Выбрать главу

Гэта быў самы цяжкі парог, праз які пераступіў ён. З гэтага часу пайшло лягчэй і больш паспяхова. Ён зрабіўся чалавекам прыкметным. Усё меў ён, што трэба для гэтага свету: і прыемнасць у абыходжанні і ўчынках, і спрытнасць у справах. З такімі сродкамі здабыў ён за кароткі час тое, што называюць хлебным месцам, і скарыстаў яго выдатным чынам. Трэба ведаць, што ў гэты самы час пачаліся самыя суровыя праследаванні ўсякіх хабараў: праследаванняў ён не спалохаўся і павярнуў іх зараз-жа на сваю карысць, паказаўшы такім чынам проста рускую вынаходлівасць, якая з’яўляецца толькі ў часе прыціскання. Справа наладжана была вось як: як толькі прыходзіў просьбіт і засаджваў руку ў кішэнь з тым, каб выцягнуць адтуль вядомыя рэкамендацыйныя пісьмы, за подпісам князя Хаванскага [85], як кажуць у нас на Русі, «не, не», гаварыў ён з усмешкай, стрымліваючы яго рукі, «вы думаеце, што я... не, не. Гэта наш доўг, наш абавязак, без усякай узнагароды мы павінны зрабіць! З гэтага боку будзьце ўжо спакойны: заўтра ўсё будзе зроблена. Дазвольце даведацца, дзе ваша кватэра, вам і клапаціцца не трэба самім, усё будзе прынесена вам дамоў». Зачараваны просьбіт вяртаўся дамоў ледзь не ў захапленні, думаючы: «вось, нарэшце, чалавек, якіх трэба больш, гэта проста каштоўнейшы дыямэнт!» Але чакае просьбіт дзень, другі, не прыносяць справы дадому, на трэці таксама. Ён у канцылярыю, справа і не пачыналася; ён да каштоўнейшага дыямэнта. «Ах, выбачайце!» гаварыў Чычыкаў вельмі пачціва, схапіўшы яго за абедзве рукі, «у нас было столькі спраў: але заўтра-ж усё будзе зроблена, заўтра абавязкова, дапраўды, мне нават сорамна». I ўсё гэта суправаджалася чароўнейшымі рухамі. Калі пры гэтым расхіналася як-небудзь крысо халата, дык рука ў тую-ж хвіліну старалася справу направіць і прытрымаць крысо. Але ні заўтра, ні паслязаўтра, ні на трэці дзень не нясуць справы дадому. Просьбіт пачынае разважаць: ды ці няма тут чаго? даведваецца, кажуць, трэба даць пісарам. «Чаму-ж не даць? я гатоў саракоўку, другую». «Не, не саракоўку, а па беленькай» [86]. «Па беленькай пісарам!» ускрыквае просьбіт. «Ды чаго вы так хвалюецеся», адказваюць яму: «яно так і выйдзе, пісарам і дастанецца па саракоўцы, а рэшта пойдзе начальству». Б’е сябе па ілбе нездагадлівы просьбіт і лае, на чым свет стаіць, новы парадак рэчаў, праследаванне хабару і ветлівыя, аблагароджаныя абыходжанні чыноўнікаў. Раней, бывала, ведаеш, прынамсі, што рабіць: прынёс кіраўніку спраў чырвоную [87], ды справе канец, а цяпер па беленькай, ды яшчэ тыдзень пацягаешся, пакуль здагадаешся; чорт-бы пабраў бескарыслівасць і чыноўнае высокародства! Просьбіт, вядома, кажа праўду, але затое цяпер няма хабарнікаў: усе кіраўнікі спраў самыя чэсныя і высокародныя людзі, сакратары толькі ды пісары шэльмы. Хутка надарылася Чычыкаву поле куды прастарнейшае: стварылася камісія для пабудовы нейкага казённага, вельмі капітальнага будынка. У гэтую камісію прыстроіўся і ён, і аказаўся адным з самых дзейных членаў. Камісія зараз-жа распачала справу. Шэсць год валаводзілася каля будынка, але клімат ці што перашкаджаў, ці матэрыял ужо быў такі, толькі ніяк не ішоў казённы будынак вышэй падмурка. А тым часам у другіх канцах горада апынулася ў кожнага з членаў камісіі па прыгожаму дому грамадзянскай архітэктуры: відаць грунт зямлі быў там лепшы. Члены пачалі ўжо жыць у добрабыце і абзаводзіцца сем’ямі. Тут толькі і цяпер толькі пачаў Чычыкаў пакрысе выблытвацца з-пад суровых законаў устрымання і няўмольнай сваёй самаахвярнасці. Тут толькі доўгатэрміновы пост, нарэшце, быў паслаблены, і выявілася, што ён заўсёды меў схільнасць да розных асалод, ад якіх умеў утрымацца ў гады палкай маладосці, калі ніводзін чалавек зусім не мае ўлады над сабой. Выявіліся такія-сякія збыткаванні: ён прыдбаў даволі добрага кухара, тонкія галандскія кашулі. Ужо сукна купіў ён сабе такога, якога не насіла ўся губерня, і з гэтага часу пачаў трымацца больш карычневых і чырванаватых колераў з іскраю: ужо набыў ён выдатную парку коней і сам трымаў адну лейчыну, змушаючы прысцяжную віцца кальцом; ужо завёў ён звычай выцірацца губкай, намочанай у вадзе, змешанай з адэкалонам; ужо купляў ён вельмі нятанна нейкае мыла для надання гладкасці скуры, ужо...

