Дзіўныя людзі гэтыя паны чыноўнікі, а за імі і ўсе іншыя званні: вельмі-ж добра ведалі, што Наздроў хлус, што яму нельга верыць ні ў адным слове, ні ў самай дробязі, а між тым іменна звярнуліся да яго. Вось папрабуй, дай рады чалавеку! не верыць у бога, а верыць, што калі засвярбіць пераносіца, дык абавязкова памрэ; прапусціць міма твор паэта, які ясны, як дзень, увесь прасякнуты згодай і высокай мудрасцю прастаты, а кінецца іменна на той, дзе які-небудзь зух наблытае, напляце, зломіць, выверне прыроду, і яму спадабаецца і ён пачне крычаць: вось яно, вось сапраўднае веданне таямніц сэрца! Усё жыццё лічыць, што дактары і гарэлага шэлега не варты, а скончыцца тым, што звернецца, нарэшце, да бабкі, якая лечыць шэптамі і заплёвамі, або, яшчэ лепш, выдумае сам які-небудзь дэкохт [75] з невядома якой дрэні, якая, бог ведае, чаму, здасца яму іменна сродкам супроць яго хваробы. Вядома, можна крыху выбачыць панам чыноўнікам, бо сапраўды становішча іх было цяжкае. Хто топіцца, кажуць, дык і за трэску хопіцца, і ў яго няма на гэты час розуму падумаць, што на трэсцы можа хіба праехацца верхам муха, а ў ім вагі амаль на чатыры пуды, калі нават не цэлых пяць; але не прыходзіць да яго ў той час кемлівасць, і ён хапаецца за трэску. Так і паны нашы ўхапіліся, нарэшце, за Наздрова. Паліцэймейстар у тую-ж хвіліну напісаў яму пісульку прыехаць на вечар, і квартальны ў батфортах, з прывабным румянцам на шчоках, пабег у тую-ж хвіліну, прытрымліваючы шпагу, з падскокам на кватэру Наздрова. Наздроў быў заняты важнай справай; цэлых чатыры дні ўжо не выходзіў ён з пакоя, не пускаў нікога і атрымліваў абед у акенца, — словам, нават схудаў і пазелянеў. Справа патрабавала вялікай уважлівасці: яна змяшчалася ў падбіранні з некалькіх дзесяткаў тузінаў карт адной таліі [76], але самай удалай, на якую можна было-б пакласціся як на самага пэўнага друга. Працы заставалася яшчэ, прынамсі, на два тыдні; на працягу ўсяго гэтага часу Парфірый павінен быў чысціць медзялянскаму шчанюку пуп асаблівай шчотачкай і мыць яго тры разы на дзень з мылам. Наздроў быў вельмі раззлаваны на тое, што патрывожылі яго адзіноту; перш за ўсё ён паслаў квартальнага к чорту, але калі прачытаў у пісульцы гараднічага, што можа здарыцца пажыва, таму што на вечар чакаюць нейкага навічка, змякчэў у тую-ж хвіліну, замкнуў паспешна пакой ключом, апрануўся як папала і пайшоў да іх. Паказанні, сведчанні і меркаванні Наздрова з’явіліся такой рэзкай супярэчнасцю меркаванням паноў чыноўнікаў, што і апошнія іх здагадкі былі збіты з тропу. Гэта быў чалавек, для якога не існавала сумненняў зусім; і колькі ў іх заўважалася хістання і нясмеласці ў меркаваннях, столькі ў яго цвёрдасці і ўпэўненасці. Ён адказваў на ўсе пункты, нават не заікаючыся, абвясціў, што Чычыкаў накупіў мёртвых душ на некалькі тысяч, і што ён сам прадаў яму, таму што не бачыць прычыны, чаму не прадаць; на пытанне, ці не шпіён ён і ці не стараецца што-небудзь разведаць, Наздроў адказаў, што шпіён, што яшчэ ў школе, дзе ён з ім разам вучыўся, яго называлі фіскалам і што за гэта таварышы, а ў тым ліку і ён, крыху яго адлупцавалі, так што трэба было потым прыставіць да адных віскоў 240 п’явак, г. зн. ён хацеў быў сказаць 40, але 200 вымавілася неяк само сабой. На пытанне, ці не робіць ён фальшывых асігнацый, ён адказаў, што робіць, і пры гэтым выпадку расказаў анекдот аб надзвычайным спрыце Чычыкава, як, даведаўшыся, што ў яго доме знаходзілася на два мільёны фальшывых асігнацый, апячаталі дом яго і прыставілі варту, на кожныя дзверы па два салдаты, і як Чычыкаў перамяніў іх усе за адну ноч, так што на другі дзень, калі знялі пячаткі, убачылі, што ўсе асігнацыі былі сапраўдныя. На пытанне, ці сапраўды Чычыкаў меў намер звезці губернатарскую дачку, і ці праўда, што ён сам узяўся дапамагаць і ўдзельнічаць у гэтай справе, Наздроў адказаў, што дапамагаў, і што калі-б не ён, то не вышла-б нічога, тут ён і схамянуўся, бачачы, што схлусіў зусім дарэмна і мог такім чынам наклікаць на сябе бяду, але языка ўжо ніяк не мог стрымаць. Між іншым і цяжка было, бо з’явіліся самі сабой такія цікавыя падрабязнасці, ад якіх ніяк нельга было адмовіцца: нават названа была вёска, дзе знаходзілася тая прыходская царква, у якой меркавалася вянчацца, іменна вёска Трухмачоўка, поп айцец Сідар, за вянчанне 75 рублёў, і то не згадзіўся-б, калі-б ён не застрашыў яго, пагражаючы данесці на яго, што павянчаў лабазніка Міхаіла на куме, што ён уступіў нават сваю каляску і падрыхтаваў на ўсіх станцыях пераменных коней. Падрабязнасці дайшлі да таго, што ён пачынаў ужо называць па імёнах фурманаў. Паспрабавалі заікнуцца пра Напалеона, але самі былі не рады, што паспрабавалі, бо Наздроў панёс такую бязглуздзіцу, якая не толькі не мела ніякага падабенства да праўды, але нават проста ні да чога не мела падабенства, так што чыноўнікі, уздыхнуўшы, усе адыйшлі прэч; адзін толькі паліцэймейстар доўга яшчэ слухаў, думаючы, ці не будзе, прынамсі, чаго-небудзь далей, але нарэшце і рукой махнуў, сказаўшы: чорт ведае што такое! I ўсе пагадзіліся на тым, што як ні глядзі быка, а ўсё-ж не будзе малака. I засталіся чыноўнікі яшчэ ў горшым становішчы, чым былі раней, і вырашылася справа тым, што ніяк не маглі даведацца, што такое быў Чычыкаў. I высветлілася добра, якога роду стварэнне чалавек: мудры, разумны і разважны ён бывае ва ўсім, што датычыцца іншых, але не сябе: якімі прадбачлівымі, цвёрдымі парадамі надзеліць ён у цяжкіх выпадках жыцця! Вось якая кемлівая галава! крычыць натоўп: які непахісны характар! А няхай спаткае гэтую кемлівую галаву якая-небудзь бяда і няхай давядзецца яму самому трапіць у цяжкія выпадкі жыцця, куды падзеўся характар! зусім збянтэжыўся непахісны муж, і вышаў з яго нікчэмны баязлівец, мізэрнае, слабое дзіця, ці проста фецюк, як называе Наздроў.