Вельмі сумніцельна, што абраны намі герой спадабаецца чытачам. Дамам ён не спадабаецца, гэта можна сказаць станоўча, бо дамы патрабуюць, каб герой быў усебаковая дасканаласць, і калі ёсць нейкая душэўная або цялесная плямка, тады бяда! Як глыбока ні зірні аўтар яму ў душу, хоць чысцей за люстэрка адбі яго вобраз, яму не дадуць ніякай цаны. Сама паўната і сярэднія гады Чычыкава многа пашкодзяць яму: паўнаты ні ў якім разе не даруюць герою, і вельмі многія дамы, адвярнуўшыся, скажуць: фэ! такі брыдкі! На жаль, усё гэта вядома аўтару, і пры ўсім тым ён не можа ўзяць у героі дабрадзейнага чалавека. Але... можа, у гэтай-жа самай аповесці пачуюцца іншыя, яшчэ дагэтуль некранутыя струны, паўстане незлічонае багацце рускага духу, пройдзе муж, адараваны божаскімі доблесцямі, або цудоўная руская дзяўчына, якой не адшукаць нідзе ў свеце, з усёй дзіўнай прыгожасцю жаночай душы, уся з велікадушнага імкнення і самаадданасці. I мёртвымі здадуцца перад імі ўсе дабрадзейныя людзі іншых пляменняў, як мёртвай здаецца кніга перад жывым словам! Уздымецца рускі рух... і ўбачаць, як глыбока запала ў славянскую прыроду тое, што слізганула толькі па прыродзе іншых народаў... Але да чаго і навошта гаварыць пра тое, што наперадзе? Непрыстойна аўтару, які даўно ўжо стаў мужам, выхаванаму суровым унутраным жыццём і асвяжаючай цвярозасцю адзіноты, забывацца падобна юнаку. Усяму свая чарга, і месца, і час! А дабрадзейны чалавек ўсё-такі не ўзяты ў героі. I можна нават сказаць, чаму не ўзяты. Таму што час, нарэшце, даць адпачынак беднаму дабрадзейнаму чалавеку, таму што бескарысна круціцца на вуснах слова: дабрадзейны чалавек; таму што ператварылі ў каня дабрадзейнага чалавека, і няма пісьменніка, які-б не ездзіў на ім, паганяючы і пугай, і ўсім, чым ні папала; таму што змарылі дабрадзейнага чалавека да таго, што цяпер няма на ім і ценю дабрадзейнасці, а засталіся толькі рэбры, ды скура замест цела; таму што крывадушна заклікаюць дабрадзейнага чалавека; таму што не паважаюць дабрадзейнага чалавека. Не, пара, нарэшце, прыпрэгчы і падлюгу. Такім чынам, прыпражэм падлюгу!
Цёмнае і скромнае паходжанне нашага героя. Бацькі былі дваране, але сталбавыя [79] ці асабовыя [80] — бог ведае. Тварам ён не быў падобны да іх: прынамсі, сваячка, якая была пры яго нараджэнні, нізенькая, кароценькая жанчына, якіх звычайна называюць пігаліцамі [81], узяўшы ў рукі дзіцянё, ускрыкнула: «зусім вышаў не такі, як я думала! Яму-б трэба было пайсці ў бабку з матчынага боку, што было-б і лепш, а нарадзіўся ён проста, як кажа прыказка: «ні ў маці, ні ў айца, а ў праезджага малайца». Жыццё пры пачатку глянула на яго неяк кісла-непрытульна, праз нейкае мутнае, занесенае снегам акенца: ні друга, ні таварыша ў маленстве! Маленькі пакойчык з маленькімі акенцамі, якая не адчыняліся ні зімой, ні летам; бацька хворы чалавек, у даўгім сурдуце на мярлушках і ў вязаных пантоплях, надзетых на босую нагу, які безупынна ўздыхаў, ходзячы па пакоі, і пляваў у пясочніцу, што стаяла ў кутку; вечнае сядзенне на лаўцы, з пяром у руках, чарніламі на пальцах і нават на вуснах; вечная пропісь перад