Выбрать главу

Калі я пярэчыў яму ў чым-небудзь, ён казаў без усякага жарту: «Вы яшчэ шэры, а я стары юнкер і ваш старшы». — «Ну і што?» — «А тое, што вы не салдат, а індык, бо вы ўсё нешта думаеце, як індык… Чорт вас ведае, аб чым вы ўсё думаеце». Калі я купляў яму каўбасу і сітны хлеб, ён рабіўся ветлівейшы, менш лаяўся, бо я гэтага не любіў, і даваў мне рады: «Кідайце, калега, сваё інтэлігенцтва! Ведаеце, што з інтэлігента салдат, як з гразі куля». Лаяўся ён ціха, але так паскудна, што я думаў — ніхто больш у брыгадзе гэтак не ўмее. Аднак я памыліўся. На другі ці на трэці дзень пачулі мы крык на галоўнай дарожцы перад палаткамі. Выбягаем… Маленькі, з чырвоным носікам, але з вялікімі і разлеглымі бурымі вусіламі, фарсісты афіцэр страшэнна лае салдата нашае батарэі. А лае такімі брыдкімі словамі і так іх камбінуе, што куды там дурному Шалапутаву… Салдат стаіць, выцягнуўшыся ў струнку, і маўчыць, — маўчыць, як анямеўшы, толькі тарэшчыць вочы і цягнецца яшчэ болей. Пытаюся ў Шалапутава: «Хто гэты паршывы афіцэр? Няўжо з нашае батарэі?» Шалапутаў паглядзеў на мяне з гневам, а тады са смакам адказаў, што гэта — камандзір адной батарэі нашае брыгады падпалкоўнік Гноеў, найлепшы афіцэр у брыгадзе і «шырокая руская натура».

Мне было прыемна, што хоць камандзір нашае батарэі не любіць лаяцца. Наогул, мне адразу кінулася ў вочы, што ён нечым выдзяляецца спаміж афіцэраў. 3 выгляду ён быў высокі і плячысты мужчына, злёгку пахілены, яшчэ малады, але з вусамі і барадою, падобна як на партрэтах у цара — «каб і з выгляду быць падобным да свайго імператара», як вытлумачыў мне Шалапутаў, мусіць, са слоў нейкага афіцэра. Але вочы ў яго — глыбокія і тужлівыя. Відаць, чалавек з нездаровымі нервамі, дужа дражлівы. Я думаў, што, мусіць, ён пагарджае людзьмі — і салдатамі і афіцэрамі,— але сэрца ў яго баліць, ён заўсёды аб нечым тужыць, нешта яго турбуе без адчэпкі. I я заўважыў, што ўся батарэя дужа яго баіцца, але што цішком з яго ўсе пасміхаюцца. Чуў я пра яго дзівоты: вялікай набожнасці, драбязлівай прывязнасці да парадку і ахайнасці. Казалі, што ён дужа пасварыўся з адным афіцэрам за тое, што той паклаў на яго ложак сваю шапку і газету. 6 ліпеня — першае свята, як я быў у лагеры, — усіх пагналі ў лагерную царкву. 3 людзей, незанятых дзяжурствам, толькі я адзін сядзеў у палатцы; балазе ніхто мне нічога не сказаў, дык я і не пайшоў. Камандзір з Хітруновым (гэткае прозвішча было фельдфебеля) абходзіў палаткі і пачуў мой кашаль.

— А гэта хто там такі?! — грозна спытаўся ён у фельдфебеля.

— Новы вальнапісаны, васкродзь! — вінавата адказаў Хітруноў.

— Чаму ён не ў царкве?!

— Не магу ведаць, васкродзь, — ухіліўся ад праўдзівага адказу Хітруноў, а каб яшчэ лепей вывернуцца, дадаў двухзначна: — Не захацеў пайсці… Можна было зразумець і так, што мяне пасылалі, ды я спрацівіўся і не пайшоў.

— Як яшчэ «не захацеў»?! — гняўліва і ў злосці крыкнуў камандзір.

— Чаму вы не паслалі яго?.. Вымаўляю вам, фельдфебель! — крыкнуў і шпарка засігаў даўгімі нагамі далей.

Мне было дужа прыкра і цяжка. Я сядзеў тады ў палатцы, як паняволены, і баяўся яго крыку. Але ён мяне не зачапіў, а накрычаў за хітрыкі на Хітрунова — і я адчуў, што пры ўсёй сваёй нервовасці ён умее думаць і разбірацца.

Затое другім разам зрабіў ён са мною неспадзяваную для мяне штуку… Раніца пачалася дужа добрым надвор'ем, а потым стала горача і парна, а перад абедам пайшлі па небе дажджовыя хмары, адразу пахаладнела. Я сядзеў у палатцы і пісаў ліст. Аж прыбягае адзін наш батарэец і кажа, каб я зараз бег у арудзійны парк, бо камандзір мяне кліча. Мяне?!. Здзіўлены, я схапіўся бегчы, выскачыў не апрануўшыся, а дождж вось-вось хлыне. 3 парку разыходзіліся ўсе салдаты, толькі пры адной гармаце двое нешта рабілі, і над імі стаяў камандзір. Я пабег, і ён сказаў мне: «Стой тут». Я стаяў і глядзеў, нічога не разумеючы, што яны там робяць, і чакаў дажджу. Зараз дождж і пайшоў, і буйны… Тады камандзір загадаў салдатам апрануцца (шынялі іх ляжалі тут жа, а сам не апрануўся і мякнуў на дажджы, хоць тут жа на пяску ляжала і яго накідка. Мяне ў адной летняй гімнасцёрцы за хвілінку прамачыла наскрозь, а я ўсё мусіў стаяць, — камандзір нават не паглядзеў на мяне. Нарэшце ён адпусціў іх, ускінуў на руку накідку — і пайшоў сабе моўчкі з парку, ізноў жа нічога мне не сказаўшы. Тады — што ж мне стаяць? — паплёўся за ім следам, троху астаўшыся, і я, і па дарозе стараўся дадумацца, навошта ён мяне вымачыў і навошта сам без патрэбы мокнуў, калі і накідка ляжала…

— Бягом!! — знянацку аглянуўся і крыкнуў ён на мяне. — Бягом!.. Прастудзіцца хочаш?! — I столькі ж было дражлівасці і хваравітага злавання ў яго словах.

Я пабег, смешны сам сабе і дужа пакрыўджаны.