84], які быў узорам нейкай каменнай абясчуленасці і неўзрушальнасці: заўсёды такі-ж самы, непрыступны, ніколі ў жыцці не паказаўшы на сваім твары ўсмешкі, не прывітаўшы ні разу нікога нават запытаннем пра здароўе. Ніхто не бачыў, каб ён хоць раз быў не тым, чым заўсёды, ці на вуліцы, ці ў сябе дома; хоць-бы раз выказаў ён у чым-небудзь спагаду, хоць-бы напіўся п’яны і ап’янеўшы разрагатаўся; хоць-бы аддаўся дзікай весялосці, якой аддаецца разбойнік у п’яную хвіліну, але нават ценю не было ў ім нічога такога. Нічога не было ў ім зусім: ні дрэннага, ні добрага, і штось страшнае ўзнікала ў гэтай адсутнасці ўсяго. Чорства-мрамарны твар яго, без усякай рэзкай няправільнасці, не нагадваў ні якога падабенства; у суровай суразмернасці між сабой былі рысы яго. Адны толькі густыя рабіны і выбоіны, якія пакрывалі іх, адносілі яго да ліку тых твараў, на якіх, паводле народнага выразу, прыходзіў чорт уночы гарох малаціць. Здавалася, не было сілы чалавечае падкаціцца да такога чалавека і заслужыць яго прыхільнасць, але Чычыкаў папрабаваў. Спачатку ён пачаў дагаджаць у розных непрыкметных дробязях: разглядзеў уважліва, як падвостраны пёры, якімі ён пісаў, і падрыхтаваўшы некалькі на гэты ўзор, клаў яму кожны раз іх пад руку; здзімаў і змятаў са стала яго пясок і табаку, дастаў новую анучку для яго чарнільніцы, адшукаў недзе яго шапку, самую дрэнную шапку, якая калі-небудзь існавала на свеце, і кожны раз клаў яе каля яго за хвіліну да заканчэння прысуцтвія; чысціў яму спіну, калі той пэцкаў яе крэйдай каля сцяны — але ўсё гэта заставалася зусім без ніякай увагі, так як быццам нічога гэтага не рабілася. Нарэшце, ён пранюхаў яго хатняе, сямейнае жыццё, даведаўся, што ў яго была сталая дачка, з тварам, таксама падобным да таго, як быццам на ім уначы адбывалася малацьба гароху. З гэтага вось боку надумаўся ён весці прыступ. Даведаўся, у якую царкву хадзіла яна ў нядзелю, станавіўся кожны раз насупроць яе чыста апрануты, накрухмаліўшы моцна манішку, і справа мела поспех: пахіснуўся суровы павытчык і запрасіў яго на чай! I ў канцылярыі не паспелі азірнуцца, як наладзілася справа так, што Чычыкаў пераехаў да яго ў дом, зрабіўся патрэбным і неабходным чалавекам, купляў і муку, і цукар, з дачкой абыходзіўся як з нявестай, павытчыка зваў татулькам і цалаваў яму руку; усе ў палаце вырашылі, што ў канцы лютага перад вялікім пастом будзе вяселле. Суровы павытчык пачаў нават хадайнічаць за яго перад начальствам, і праз нейкі час Чычыкаў сам сеў павытчыкам на адно вольнае вакантнае месца. У гэтым, здавалася, і была галоўная мэта сувязі яго са старым павытчыкам; таму што зараз-жа куфар свой ён адаслаў сакрэтна дамоў і на другі дзень апынуўся ўжо на іншай кватэры. Павытчыка перастаў называць татулькам і не цалаваў больш рукі, а пра вяселле так справа і замялася, як быццам зусім нічога і не было. Аднак-жа, сустракаючыся з ім, ён кожны раз ласкава паціскаў яму руку і запрашаў яго на чай, так што стары павытчык, не гледзячы на вечную нерухомасць і чэрствую роўнадушнасць, кожны раз трос галавой, і казаў сабе пад нос: ашукаў, ашукаў, чортаў сын!
вернуться
Асоба, якая загадвала дзелаводствам у старым судзе. Стала начальнік.