вачамі: не мані, слухайся старэйшых і насі дабрадзейнасць у сэрцы; вечнае шарканне і шлёпанне па пакоі пантопляў, знаёмы, але заўсёды суровы голас: «зноў задурэў», які адклікаўся ў той час, калі дзіця, занудзіўшыся аднастайнасцю працы, прырабляла да літары якую-небудзь дужку або хвост; і вечна знаёмае, заўсёды непрыемнае пачуццё, калі ўслед за гэтымі словамі краёчак вуха яго скручваўся вельмі балюча ногцямі доўгіх працягнутых ззаду пальцаў: вось бедны малюнак першапачатковага яго маленства, пра якое ледзь захаваў ён бледную памяць. Але ў жыцці ўсё змяняецца хутка і жвава: і ў адзін дзень, з першым вясновым сонцам і шырока разлітымі патокамі, бацька, узяўшы сына, выехаў з ім на вазку, які цягнуў гнеда-буланы конік, вядомы ў конскіх барышнікаў пад імем сарокі; ім кіраваў фурман, маленькі гарбунок, пачынальнік роду адзінай прыгоннай сям’і, належаўшай бацьку Чычыкава, які займаў амаль усе пасады ў доме. На коніку цягнуліся яны паўтара дні з лішкам; на дарозе начавалі, перапраўляліся праз раку, закусвалі халодным пірагом і смажанай баранінай, і толькі на трэці дзень раніцай дабраліся да горада. Перад хлопчыкам бліснулі нечаканай раскошай гарадскія вуліцы, якія прымусілі яго на некалькі хвілін разявіць рот. Потым сарока шабоўснула разам з вазком у яму, якой пачынаўся вузкі завулак, што імкнуўся ўніз і быў увесь поўны гразі; доўга працавала яна там на ўсю сілу і мясіла нагамі пры падахвочванні і гарбуна і самога пана, і, нарэшце, уцягнула іх у невялікі дворык, які стаяў на схіле гары з двума расцвіўшымі яблынямі перад старэнькім домікам і садком ззаду яго, нізенькім, маленькім, дзе расла толькі рабіна, бузіна і хавалася ў глыбіні яе драўляная будачка, дакрытая дранкай, з вузенькім матавым акенцам. Тут жыла сваячка іх, кволая бабулька, якая ўсё яшчэ хадзіла кожную раніцу на рынак, а потым сушыла свае панчохі каля самавара; яна папляскала хлапчука па шчацэ і палюбавалася яго паўнатой. Тут павінен быў ён застацца і хадзіць штодня ў класы гарадскога вучылішча. Бацька, пераначаваўшы, на другі-ж дзень выбраўся ў дарогу. Пры расстанні слёз не было праліта з бацькоўскіх вачэй, дадзена было поўрубля медзі на выдаткі і ласункі і, што значна важней, разумнае настаўленне: «Глядзі-ж, Паўлуша, вучыся, не дурэй, не сваволь, а больш за ўсё дагаджай настаўнікам і начальнікам. Калі будзеш дагаджаць начальніку, дык хоць і ў навуцы далёка не пойдзеш і таленту бог не даў, усё-ж пойдзеш у ход і ўсіх апярэдзіш. З таварышамі не вадзіся, яны цябе добраму не навучаць, а калі пайшло ўжо на тое, дык вадзіся з тымі, што багацейшыя, каб пры выпадку маглі быць табе карыснымі. Не частуй і не трактуй нікога, а трымай сябе лепш так, каб цябе частавалі, а больш за ўсё ашчаджай і збірай капейку, гэтая рэч надзейней за ўсё на свеце. Таварыш або прыяцель цябе ашукае і ў бядзе першы цябе выдасць, а капейка не выдасць, у якой-бы бядзе ты ні быў. Усё зробіш і ўсё праб’еш на свеце капейкай». Даўшы такое настаўленне, бацька расстаўся з сынам і пацягнуўся зноў дамоў на сваёй сароцы, і з таго часу ніколі ён яго больш не бачыў, але словы і настаўленні запалі глыбока яму ў душу.