«Ды я-ж не куру люлькі», сказаў суха Чычыкаў.
«Глупства, быццам я не ведаю, што ты курэц. Эй! як там завуць твайго чалавека. Эй, Вахрамей, слухай!»
«Ды не Вахрамей, а Пятрушка».
«Як-жа? ды ў цябе-ж раней быў Вахрамей».
«Ніякага не было ў мяне Вахрамея».
«Так, сапраўды, гэта ў Дзерэбіна Вахрамей. Уяві, Дзерэбіну якое шчасце, цётка яго пасварылася з сынам за тое, што ажаніўся з прыгоннай; і цяпер адпісала яму ўвесь маёнтак. Я думаю сабе, вось калі-б такую цётку мець для далейшых! Ды што ты, брат, так адышоў ад усіх, нідзе не бываеш? Вядома, я ведаю, што ты заняты часам вучонымі прадметамі, любіш чытаць (з чаго ўжо Наздроў зрабіў вывад, што герой наш займаецца вучонымі прадметамі і любіць пачытаць, гэта, прызнаемся, мы ніяк не можам сказаць, а Чычыкаў і таго менш). Ах, брат Чычыкаў, калі-б ты толькі ўбачыў... от ужо сапраўды была-б пажыва твайму сатырычнаму розуму (чаму ў Чычыкава быў сатырычны розум, гэта таксама невядома). Уяві, брат, у купца Ліхачова гулялі ў горку [78], вось ужо дзе смех быў! Перэпендзеў, які быў са мной: «Вось», кажа, «калі-б цяпер Чычыкаў, от-бы ўжо яму сапраўды!..» (між тым Чычыкаў зроду не ведаў ніякага Перэпендзева). А прызнайся-ж, брат, ты, сапраўды, зусім подла абышоўся тады са мною, памятаеш, як гулялі ў шашкі, я-ж выйграў... Так, брат, ты, проста, паддзядзюліў мяне. Але-ж я, чорт мяне ведае, ніяк не магу злаваць. Надоечы са старшынёй... Ах, так! я-ж табе павінен сказаць, што ў горадзе ўсе супроць цябе; яны думаюць, што ты робіш фальшывыя паперкі, прычапіліся да мяне, ды я за цябе гарой, нагаварыў ім, што з табой вучыўся і бацьку ведаў; ну, і, ужо няма чаго гаварыць, заліў ім кулю ніштаватую».
«Я раблю фальшывыя паперкі?» ускрыкнуў Чычыкаў, прыўзняўшыся з крэсла.
«Навошта ты, аднак-жа, так перапалохаў іх?» казаў далей Наздроў. «Яны, чорт ведае, павар’яцелі са страху: прыбралі цябе ў разбойнікі і ў шпіёны... А пракурор з перапуду памёр, заўтра будзе пахаванне. Ты не будзеш? Яны, сказаць праўду, баяцца новага генерал-губернатара, каб праз цябе чаго-небудзь не вышла; а я наконт генерал-губернатара такой думкі, што калі ён задзярэ нос і заважнічае, дык з дваранствам зусім нічога не зробіць. Дваранства патрабуе гасціннасці: ці не праўда? Вядома, можна схавацца ў сябе ў кабінеце і не даць ніводнага бала, ды гэтым-жа што-ж? Гэтым-жа нічога не выйграеш. А ты, аднак-жа, Чычыкаў, рызыкоўную справу надумаў».
«Якую рызыкоўную справу?» запытаў трывожна Чычыкаў.
«Ды ўкрасці губернатарскую дачку. Я, прызнаюся, чакаў гэтага, дальбог чакаў! Першы раз, як толькі ўбачыў вас разам на бале, ну ўжо, думаю сабе, Чычыкаў, пэўна, не дарма... Зрэшты, дарэмна ты зрабіў такі выбар, я нічога ў ёй не знаходжу добрага. А ёсць адна, сваячка Бікусава, сястры яго дачка, дык вось ужо дзяўчына! Можна сказаць: цуд каленкор!»
«Ды што ты, што ты блытаеш! Як украсці губернатарскую дачку, што ты?» гаварыў Чычыкаў, вылупіўшы вочы.
«Ну, хопіць, брат, вось які скрытны чалавек! Я, прызнаюся, да цябе з гэтым і прышоў: хочаш, я гатоў табе дапамагаць. Так і быць: патрымаю вянец над табой, каляска і пераменныя коні будуць мае, толькі з умовай: ты павінен мне пазычыць тры тысячы. Патрэбны, брат, хоць зарэж!»
На працягу ўсёй балбатні Наздрова, Чычыкаў праціраў некалькі разоў сабе вочы, жадаючы ўпэўніцца, ці не ў сне ён усё гэта чуе. Выраб фальшывых асігнацый, выкраданне губернатарскай дачкі, смерць пракурора, прычынай якой з’яўляецца быццам ён, прыезд генерал-губернатара, — усё гэта яго даволі моцна напалохала. Ну, ужо калі пайшло на тое, падумаў ён сам сабе, дык марудзіць больш няма чаго, трэба адсюль выбірацца як найхутчэй.
Ён пастараўся вызваліцца хутчэй ад Наздрова, паклікаў зараз-жа да сябе Селіфана і загадаў яму быць гатовым на світанні з тым, каб заўтра-ж у 6 гадзін раніцы выехаць з горада абавязкова, каб усё было перагледжана, брычка падмазана і іншае, і іншае. Селіфан прамовіў: слухаю, Павел Іванавіч, і спыніўся, аднак-жа, на некалькі часу каля дзвярэй, не кратаючыся з месца. Пан тут-жа загадаў Пятрушку высунуць з-пад ложка чамадан, які пакрыўся ўжо добра пылам, і ўзяўся ўкладаць разам з ім, без вялікага разбору, панчохі, сарочкі, бялізну мытую і нямытую, шавецкія капылы, каляндар... Усё гэта ўкладалася як папала; ён хацеў абавязкова быць гатовым з вечара, каб назаўтра не магло здарыцца ніякай затрымкі. Селіфан, пастаяўшы хвіліны са дзве каля дзвярэй, нарэшце вельмі павольна вышаў з пакоя. Павольна, як толькі можна ўявіць сабе павольна, сыходзіў ён з лесніцы, адбіваючы сваімі мокрымі ботамі сляды па сыходзіўшых уніз збітых прыступках, і доўга пачухваў рукой патыліцу. Што значыла гэтае пачухванне? і што наогул яно значыць? Ці прыкрасць на тое, што вось не ўдалася задуманая назаўтра сходка са сваім братам у непрыглядным кажуху, падперазаным поясам, дзе-небудзь у царовай карчме, ці ўжо завязалася у новым месцы якое каханне сардэчнае, і даводзіцца пакідаць вячэрняе выстойванне каля варот і далікатнае трыманне за белыя ручкі ў той час, як насоўваецца на горад змярканне, хлапчына ў чырвонай кашулі трумкае на балалайцы перад дваровай чэляддзю, і пляце ціхія размовы розначынны, вольны ад працы народ? Ці проста шкода пакідаць сагрэтае ўжо месца на людской кухні пад кажухом, каля печы, ды капусту з гарадскім мяккім пірагом, з тым, каб зноў цягнуцца пад дождж і слату і розную дарожную нягоду? Бог ведае, не ўгадаеш. Шмат чаго значыць у рускага народа пачухванне патыліцы.