Выбрать главу

— Дык мы на Сербію? — спытаўся адзін зусім ужо па-дурному.

— Не на Сербію, а на Берлін пойдзем! — не дужа здзівіўся на гэткую няцямлівасць паручнік Пупскі.

— Куды ж гэта, ваша благародзіе?

— На нямецкую сталіцу… разумееш ты, шляпа?

А той аж засмяяўся, што паручнік злаяў яго так па-вайсковаму ласкава: шляпа!

18-га ліпеня пачаўся пабор запасных, і Гірша Беленькі, які цяпер таксама быў тэлефаністам, пераказваў мне па тэлефоне з наглядальнага пункту ля мясцечка, што ён там чуе і бачыць. «Братачка! За Нёманам у мясцечку бабы плачуць, запасных прапускаюць. Першага ўзялі а пятай гадзіне раніцы. Жонка адарвацца не магла, людзі адарвалі…» — «Дрэнна!» — «Дрэнна, братачка! Але нічога! Цяпер, відаць, лягчэй пайшло: міма мяне многа запасных едзе ў павет на мабілізацыю, дык смяюцца, шапкамі мне махаюць… Ах, братачка, жывём?» — «Жывём!» — крычу і я яму ў тэлефон. I чую, смяецца ён, — смяюся і я. Беленькі з выгляду зусім не беленькі, а рыжы і незвычайна вяснушчаты. Галава, твар, нос, вочы — усё ў яго круглае і рыжа-вяснушчатае, але ўсё яно ў яго заўсёды смяецца, мілае і сімпатычнае. Беленькі любіць жартаваць і дружыць. Ён першы больш за ўсіх спадабаўся мне ў батарэі.

Потым прыехаў на дзяжурства капітан Смірноў — ціхі, спакойны і, здаецца, добры чалавек і начальнік. Ён дужа сціплы з выгляду, сярэдняга росту, сярэдняе моцы мужчына, непрыкметны, з тварам, якіх многа, з падстрыжанаю бародкаю, з шэрымі вачмі. Першым чынам ён загадаў схадзіць на дзве змены ў лес і насячы там хвоек, каб замаскаваць нашу пазіцыю, бо ўжо можна чакаць у госці нямецкіх летуноў. I я думаў: так проста і так патрэбна — захаваць гарматы на высокай горцы ад вока ворага… А дагэтуль не было зроблена, і ні Пупскаму, ні падпаручніку Іванову, якія дагэтуль дзяжурылі, і ў голаў, мусіць, тое не прыйшло. I чаму, напрыклад, я і сам не дадумаўся, што робяць падобныя хаванкі?

Падпаручнік Іваноў — сыценькі, ружовенькі, як панскі парсючок. Ён быў прыкамандзіраваны ў нашу батарэю з пяхоты, і гэтая акалічнасць чамусьці абніжала яго афіцэрскую вартасць у вачах нашых батарэйцаў. Ён не знаў у твар усіх салдатаў батарэі; убачыўшы мяне першы раз, ён спытаўся:

— Што ж ты гэткі беленькі?

— Не магу ведаць, ваша благародзіе! — адказаў я, усхапіўшыся і аддаўшы чэсць, і быў рад, што выйшла гэта ў мяне зусім добра, як у праўдзівага салдата. А мой бліжэйшы начальнік, старшы тэлефаніст Лапцеў, пасміхнуўшыся, сказаў:

— Яны ў нас новы вальнапісаны, вашблагродзь!

Падпаручнік пачырванеў-пачырванеў…

— А а… Чаму ж вам не нашыюць шнуркоў вальнапісанага?

А Я хадзіў без гэтых шнуркоў, бо нідзе іх няможна было дастаць пакуль што.) Мне было тады смешна, што ён пачырванеў.

19-га ліпеня было адно цікавае здарэнне… Прыехала наша кухня, мы паабедалі, я сядзеў пры тэлефоне і любаваўся на шырокі прастор. Вольныя салдаты распаўзліся хто куды. Пупскі лёг спаць. У гэты час па полі гулялі месцячковы ксёндз і яго госць — клерык. 3 цікавасці яны зусім блізка падышлі да батарэі. Дзяжурны салдат крыкам адагнаў іх. Яны павярнуліся і пайшлі назад, але старшы феерверкер, кастраміч Сакалоў, загадаў дагнаць іх і прывесці на батарэю. Узбудзілі Пупскага, і ён, нездаволены, што патурбавалі, прыспаны і ўзлаваны, выйшаў з палаткі.

— Дзе шпіёны? — наўмысля крыкнуў ён.

Падвялі абодвух, спалоханых, збялелых, у чорных ксяндзоўскіх сутанах. Ксёндз быў кароценькі, грубенькі, ён здзеў перад Пупскім капялюш, і галава ў яго была круглая, чорная, з выгаленым кружком на макушцы. Ён, збіваючыся, казаў нешта перарваным ад хвалявання і абурэння голасам з дужа выразным літоўскім акцэнтам. А клерык, худы, даўгатвары і белавалосы, маўчаў і тарэшчыў свае галубыя літоўскія вочы з балючым выглядам. Паручнік нібыта і слухаць не хацеў, што яны там кажуць, стаў здзеквацца, што іх, як нямецкіх шпегаў, расстрэляць, а пакуль што ім прыйдзецца пачакаць тут з гадзінку, а потым іх павядуць да каменданта ў брыгаду. Бедныя духоўныя асобы ад нечаканае бяды і прыкрасці зусім апалі духам… Аж вось з'явіліся вызваляць іх сяляне з хутару.

— Гэта ж наш ксёндз пробашч… Вось і дом іхны, і сенажатка, і сад… Іх і земскі ведае, і іспраўнік…

Пастрашыўшы, пакпіўшы, Пупскі міласціва дазволіў ксяндзам «вынасіць свае галовы» (так і сказаў!). Яны закланяліся, а ён зарагатаў, салдаты старанна падхапілі рогат начальніка.

— За вамі цяпер будуць сачыць! — крыкнуў ім наўздагон паручнік…

Белы высокі клерык прымушана аглянуўся і прыўзняў капялюш, потым нешта пачаў казаць ксяндзу, мусіць, каб той павесялеў, а той ішоў утупіўшы вочы ў зямлю і, відаць, з вялікаю скрухаю маўчаў.