Выбрать главу

«Я не магу аднак-жа зразумець толькі таго», сказала проста прыемная дама, «як Чычыкаў, будучы чалавекам заезджым, мог асмеліцца на такі адважны пасаж. Не можа быць, каб тут не было ўдзельнікаў».

«А вы думаеце няма іх?»

«А хто-ж бы, думаеце, мог дапамагаць яму?»

«Ну ды хоць і Наздроў».

«Няўжо Наздроў?»

«А што-ж? ад яго і гэтага можна чакаць. Вы ведаеце, ён роднага бацьку хацеў прадаць, ці яшчэ лепш прагуляць у карты».

«Ах, божа мой, якія цікавыя навіны я даведваюся ад вас! Я ніяк не магла меркаваць, каб і Наздроў быў замешаны ў гэтую гісторыю!»

«А я заўсёды меркавала».

«Як падумаеш, дапраўды, чаго не бывае на свеце: ну, ці можна было думаць, калі, помніце, Чычыкаў толькі што прыехаў да нас у горад, што ён зробіць такі дзіўны марш [68] у свеце. Ах, Анна Грыгор’еўна, калі-б вы ведалі, як я ператрывожылася! Калі-б не ваша прыхільнасць і дружба... вось ужо, сапраўды, на краю пагібелі... Куды-ж? Машка мая бачыць, што я бледная, як смерць: душачка, пані, кажа мне, вы бледныя, як смерць. Машка, кажу: мне не да таго цяпер. Дык вось якія выпадкі! Дык і Наздроў тут, калі ласка!»

Прыемнай даме вельмі хацелася дазнацца пра далейшыя падрабязнасці наконт выкрадання, г. зн., а якой гадзіне і іншае, але замнога хацела. Ва ўсіх адносінах прыемная дама проста сказала, што не ведае. Яна не ўмела хлусіць: дапусціць што-небудзь, — гэта іншая справа, але і то ў такім выпадку, калі дапушчэнне грунтавалася на ўнутраным перакананні; калі-ж было адчута ўнутранае перакананне, тады ўмела яна пастаяць за сябе, і паспрабаваў-бы які-небудзь дока-адвакат, які славіцца здольнасцю перамагаць чужыя погляды, паспрабаваў-бы ён пазмагацца тут, убачыў-бы ён, што значыць унутраное перакананне.

Што абедзве дамы, нарэшце, канчаткова пераканаліся ў тым, што раней дапусцілі толькі, як адно дапушчэнне, у гэтым няма нічога незвычайнага. Наша брація, народ разумны, як мы называем сябе, робіць амаль таксама, і доказам служаць нашы вучоныя разважанні. Спачатку вучоны пад’язджае ў іх незвычайным падлюгам, пачынае баязліва, памяркоўна, пачынае самым нясмелым запытаннем: ці не адтуль? ці не з таго кутка атрымала імя такая вось краіна? або ці не належыць гэты дакумент да другога, пазнейшага часу? або: ці не трэба пад гэтым народам разумець вось такі народ? Цытуе зараз-жа тых і другіх старажытных пісьменнікаў і як толькі бачыць які-небудзь намёк ці, проста, здалося яму намёкам, ён пераходзіць ужо на рысь і падбадзёрваецца, размаўляе з старажытнымі пісьменнікамі папросту, задае ім пытанні і сам нават адказвае за іх, зусім забываючы аб тым, што пачаў нясмелым дапушчэннем; яму ўжо здаецца, што ён гэта бачыць, што гэта ясна — і разважанне закончана словамі: дык гэта вось як было, дык вось які народ трэба разумець, дык вось з якога пункту трэба глядзець на прадмет! Потым на поўны голас з кафедры, і новазнойдзеная праўда пайшла гуляць па свеце, набіраючы сабе паслядоўнікаў і прыхільнікаў.

