60], суправаджаемая лакеем у шынялі з некалькімі каўнярамі і залатым галуном на круглым глянцавым капелюшы. Дама ўспырхнула ў той-жа час з незвычайнай паспешнасцю па адкінутых прыступках у стаяўшую каля пад’езда каляску. Лакей тут-жа захлопнуў даму дзверцамі, закідаў прыступкамі і, схапіўшыся за рамяні ззаду каляскі, закрычаў фурману: «пайшоў!» Дама везла толькі што пачутую навіну і адчувала непераадольную ахвоту хутчэй расказаць яе. Кожную хвіліну выглядала яна з акна і бачыла, на вялікі жаль, што ўсё яшчэ застаецца поўдарогі. Кожны дом здаваўся ёй даўжэй за звычайны; белая каменная багадзельня з вузенькімі вокнамі цягнулася нясцерпна доўга, так што яна, нарэшце, не ўцерпела, каб не сказаць: праклятая будыніна, і канца няма! Фурман ужо два разы атрымліваў загад: «хутчэй, хутчэй, Андрушка! ты сёння немагчыма доўга едзеш!» Нарэшце, мэта была дасягнута. Каляска спынілася перад драўляным-жа аднапавярховым домам цёмнашэрага колеру, з белымі барэльефчыкамі над вокнамі, з высокай драўлянай загарожаю перад самымі вокнамі і вузенькім палісаднікам; тоненькія дрэўцы, што знаходзіліся за агарожай яго, пабялелі ад ніколі не сыходзіўшага з іх гарадскога пылу. У вокнах мільгалі вазоны з кветкамі, папугай, які гойдаўся ў клетцы, учапіўшыся носам за кальцо, і два сабачкі, што спалі на сонцы. У гэтым доме жыла шчырая прыяцельніца прыехаўшай дамы. Аўтару надзвычайна цяжка: як назваць яму абодвух дам такім чынам, каб зноў не разгневаліся на яго, як гневаліся ў старыя часы. Назваць выдуманым прозвішчам небяспечна. Якое ні прыдумай імя, дык абавязкова знойдзецца ў якім-небудзь кутку нашай дзяржавы, балазе вялікая, хто-небудзь, што носіць яго, і абавязкова раззлуецца не на жыццё, а на смерць, будзе гаварыць, што аўтар знарок прыязджаў сакрэтна з тым, каб дазнацца, што ён такое сам, і ў якім кажушку ходзіць і да якой Аграфены Іванаўны наведваецца і што любіць есці. Назваць-жа па чынах, божа барані, яшчэ больш небяспечна. Цяпер у нас усе чыны і саслоўі так раздражнены, што ўсё, што ні ёсць у друкаванай кнізе, ужо здаецца ім асобаю: такі ўжо, відаць, настрой у паветры. Даволі сказаць толькі, што ў адным горадзе ёсць дурны чалавек, гэта ўжо і асабістае: раптам выскачыць пан паважнага выгляду і закрычыць: я-ж таксама чалавек, значыць я таксама дурны; словам умомант скеміць, у чым справа. А таму, каб унікнуць усяго гэтага, будзем называць даму, да якой прыехала госця, так, як яна называлася амаль аднагалосна ў горадзе N, іменна дамаю прыемнай ва ўсіх адносінах. Гэтую назву яна набыла законным чынам, бо, сапраўды, нічога не шкадавала, каб зрабіцца ветлівай да апошняй ступені. Хоць, вядома, праз ветлівасць пракрадаўся ух які жвавы спрыт жаночага характару! і хоць часам у кожным прыемным слове яе тырчэла ух якая шпілька! а ўжо не дай божа, што кіпела ў сэрцы супроць той, якая-б пралезла як-небудзь і чым-небудзь у першыя. Але ўсё гэта было ахінута самай тонкай свецкасцю, якая толькі бывае ў губернскім горадзе. Кожны рух яна рабіла з густам, нават любіла вершы, нават часамі лятуценна ўмела трымаць галаву, і ўсе згадзіліся, што яна, сапраўды, дама прыемная ва ўсіх адносінах. Другая-ж дама, г. зн. прыехаўшая, не мела такой шматбаковасці ў характары, і таму будзем называць яе: проста прыемная дама. Прыезд госці пабудзіў сабачак, што спалі на сонцы: калматую Адэль, якая ўвесь час блыталася ва ўласнай поўсці, і кабялька Папуры на тоненькіх ножках. Той і другая з брэхам панеслі кольцамі хвасты свае ў пярэднюю, дзе госця вызвалялася ад свайго клока і апынулася ў сукенцы моднага ўзору і колеру і ў доўгіх хвастах на шыі; жасміны павеялі па ўсім пакоі. Ледзь толькі ва ўсіх адносінах прыемная дама даведалася аб прыездзе проста прыемнай дамы, як ужо выбегла ў пярэднюю. Дамы ўхапіліся за рукі, пацалаваліся і ўскрыкнулі, як ускрыкваюць інстытуткі, спаткаўшыся хутка пасля выпуску, калі матулькі яшчэ не паспелі растлумачыць ім, што бацька ў адной бяднейшы і ніжэй чынам, чым у другой. Пацалунак адбыўся звонка, бо сабачкі забрахалі зноў, за што іх сцебанулі хустачкай, і абедзве дамы накіраваліся ў гасціную, зразумела, блакітную, з канапай, авальным сталом і нават шырмачкамі, абвітымі плюшчом; следам за імі пабеглі з вурчэннем махнатая Адэль і высокі Папуры на тонкіх ножках. «Сюды, сюды, вось у гэты куточак!» гаварыла гаспадыня, усаджваючы госцю ў кут канапы. «Вось так! вось так! вось вам і падушка!» Сказаўшы гэта, яна запхнула ёй за спіну падушку, на якой быў вышыты шэрсцю рыцар такім чынам, як і заўсёды вышываюць па канве: нос вышаў лесвіцаю, а зубы чатырохкутнікам. «Як-жа я рада, што вы... Я чую, хтосьці пад’ехаў, ды думаю сабе, хто-б мог так рана. Параша кажа: віцэ-губернатарша, а я кажу: ну вось зноў прыехала дурніца надакучаць, і ўжо хацела сказаць, што мяне няма дома...»