Але раптам: на месца ранейшага цюхцяя быў прысланы новы начальнік, чалавек ваенны, строгі, вораг хабарнікаў і ўсяго, што завецца няпраўдай. На другі-ж дзень пужануў ён усіх да аднаго, загадаў даць справаздачы, убачыў недахопы, на кожным кроку недахват грошай, заўважыў у тую-ж хвіліну дамы прыгожай грамадзянскай архітэктуры, і пайшла пераробка. Чыноўнікі былі зняты з пасад; дамы прыгожай грамадзянскай архітэктуры перайшлі ў казну і ператвораны былі ў розныя богаўгодныя ўстановы і школы для кантаністаў [88], усё распушана было ў пух, і Чычыкаў больш за іншых. Твар яго, раптам, не гледзячы на прыемнасць, не спадабаўся начальніку, чаму іменна, бог ведае, часам нават проста не бывае на гэта прычын, і ён зненавідзеў яго да смерці. Але, таму што ён усё-ж быў чалавек ваенны, значыцца не ведаў усіх тонкасцей грамадзянскіх хітрыкаў, дык праз нейкі час, пры дапамозе праўдзівага выгляду і ўмельства падлазіцца да ўсяго, уцёрліся да яго ў ласку іншыя чыноўнікі, і генерал хутка апынуўся ў руках яшчэ большых махляроў, якіх ён зусім не лічыў такімі; нават быў задаволены, што выбраў нарэшце людзей, як след, і выхваляўся не на жарт тонкім разуменнем распазнаваць здольнасці. Чыноўнікі раптам зразумелі дух яго і характар. Усё, што ні было пад яго начальствам, зрабілася страшным праследвальнікам няпраўды; усюды ва ўсіх справах яны праследавалі яе, як рыбак восцямі праследуе якую-небудзь мясістую бялугу, і праследавалі яе з такім поспехам, што ў хуткім часе ў кожнага з’явілася па некалькі тысяч капіталу. У гэты час вярнуліся на шлях ісціны многія з ранейшых чыноўнікаў і былі зноў прыняты на службу. Але Чычыкаў ужо ніякім чынам не мог уцерціся, як ні стараўся і ні стаяў за яго заахвочаны лістамі князя Хаванскага першы генеральскі сакратар, які дасканала зразумеў кіраванне генеральскім носам, але тут ён зусім нічога не мог зрабіць. Генерал быў такога роду чалавек, якога хоць і вадзілі за нос (зрэшты без яго ведама), але затое ўжо, калі ў галаву яму западала якая-небудзь думка, дык яна там была ўсёроўна, як жалезны цвік: нічым нельга было яе адтуль выцерабіць. Усё, што мог зрабіць разумны сакратар, гэта знішчэнне заплямленага паслужнога спісу, і на гэта ўжо ён падштурхнуў начальніка не інакш, як спачуваннем, абмаляваўшы яму жывымі фарбамі кепскі лёс няшчаснае сям’і Чычыкава, якой на шчасце ў яго не было.

вернуться

85

Хабар.

вернуться

86

25 рублёў.

вернуться

87

10 рублёў.

вернуться

88

Салдацкіх дзяцей.