Міколы на Недатычках і спынілася перад варотамі дома пратапопшы. З брычкі вылезла дзеўка з хусткай на галаве, у целагрэйцы, і застукала абодвума кулакамі ў вароты так моцна, як які мужчына (хлопец у стракатай куртцы потым ужо быў сцягнуты за ногі, бо спаў, як мярцвяк). Сабакі забрахалі, і вароты, разявіўшыся, нарэшце, праглынулі, хоць і з вялікімі цяжкасцямі, гэтае нязграбнае дарожнае стварэнне. Экіпаж уз’ехаў на цесны двор, завалены дрывамі, курасаднямі і ўсякімі клетухамі; з экіпажа вылезла пані: гэтая пані была памешчыца, калежская сакратарша Каробачка. Старэнькая, хутка пасля ад’езду нашага героя, так пачала непакоіцца наконт ашуканства, якое магло быць з яго боку, што, не паспаўшы тры начы запар, вырашыла ехаць у горад, не гледзячы на тое, што коні не былі падкуты, і там даведацца напэўна, якая цана на мёртвыя душы і ці не ашукалася ўжо яна, божа барані, прадаўшы іх, магчыма, занадта танна. Які меў вынік гэты прыезд, чытач можа даведацца з адной гутаркі, якая адбылася паміж двума дамамі. Гутарка гэтая... але няхай лепш гэтая гутарка будзе ў наступным раздзеле.
РАЗДЗЕЛ IX
Раніцой, раней нават таго часу, што вызначаны ў горадзе N для візітаў, з дзвярэй аранжавага драўлянага дома з мезанінам і блакітнымі калонамі выпырхнула дама ў клетчатым франтаўскім клоку [