Выбрать главу

Чычыкаў аб усім гэтым зусім нічога не ведаў. Як знарок у той час ён схапіў лёгкую прастуду, флюс і невялікае запаленне ў горле, на раздачу якіх надзвычай шчодры клімат многіх нашых губернскіх гарадоў. Каб не спынілася, божа барані, як-небудзь жыццё без патомкаў, ён вырашыў лепш пасядзець дзянькі са тры ў пакоі. На працягу гэтых дзён ён паласкаў безупынна горла малаком з фігай, якую потым з’ядаў, і насіў прывязаную да шчакі падушачку з рамашкі і камфары. Жадаючы чым-небудзь заняць час, ён зрабіў некалькі новых і падрабязных спісаў усіх накупленых сялян, прачытаў нават нейкі том герцагіні Лавальер [77], які знайшоўся ў чамадане, перагледзеў у шкатулцы розныя рэчы і пісулькі, якія там знаходзіліся, тое-сёе перачытаў і другі раз, і ўсё гэта вельмі надакучыла яму. Ніяк не мог ён зразумець, што-б гэта значыла, што ніводзін з гарадскіх чыноўнікаў не прыехаў да яго хоць-бы раз даведацца пра здароўе, у той час калі яшчэ нядаўна вельмі часта стаялі перад гасцініцай дрожкі — то паштмейстаравы, то пракуроравы, то старшынёвы. Ён паціскаў толькі плячыма, ходзячы па пакоі. Нарэшце, адчуў ён сябе лепш і ўзрадаваўся бог ведае як, калі ўбачыў магчымасць выйсці на свежае паветра. Не адкладаючы, узяўся ён зараз-жа за туалет, адамкнуў сваю шкатулку, наліў у шклянку гарачай вады, дастаў шчотку і мыла і ўзяўся галіцца, чаму, між іншым, даўно была пара і час: таму што, памацаўшы бараду рукой і зірнуўшы ў люстэрка, ён ужо сказаў: ух, якія пайшлі пісаць лясы! I сапраўды, лясы не лясы, а па ўсёй шчацэ і падбародку высыпала досыць густая рунь. Пагаліўшыся, узяўся ён за апрананне жвава і хутка, так што ледзь не выскачыў з панталонаў. Нарэшце, ён быў апрануты, спрыснуты адэкалонам і, захутаны пацяплей, выбраўся на вуліцу, завязаўшы з перасцярогі шчаку. Выхад яго, як усякага ачуняўшага чалавека, быў сапраўды святочны Усё, што ні траплялася яму, набыло ўсмешлівы выгляд, і дамы, і праходзіўшыя мужыкі, даволі, аднак, сур’ёзныя, з якіх той-сёй паспеў ужо заехаць свайму брату ў вуха. Першы візіт ён меў намер зрабіць губернатару. Дарогай яму прыходзіла ў галаву шмат розных думак; круцілася ў галаве бландзінка, уяўленне пачало нават злёгку сваволіць, і ён ужо сам пачаў крыху жартаваць і пасмейвацца сам з сябе. У такім настроі апынуўся ён перад губернатарскім пад’ездам. Пачаў ужо ён у сенцах паспешна здымаць з сябе шынель, як швейцар здзівіў яго зусім нечаканымі словамі: не загадана прымаць!

«Як, што ты, ты, відаць, не пазнаў мяне? ты ўгледзься добра ў твар!» гаварыў яму Чычыкаў.

«Як не пазнаць! Я-ж вас не першы раз бачу», сказаў швейцар. «Ды вас вось іменна адных і не загадана пускаць, іншых усіх можна».

«Вось табе на! чаго? чаму?»

«Такі загад, так ужо, відаць, трэба», сказаў швейцар і дадаў да гэтага слова: так. Пасля чаго стаў перад ім зусім вольна, не захоўваючы таго ласкавага выгляду, з якім раней спяшаўся здымаць з яго шынель. Здавалася, ён думаў, гледзячы на яго: эге! ужо калі цябе паны гоняць з ганку, дык ты, відаць, так сабе, драбяза якая-небудзь!

«Незразумела!» падумаў сам сабе Чычыкаў і накіраваўся тут-жа да старшыні палаты, але старшыня палаты так збянтэжыўся, убачыўшы яго, што не мог звязаць двух слоў і нагаварыў такую дрэнь, што нават ім абодвум зрабілася сорамна. Вышаўшы ад яго, як ні стараўся Чычыкаў дарогай растлумачыць і разабрацца, што такое разумеў старшыня, і наконт чаго маглі адносіцца словы, але нічога не мог зразумець. Потым зайшоў да другіх: да паліцэймейстара, да віцэ-губернатара, да паштмейстара, але ўсе яны або не прынялі яго, або прынялі так дзіўна, такую ненатуральную і незразумелую вялі размову, так разгубіліся, і такая вышла бязладзіца з усяго, што яго ўзяло сумняванне, ці здаровы ў іх мазгі. Паспрабаваў быў яшчэ зайсці да таго-сяго, каб даведацца, прынамсі, прычыну, але не дабраўся ні да якой прычыны. Як сонны, бадзяўся ён без мэты па горадзе, не маючы змогі вырашыць, ці ён звар’яцеў, ці чыноўнікі страцілі розум, ці ў сне ўсё гэта адбываецца, ці на яве заварылася дурната горшая за сон. Позна ўжо, амаль на змярканні, вярнуўся ён да сябе ў гасцініцу, з якой вышаў быў у такім добрым настроі, і з нуды загадаў падаць сабе чаю. У задуменні і ў нейкім бяссэнсавым разважанні аб дзіўнасці свайго становішча пачаў ён наліваць чай, як раптам адчыніліся дзверы яго пакоя і з’явіўся Наздроў самым нечаканым чынам.

«Вось кажа прыказка: для сябра сем вёрст не круг!» гаварыў ён, здымаючы шапку, «праходжу міма, бачу святло ў акне, дай, думаю сабе, зайду, пэўна, не спіць. А! вось добра, што ў цябе на стале чай, вып’ю з прыемнасцю кубачак: сёння за абедам аб’еўся ўсякай дрэні, адчуваю, што пачынаецца ў жываце тузаніна. Загадай мне набіць люльку, дзе твая люлька?»

вернуться

77

Французскі раман Жанліс: «Герцагіня дэ Лавальер».