Выбрать главу

Жаль агарнуў мяне.

Недзе пабегаўшы, з'явіўся салдат-прыслужнік. Ён ні слова не сказаў мне, прыткнуўся на табурэтку, дастаў з кішэні пушачку ад ваксы, дзе меў махорку, і стаў круціць цыгарку. Круціў і пяяў сабе пад нос з самым тупым выглядам:

Ціпер жа нада мною Та-аварішчы сміютцаа а… Зачэм жэ ты мне чайнік пріпаяла?..

Потым курыў, а курачы, мыском боту пароў у ражку бліжэйшага сенніка… Пільна разглядаў, як сыплецца адтуль дробная, пацёртая саломка. Курыў доўга, а дакурыўшы, паклаў недакурачак на падлогу, напляваў на яго, старанна лучаючы, і расцёр падэшваю аж да чорных шнуроў на брудным цэменце. Тады крыкнуў:

— Сурай, а Сурай! Перавярніся ты на другі бок: зараз камісія прыйдзе аглядаць цябе.

Хворы татарчук скасіў мутныя, пачырванелыя вочы на шырокім, замшэлым ад валосся твары, кінуў у наш бок безуважны погляд, нічога не прамовіў і з трудам лёг на другі бок.

Другі хворы, даўгі і сохлы, збялелы насмерць, нечакана злез з ложка і на маёй роднай мове сказаў прыслужніку:

— Мулка… I пасунь ты сюды…

Ён паказаў, каб пасунулі ложак. Гэта, відаць, былі яго хворыя верадаванні. Ужо насілу стаяў, узяўшыся за край століка; ногі ў яго дрыжэлі.

Прыслужнік слухмяна ўзбіў сяннік, нарабіўшы пылу, тады страсануў убогую салдацкую коўдру, пасунуў дзеля віду ложак, пасобіў яму легчы і ласкава пакрыў яго коўдраю. Калі ўсё ізноў сціхла, прыслужнік падміргнуў мне, ухмыльнуўся і даволі голасна шапнуў:

— Во каму вайна не страшна…

Я нічога не адказаў, і горкі жаль яшчэ гаршы ахапіў мяне.

Аж нарэшце прыйшоў фельчар — лысы рыжавусы і з мяжджэрыстым, але добрым тварам немалады салдат. Першым чынам ён накрычаў на прыслужніка:

— Якога чорта, самдзеле, ты нічога тут не робіш? Прыбраў бы хоць троху… Бяры мятлу, мяці!

Потым запісаў мяне ў больнічную кнігу і сказаў мне:

— Ну і ўсё. Можаце ісці.

Ніякага мне агляду так і не было. Я ішоў назад збянтэжаны і ў брыдкім настроі.

Мост

16 ліпеня ўвечары батарэя наша (гарматы і частка страявых людзей) выехала на пазіцыю: вартаваць ад нямецкіх аэрапланаў чыгуначны мост на Нёмне, вярсты за дзве ад казармаў.

У казармах не спынялася незвычайнае безгалоўе, не было дзе прытуліцца, і я выпрасіўся на пазіцыю.

Першы раз начаваў я з батарэяю ў полі. Але начаваць было добра, бо мы, тэлефаністы, паставілі сабе нанач маленькую будачку-палатку.

Я дзяжурыў пры тэлефоне і заснуў з тэлефоннаю трубкаю ў руцэ. Спаў… прахапіўся раптам: нехта дыргануў ад мяне апарат! Я спалохаўся, што ён сцягне апарат, і кінуўся бегчы шукаць… Бег, бег… дзе ж парваўся дрот? Быў я ў шынялі, з рэвальверам і кінжалам на паясе; цераз плячо вісела скураная каліта з прыладамі звязваць дрот і абкручваць яго ізаліроўкаю. Я замарыўся — і балазе угрэўся, бо спаць было трошку сцюдзёнавата.

Як ішоў ціха назад — агледзеўся. Месяц. Ядрана. Туман у доле. Шуміць цягнік. Машына: пых-пых! пых-пых! пых-пых! А колы грымяць: гру-ру-ру! гру-ру-ру! гру-ру-ру!.. Хораша! Супакой і хараство агарнулі мяне. Варта жыць на свеце!

Потым я ізноў лёг і смачна спаў, без усякіх перашкод і без трывогі ў сэрцы.

Прачнуўся дужа рана і быў рад добраму надвор'ю і харошай відалі, што раскінулася далёка вакол пазіцыі. Батарэя стаяла на высокай горцы. За ганей трое відаць быў жалезны мост на Нёмне, які мы вартавалі. На вялікай узгоркаватай раўніне — хутаркі, дарогі, Нёман, тырчэла вярхамі дамоў і высокімі касцельнымі вежамі мясцечка. Ад Нёмна ўгару, па равах і курганах — лес, лес, далёка, аж пакуль яго зялёная каёмка не ахоплівае ўсю відаль.

Тым часам ліха на свеце расло, і мы штодзень даведваліся што-што новенькае, што гнала думку ад навакольнага хараства ў зусім другі бок.

У той жа дзень, 17 ліпеня, па абедзе прыйшоў з батарэі пасланец і прынёс нам навіну, што абвешчана мабілізацыя.

Дзяжурыў якраз паручнік Пупскі — кароценькі, шчарбаты, насмешлівы і злы, самы нялюбы афіцэр у батарэі. Ён скамандаваў нам усім: «Сюды! Бягом!» Мы збегліся, і ён сказаў прамову аб мабілізацыі — з уласцівым яму чарнасоценным духам. Але салдаты мала чаго зразумелі з яго слоў.