Выбрать главу

Госця ўжо хацела распачаць справу і паведаміць навіну. Але выгук, які зрабіла ў гэты час дама прыемная ва ўсіх адносінах, раптам даў другі напрамак размове.

«Які вясёлы паркаль!» выгукнула ва ўсіх адносінах прыемная дама, гледзячы на сукенку проста прыемнай дамы.

«Так, вельмі вясёленькі. Праскоўя Фёдараўна аднак-жа лічыць, што лепш, каб клетачкі былі драбнейшыя, і каб не карычневыя былі крапінкі, а блакітныя. Сястры я прыслала тканінку: гэта такая чароўнасць, проста нельга выказаць словамі; уявіце сабе: палосачкі вузенькія, вузенькія, якія толькі можа ўявіць сабе чалавек, фон блакітны і праз палоску ўсё вочкі і лапкі, вочкі і лапкі, вочкі і лапкі... Словам, выключна! Можна сказаць цвёрда, што нічога яшчэ не было падобнага на свеце».

«Любая, гэта страката».

«Ах, не, не страката».

«Ах, страката!»

Трэба заўважыць, што ва ўсіх адносінах прыемная дама была крыху матэрыялістка, з нахілам да адмаўлення і сумнення і адкідала вельмі многае ў жыцці.

Тут проста прыемная дама растлумачыла, што гэта зусім не страката і ўскрыкнула... «Ага, віншую вас: фальбонак больш не носяць».

«Як не носяць?»

«Замест іх фестончыкі!»

«Ах, гэта нядобра, фестончыкі!»

«Фестончыкі, усё фестончыкі: пелярынка з фестончыкаў, на рукавах фестончыкі, эпалецікі з фестончыкаў, унізе фестончыкі, усюды фестончыкі!»

«Нядобра, Соф’я Іванаўна, калі ўсё фестончыкі!»

«Міла, Анна Грыгор’еўна, да неймавернасці: шыецца ў два рубчыкі: шырокія проймы і зверху... Але вось, вось калі вы здзівіцеся, вось ужо калі скажаце, што... Ну, здзіўляйцеся: уявіце сабе, ліфчыкі пайшлі яшчэ даўжэйшыя, наперадзе мыском і пярэдняя костачка зусім выходзіць з граніц; спадніца ўся збіраецца вакол, як бывала ў старыя часы, фіжмы [61], нават ззаду крыху падкладаюць ваты, каб была зусім бельфам» [62].

«Ну, ужо гэта проста: прызнаюся!» сказала дама прыемная ва ўсіх адносінах, зрабіўшы рух галавой з пачуццём годнасці.

«Іменна гэта ўжо сапраўды прызнаюся», адказала проста прыемная дама.

«Вы ўжо як хочаце, я ні за што не буду пераймаць гэта».

«Я сама таксама... Дапраўды, як уявіш, да чаго часам даходзіць мода... ні на што не падобна! я выпрасіла ў сястры выкрайку знарок, для смеху; Малання мая ўзялася шыць».

«Дык хіба ў вас ёсць выкрайка?» ускрыкнула ва ўсіх адносінах прыемная дама не без прыкметнага сардэчнага руху.

«Як-жа, сястра прывезла».

«Душа мая, дайце мне яе дзеля ўсяго святога».

«Ах, я-ж паабяцала Праскоўі Фёдараўне. Хіба пасля яе».

«Хто-ж будзе насіць пасля Праскоўі Фёдараўны? Гэта занадта дзіўна будзе, з вашага боку, калі вы чужым аддаеце перавагу перад сваімі».

«Ды яна-ж таксама мне стрыечная цётка».

«Яна вам цётка яшчэ бог ведае якая: з мужавага боку... Не, Соф’я Іванаўна, я і слухаць не хачу, гэта выходзіць: вы мне хочаце зрабіць такую знявагу... відаць я вам надакучыла ўжо, відаць вы хочаце спыніць са мной усякае знаёмства».

Бедная Соф’я Іванаўна зусім не ведала, што ёй рабіць. Яна адчувала сама, паміж якіх моцных агнёў яна сябе паставіла. Вось табе і пахвалілася! Яна гатова была за гэта пакалоць іголкамі дурны язык.

«Ну, што-ж наш прыгажун?» сказала між тым дама прыемная ва ўсіх адносінах.

«Ах, божа мой! што-ж я так сяджу перад вамі! вось добра! Вы-ж ведаеце, Анна Грыгор’еўна, з чым я прыехала да вас?» Тут дыханне госці сперлася, словы як каршуны гатовы былі пусціцца ўздагон адно за другім, і толькі трэба было да такой ступені быць бесчалавечнай, якой была шчырая прыяцельніца, каб адважыцца спыніць яе.

«Як вы яго ні выхваляйце, і ні ўслаўляйце яго», гаварыла яна з жвавасцю, больш чым звычайнаю: «а я скажу проста, і яму ў вочы скажу, што ён нягодны чалавек, нягодны, нягодны, нягодны»..

«Ды паслухайце толькі, што я вам адкрыю...»

«Распусцілі чуткі, што ён прыгожы, а ён зусім не прыгожы, зусім не прыгожы, і нос у яго... самы непрыемны нос...»

«Дазвольце-ж, дазвольце-ж толькі расказаць вам... душачка, Анна Грыгор’еўна, дазвольце расказаць! Гэта-ж гісторыя, ці ведаеце: гісторыя сконапель істоар [63]», гаварыла госця з выразам амаль роспачы і зусім упрашальным голасам. Не шкодзіць зазначыць, што ў размову абодвух дам дамешвалася вельмі многа замежных слоў і часам цалкам доўгія французскія сказы. Але як ні прасякнуты аўтар благагавеннем да той уратоўчае карысці, якую прыносіць французская мова Расіі, як ні прасякнуты ён благагавеннем да пахвальнага звычаю нашых вышэйшых колаў, якія размаўляюць на ёй ва ўсе гадзіны дня, вядома, з глыбокага пачуцця любві да айчыны; але пры ўсім гэтым ніяк не адважваецца ўнесці сказ якой-бы там ні было чужой мовы ў гэтую рускую сваю паэму. Такім чынам будзем працягваць па-руску.

вернуться

61

Падборы на спадніцах у выглядзе фестонаў (мода XVIII века).

вернуться

62

Прыкметная, відная жанчына.

вернуться

63

Тое, што называецца гісторыяй (скажоны франц. выраз).