Выбрать главу
69], што, як вядома, для горада тое-ж, што своечасовы падвоз харчовых прыпасаў. У гарадскіх меркаваннях з’явіліся раптам два зусім процілеглыя погляды і стварыліся раптам дзве процілеглыя партыі: мужчынская і жаночая. Мужчынская партыя, самая бязладная, звярнула ўвагу на мёртвыя душы. Жаночая занялася выключна выкраданнем губернатарскай дачкі. У гэтай партыі, трэба заўважыць да гонару дам, было непараўнальна больш парадку і асцярожлівасці. Гэткае ўжо, відаць, само прызначэнне іх быць добрымі гаспадынямі і распарадчыцамі. Усё ў іх хутка прыняло жывы, пэўны выгляд, набыло ясныя і відавочныя формы, высветлілася, ачысцілася, адным словам, вышла закончаная карцінка. Выявілася, што Чычыкаў даўно ўжо быў закаханы, і бачыліся яны ў садзе пры святле месяца, што губернатар нават аддаў-бы за яго дачку, бо Чычыкаў багаты, як жыд, калі-б прычынаю не была яго жонка, якую ён кінуў (адкуль яны даведаліся, што Чычыкаў жанаты — гэта нікому не было вядома), і што жонка, якая пакутуе ад безнадзейнага кахання, напісала пісьмо да губернатара самае чуллівае, і што Чычыкаў, бачачы, што бацька і маці ніколі не згодзяцца, адважыўся на выкраданне. У іншых дамах расказвалася гэта крыху па-другому: што ў Чычыкава зусім няма жонкі, але што ён, як чалавек тонкі і які дзейнічае напэўна, каб атрымаць руку дачкі, пачаў справу з маці і меў з ёю сардэчную патайную сувязь, і што потым зрабіў дэкларацыю наконт рукі дачкі; але маці, спалохаўшыся, каб не ўчынілася злачынства супроць рэлігіі, адчуваючы ў душы пакуты сумлення, адмовіла рашуча, і што вось таму Чычыкаў адважыўся на выкраданне. Да ўсяго гэтага далучыліся шматлікія тлумачэнні і папраўкі па меры таго, як чуткі пранікалі, нарэшце, у самыя глухія завулкі. На Русі-ж колы ніжэйшыя вельмі любяць пагутарыць аб плётках, якія бываюць у колах вышэйшых, а таму пачалі пра ўсё гэта гаварыць у такіх доміках, дзе нават у вочы не бачылі і не ведалі Чычыкава, пайшлі дадаткі і яшчэ большыя тлумачэнні. Сюжэт рабіўся з кожнай хвілінай усё больш цікавым, прымаў з кожным днём больш канчатковыя формы, і нарэшце так як ёсць, ва ўсёй сваёй закончанасці, дастаўлены быў ва ўласныя вушы губернатаршы. Губернатарша, як маці сям’і, як першая ў горадзе дама, нарэшце як дама, не падазраваўшая нічога падобнага, была зусім абражана падобнымі гісторыямі і страшэнна абурылася, ва ўсіх адносінах справядліва. Бедная бландзінка вытрымала самы непрыемны tête-à-tête [70], які толькі калі-небудзь здаралася мець шаснаццацігадовай дзяўчыне. Паліліся цэлыя струмені допытаў, роспытаў, вымоў, пагроз, папрокаў, настаўленняў, так што дзяўчына кінулася ў слёзы, рыдала і не магла зразумець ніводнага слова; швейцару быў дан найстражэйшы загад не прымаць Чычыкава ні ў якім разе, ні ў які час.

вернуться

69

Плёткі.

вернуться

70

Размова з вока-на-вока, адзін-на-адзін.