Выбрать главу

Потым стаў сам сябе сароміць за гэткія думкі: быццам я радуюся вайне.

I сорамна прызнацца, але мне хацелася, каб яна была, каб прыйшла нейкая перамена.

Я задумаўся і над прамоваю камандзіра. Няўжо ж можна намовіць салдата ісці на вайну з уздымам пачуцця, каб бараніць нейкую Сербію? «Адзінаверную», калі яна далёка не для ўсіх нашых батарэйцаў адзінаверная, бо ёсць мусульмане, іудзеі, каталікі. I якія непрыгожыя словы «зажырэла», «пархатая», «морду ў квас», што я нават і не чакаў ад нашага камандзіра.

Захацелася пісаць лісты дамоў і знаёмым. Сеў пісаць — і не пішацца. Лепей пачакаць яшчэ троху, пакуль справа не зробіцца святлейшаю.

Ну і трапіў у завіруху!

Цэлы той дзень і палову другога дня мы складваліся, пакаваліся, пераязджалі на станцыю і разам з другімі вайсковымі часткамі лагеру — пяхотай, артылерыяй, сапёрамі — грузіліся, суяціміліся, куламесіліся…

Цалюсенькую ноч гарэлі вогнішчы, гаманілі і крычалі людзі, тарахцелі фурманкі, порскалі коні, а па-над усім гэтым нудна-дражліва галасілі ў ядраным паветры зорнай ночкі свісткі цягнікоў.

Я пасабляў пакаваць канцылярыю, начаваў на даўгой дашчатай скрынцы з батарэйнымі паперамі. Пісары, Беленькі і нейкія мне незнаёмыя салдаты-«арыстакраты» пілі ў баковачцы гарэлку, елі мяса з гурком і сітным хлебам і гневаліся, што я не іду ў іхнюю кампанію, а лёг спаць. Яны гаманілі ўвесь час пра вайну, пілі і елі як перад вайною, нічога сабе не шкадуючы.

Доўга ў лагеры стучэла, гручэла, ляскала жалеззем, часам чулася салдацкая песня — і ўсё гэта да познай ночы, аж пакуль я не заснуў, і начою, калі будзіўся ад гоману і свае нутраное трывогі.

Эшалон наш пайшоў на другі дзень а пятай гадзіне па абедзе.

Я быў рад, што еду, — куды, усё роўна, абы еду… Цікаўней жа наглядаць, што тут творыцца навокал, чым сядзець у тым лагеры-астрозе.

Ужо з вагона, перад адходам цягніка, я бачыў, як паміж усялякага громазду, наваленага адпраўляць, там, дзе было троху вальнейшае месца, перад вакзальным будынкам прахаджвалася пара. Ён — стромкі, харошы афіцэр, з дужа крывою шабляю, што валачылася па зямлі, яшчэ зусім маладзенькі. Яна — тож маладая, ды грубенькая, мусіць, цяжарная, пані, уся чырвона-ружовенькая і з вопраткі, і з твару. Ён усё ёй нешта казаў і казаў, нахіляючыся да яе галоўкі і ізноў ідучы проста, у задуме, а яна ўзяла з яго рук хлысцік, маўчала, сціскала хлысцік і, здаецца, плакала ціхімі слязьмі. Так мне зрабілася іх шкода, хоць і не любіў я афіцэраў і паноў. Тут — шчырае каханне і разлука…

А нашы батарэйныя «гарохі» бегалі заклапочаныя, хаваючы цяжкія думкі, бегалі, насіліся, рассаджвалі па забітых усякімі скрынкамі і сёдламі вагонах сваіх жонак і дзяцей, падавалі ім у рукі свой спакаваны скарб, а рабілі ўсё так, як панскія слугі, лёкаі: каб не дужа каму кідалася ў вочы. I брыдка, і жаласна было глядзець на іх бацькоўскі клопат у паднявольных людзей, і шкода было бедных «гарохавых» дзяцей.

Вольныя людзі прапускалі нас на станцыях як на вайну. Апраненыя бедна жанчыны вынасілі вёдры вады, бегалі па колькі раз, не шкадуючы турбацыі, каб толькі мы ўсе напіліся. Беленькія паненкі, калі такія, што гаманілі па-расійску ці па-яўрэйску, а не па-польску, кідалі нам у вагоны краскі, а як цягнік адыходзіў, махалі хустачкамі і крычалі нешта вясёлае.

Начою ў вагоне пісары нашы і з пару «гарохаў» ізноў пілі гарэлку — быццам бы гарбату, з кацялкоў, — але ў вайну ўжо не мелі веры, казалі, што вайны напэўна не будзе, і шкадавалі, што без пары скончыўся лагер. Страшэнна лаялі за гэта як немцаў, так і сербаў.

А газет я так і не мог нідзе дастаць.

Прыехалі мы на другі дзень раніцаю. Цяпер ужо я станцыю не разглядаў, і яна не была нудная, апаленая сонцам… Пачалося выкладанне рэчаў, пераезд і ў казармы, і ў склады, і ў арудзійны парк. А быў пыл, а бруд, а лаянка! Куды ні сунься — крыкі, громазд, куламеса…

На мяне ўсе забыліся, і я быў рад, што магу не лезці ў вочы без патрэбы.

Кінуў я ўвесь клопат і пайшоў на бераг Нёмну. Шчыпаў там у кустах арэхі, знайшоў колькі ягадзінак, спозненых сунічак, любаваўся з высокага берагу на прыгожую Нёмнаву вадзіцу. Было тут ціха і супакойна — і не хацелася ні аб чым думаць.

Па абедзе загадалі мне схадзіць у акалодак — больніцу для хворых салдат — на медыцынскі агляд, што бывае кожнаму новапрыбыламу ў батарэі.

Ідучы туды, я разважаў, як малое дзіця: «А вось знойдуць у мяне якую небудзь загану ў грудзёх — і забракуюць… Паеду назад! Якое шчасце!»

Там я доўга чакаў у невялікім пакоі, дзе на жалезных ложках, на голых сенніках і на падушках з сена, без посцілак і наўлачак, ляжала чалавек пяць нядужых. Пад ложкамі валяліся кінутыя боты і ўсякія транты, а на шафках, што служылі і заместа столікаў, я ўбачыў у адной кучы і шапку, і паяс, і кубак піць, і пляшачкі з лякарствамі. Мухі так ліплі; рамы былі падвойныя, з дужа пыльнымі шыбамі, і яны ляцелі адтуль, абнялі крошачкі цукру, садзіліся хворым на нос і ў вочы. Хворыя ляжалі моўчкі, заплюшчыўшы вочы, — спалі, ці што.