73] які-небудзь, катлеткі з труфелямі, словам — рассупе дэлікатэс такі, што, проста, сябе, гэта значыць, з’еў-бы ад апетыту. Ці пройдзе паўз Мілюцінскія крамы, там з акна выглядае, у некаторым родзе, сёмга гэдакая, вішанькі — па пяць рублёў штучка, кавун-аграмадзіна, дыліжанс гэдакі, высунуўся з акна, і, так сказаць, шукае дурня, які-б заплаціў сто рублёў, словам — на кожным кроку спакуса такая, слінкі цякуць, а ён чуе, тым часам, усё: «заўтра». Дык можаце ўявіць сабе, якое яго становішча: тут, з аднаго боку, так сказаць, сёмга і кавун, а з другога, вось, яму падносяць усё адну і тую-ж страву «заўтра». Нарэшце, зрабілася небараку, у некаторым родзе, няўсцерп, наважыўся, чаго-б гэта ні каштавала, пралезці штурмам, разумееце. Дачакаўся каля пад’езда, ці не пройдзе яшчэ які-небудзь просьбіт, і там з нейкім генералам, разумееце, праслізнуў са сваёю дзеравяшкай у прыёмную. Вяльможа, як звычайна, выходзіць: «Чаго вы? чаго вы! А!» кажа, убачыўшы Капейкіна: «я-ж ужо аб’явіў вам, што вы павінны чакаць рашэння». — «Злітуйцеся, ваша прэвасхадзіцельства, не маю, так сказаць, кавалка хлеба...» — «Што-ж рабіць? Я для вас нічога не магу зрабіць; старайцеся пакуль што дапамагчы самі сабе, шукайце самі сродкаў». — «Але, ваша прэвасхадзіцельства, самі можаце, у некаторым родзе, меркаваць, якія сродкі магу адшукаць, не маючы ні рукі, ні нагі». — «Але», кажа саноўнік, «згадзіцеся: я не магу вас утрымліваць, у некаторым родзе, на свой кошт; у мяне многа раненых, усе яны маюць аднолькавае права... Узбройцеся цярпеннем. Прыедзе гасудар, я вам магу даць слова гонару, што яго манаршая літасць вас не пакіне». — «Але, ваша прэвасхадзіцельства, я не магу чакаць», кажа Капейкін, і кажа, у некаторых адносінах, груба. Вяльможы, разумееце, ужо зрабілася прыкра. Сапраўды: тут з усіх бакоў генералы чакаюць рашэнняў, загадаў; справы, так сказаць, важныя, дзяржаўныя, якія патрабуюць як найхутчэйшага выканання, — хвіліна страчаная можа быць важнай, — а тут яшчэ прычапіўся збоку неадвязны чорт. — «Выбачайце», кажа: «мне няма часу... мяне чакаюць справы важнейшыя, чым вашы». Напамінае спосабам, у некаторым родзе, тонкім, што пара, нарэшце, і выйсці. А мой Капейкін, — голад вось, ведаеце, прышпорыў яго: «Як хочаце, ваша прэвасхадзіцельства», кажа, «не сыйду з месца да таго часу, пакуль не дасцё рэзалюцыю». Ну... можаце ўявіць: адказваць такім чынам вяльможы, якому варта толькі слова сказаць, дык вось ужо і паляцеў дагары нагамі, так што і чорт цябе не адшукае.... Тут калі вашаму брату скажа чыноўнік, адным чынам меншы, падобнае, дык ужо і грубасць. Ну, а там памер-жа, памер які: генерал-аншэф і які-небудзь капітан Капейкін! 90 рублёў і нуль! Генерал, разумееце, больш нічога, як толькі глянуў, а позірк — агнястрэльная зброя: душы ўжо няма — ужо яна апынулася ў пятах. А мой Капейкін, можаце ўявіць, ні з месца, стаіць, як укопаны. «Што-ж вы?» кажа генерал і ўзяў яго, як кажуць, у лапаткі. Зрэшты, сказаць праўду, абышоўся ён яшчэ даволі літасціва: іншы-б пужануў так, што дні тры круцілася-б пасля таго вуліца дагары нагамі, а ён сказаў толькі: «Добра», кажа: «калі вам тут дорага жыць і вы не можаце ў сталіцы спакойна чакаць рашэння вашага лёсу, дык я вас вышлю на казённы кошт. Паклікаць фельд’егера! адправіць на месца жыхарства!» А фельд’егер ужо там, разумееце, і стаіць: трохаршынны мужчына які-небудзь, ручышча ў яго, можаце ўявіць, самой натурай створана для фурманаў, — словам, дантыст гэдакі... Вось яго, раба божага, схапілі, судар мой, ды ў вазок, з фельд’егерам. «Ну», думае Капейкін, «прынамсі не трэба плаціць прагонаў, дзякуй і за гэта». Вось ён, судар мой, едзе на фельд’егеры, ды, едучы на фельд’егеры, у некаторым родзе, так сказаць, разважае сам сабе: «Калі генерал кажа, каб я пашукаў сам сродкаў дапамагчы сабе, — добра», кажа, «я», кажа, «знайду сродкі!» Ну, ужо як толькі яго даставілі на месца і куды іменна прывезлі, нічога гэтага невядома. Так, разумееце, і чуткі пра капітана Капейкіна канулі ў рэчку забыцця, у якую-небудзь гэдакую Лету, як называюць паэты. Але, дазвольце, панове, тут вось і пачынаецца, можна сказаць, нітка, завязка рамана.