У той час, калі абедзве дамы так трапна і дасціпна вырашылі такую заблытаную справу, увайшоў у гасціную пракурор з вечна нерухомай сваёй фізіяноміяй, густымі бровамі і міргаўшым вокам. Дамы адна перад адною ўзяліся паведамляць яму ўсе падзеі, расказалі пра пакупку мёртвых душ, пра намер украсці губернатарскую дачку і збілі яго зусім з панталыку, так што колькі ён ні стаяў на адным і тым-жа месцы, колькі ні лыпаў левым вокам і не біў сябе хустачкай па барадзе, змятаючы адтуль табаку, але зусім нічога не мог зразумець. Так на тым і пакінулі яго абедзве дамы і накіраваліся кожная ў свой бок бунтаваць горад. Гэтую справу ўдалося ім зрабіць за поўгадзіны з нечым. Горад быў цалкам узбунтаваны; усё пачало хвалявацца, і хоць-бы хто-небудзь мог што-небудзь зразумець. Дамы ўмелі напусціць такога туману ў вочы ўсім, што ўсе, а асабліва чыноўнікі, некаторы час заставаліся ашаломленымі. Становішча іх у першую хвіліну было падобна да становішча школьніка, якому ў часе сну таварышы, якія ўсталі раней, засунулі ў нос гусара, г. зн. паперку, напоўненую табакай. Пацягнуўшы спрасонку ўсю табаку да сябе з усёй стараннасцю соннага, ён прачынаецца, ускаквае, глядзіць як дурань, вырачыўшы вочы ва ўсе бакі, і не можа зразумець, дзе ён, што з ім было, і потым ужо заўважае аблітыя касымі праменнямі сонца сцены, смех таварышоў, што схаваліся па кутках, заглядаючую ў акно раніцу, з абуджаным лесам і звонам тысяч птушыных галасоў у ім і з асветленай рэчкай, якая там і там знікае зіхатлівымі звілінамі паміж тонкага трысця, уся ўсеяна голымі дзецьмі і кліча купацца, і потым ужо, нарэшце, адчувае, што ў носе ў яго сядзіць гусар. Зусім такое-ж было ў першую хвіліну становішча жыхароў і чыноўнікаў горада. Кожны, як баран, спыняўся вырачыўшы вочы. Мёртвыя душы, губернатарская дачка і Чычыкаў збіліся і змяшаліся ў галовах іх надзвычай дзіўна; і потым, пасля першага адурэння ўжо, яны як быццам-бы пачалі пазнаваць іх паасобку і адлучаць адно ад другога, пачалі патрабаваць яснасці і злаваць, бачачы, што справа ніяк не хоча высветліцца. Што-ж за прытча сапраўды, што за прытча гэтыя мёртвыя душы? Логікі няма ніякай у мёртвых душах, як-жа купляць мёртвыя душы? дзе-ж дурань такі знойдзецца? і на якія сляпыя грошы будзе ён купляць іх? і на які канец, да якой справы можна прыткнуць гэтыя мёртвыя душы? і навошта замяшалася сюды губернатарская дачка? Калі-ж ён хацеў звезці яе, дык навошта для гэтага купляць мёртвыя душы? Калі-ж купляць мёртвыя душы, дык навошта звозіць губернатарскую дачку? падарыць ці што ён хацеў ёй гэтыя мёртвыя душы. Што за лухту, сапраўды, разнеслі па гораду? Што за напрамак такі, што не паспееш павярнуцца. а тут ужо і выпусцяць гісторыю, і хоць-бы які-небудзь сэнс быў... Аднак-жа, разнеслі, значыцца, была-ж нейкая прычына? Якая-ж прычына ў мёртвых душах? нават і прычыны няма. Гэта выходзіць проста: Андроны едуць, недарэчнасць, лухта, боты ў смятку! гэта, проста, чорт пабяры!.. Словам, пайшлі плёткі, і ўвесь горад загаварыў пра мёртвыя душы і губернатарскую дачку, пра Чычыкава і мёртвыя душы, пра губернатарскую дачку і Чычыкава, і ўсё што ні ёсць узнялося. Як віхор узбурыўся горад, які, здавалася, драмаў дасюль! Вылезлі з нор усе цюрукі і лежабокі, якія пазалежваліся ў халатах па некалькі год дома, звальваючы віну то на шаўца, які пашыў цесныя боты, то на краўца, то на п’яніцу фурмана. Усе тыя, што спынілі даўно ўжо ўсякія знаёмствы і зналіся толькі, як кажуць, з памешчыкамі Завалішыным ды Паляжаевым (славутыя тэрміны, утвораныя ад дзеясловаў паляжаць і заваліцца, якія шырока вядомы ў нас на Русі, усёроўна як сказ: заехаць да Сопікава і Храпавіцкага, які азначае ўсякія мяртвецкія сны на баку, на спіне і ва ўсіх іншых становішчах, з захрапамі, насавымі свістамі і іншымі прыналежнасцямі). Усе тыя, каго нельга было выманіць з дому нават запрашэннем на расхлёбку пяцісотрублёвай юшкі, з двухаршыновымі сцерлядзямі і рознымі таючымі ў роце кулябякамі; словам, выявілася, што горад і людны, і вялікі, і населены як след. Паказаўся нейкі Сысой Пафнуцьевіч і Макданальд Карлавіч, аб якіх і не чуваць было ніколі; у гасціных пачаў тырчэць нейкі доўгі, доўгі з прастрэленай рукой, такога высокага росту, якога нават і не відаць было. На вуліцах паказаліся крытыя дрожкі, невядомыя лінейкі, бразгаталкі, калёсасвісткі — і заварылася каша. У іншы час і пры іншых акалічнасцях падобныя чуткі, можа быць, не звярнулі-б на сябе ніякай увагі; але горад N ужо даўно не атрымліваў зусім ніякіх вестак. Нават не здаралася на працягу трох месяцаў нічога такога, што называюць у сталіцах камеражамі [

вернуться

68

Выступленне.