Выбрать главу

— На граніцы сямёх ксяндзоў ужо павесілі, — збрахаў Пупскі салдатам, хоць бы ўсміхнуўся, і пайшоў у палатку.

Салдаты, што прыходзілі на батарэю з казармаў, казалі, які ласкавы зрабіўся цяпер Хітруноў. Адзін салдацік, не ведаю прозвішча, нават паказаў, як цяпер «круціць хвастом» Хітруноў. Ён прасунуў скручаны канец шыняля скрозь ногі назад і прайшоўся, круцячы ім і ўдаючы Хітрунова (бздрынкаў пальцамі па ніжняй губе і падкручваў вусікі). Гэты ж салдацік казаў, што Хітруноў цяпер — стане трошку воддаль і слухае, пра што гамоняць салдаты. Я зразумеў, што Хітруноў баіцца, што на вайне яго могуць забіць свае ж салдаты за розныя крыўды.

Мяне гэта здзівіла, бо мне здавалася, што Хітруноў досыць добра абходзіцца з салдатамі, самі салдаты не раз казалі пра яго, што ён нічога сабе чалавек… Дык чаго ж яму баяцца?

Пра старшага пісара казалі, што надта «завайстрыўся»: схуд, вочы запалі, нос выцягнуўся баіцца вайны.

У казармах, казалі яны, ідзе абмундзіраванне, даюць усё новенькае шэра-зялёнага колеру. Даюць і новыя боты — і нашы тэлефаністы вельмі шкадавалі, што ў мясцечку не хочуць плаціць і пятай долі «мірнай» цаны. Але, кажуць, салдатаў на таргу — поўна!

* * *

Начою 19–20 ліпеня Нямеччына абвесціла вайну Расіі…

Дачакаліся. А то ўсё яшчэ ішло як бы жартам. Дык вось — цяпер я на вайне! Заб'юць? Лепей не думаць…

Увечары 19-га наша змена пайшла ў казармы на абмундзіраванне. 3 намі ішоў Шалапутаў. Ён прыходзіў на батарэю па нейкай справе да паручніка Пупскага; хваліўся, што нават піў з ім у палатцы гарбату. На пустой вуліцы ў цямноце ён крыкнуў нейкаму месцячковаму чалавеку:

— Пан! Дай прыкурыць… — і ў дадатак злаяў таго бруднай расійскай лаянкаю.

Я сказаў голасна і дрыжача ад злосці:

— Хуліган! Не чапайце вольных людзей…

Праўда, мы з ім троху засталіся, дык другія салдаты маглі не пачуць, што я так сказаў яму. Шалапутаў, знарок нядбайна і быццам уважаючы мае словы за жарт, буркнуў на мяне:

— Шляпа вы, а не салдат.

Але я пачуў, што цяпер я перастаў ужо быць з ім «шляпаю», хоць у мяне аж і ногі дрыжэлі ад злосці…

Быўшы ў казармах, перагледзеў я сваю маёмасць, пералістаў свае кніжачкі… Эх, і навошта я вёз іх столькі сюды? Усё гэта цяпер згіне, як згіну, можа, і я сам, ва славу… на славу… чаго? Вызвалення «малых» народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасць гэтая вайна? Лепей не думаць…

Заходзіў на пошту; ніякіх пасылак не прымаюць. Лісты прынялі, але чамусьці сказалі, што і за дастаўку заказных цяпер не ручаюцца. А здаецца ж, цягнікі ходзяць так, як і раней, — дык чаму ж гэта яны так кажуць?

У мясцечку бачыў многа запасных. I ўсё болей іх прыганяюць.

— Шкандальны запас… Чы пан ест поляк? — спытаўся ў мяне крамнік, мусіць, абпалячаны жмогус, калі я купляў у яго паперу і гаварыў з ім па-беларуску.

— А што? — адказаў я сцюдзёным пытаннем.

— Ніц, прошэн пана… Тшэба модліцьсен пану Езусу!

I праўда: ужо ўсё мясцечка моліцца, вохкае, стогне — і шалёна спекулюе салдацкімі ботамі, лахманамі і чым «пан Езус» паслаў.

На гэтым мнагалюддзі я пачуў сябе ў вялікай адзіноце. Думкі мае памкнуліся дамоў, да родных. Што там цяпер? Ілья (пішу 20-га ліпеня), свята, кірмаш. Тут я зусім забыўся, што Ілья, а некалі на гэтага самага Ілью — колькі было кірмашовае ўцехі! Не, цяпер трывога і там. Плачуць бедныя людзі. Што гэта будзе, што гэта будзе? Не ведаю, што будзе, і ніхто не ведае.

Перад самым ад'ездам з пазіцыі я ўбачыў яшчэ аднаго афіцэра нашае батарэі, штабс-капітана Дамброўскага. Дагэтуль ён быў дзесь у камандзіроўцы, купляў коні для батарэі, ці што. Здаровы, круглы; твар у яго дужа грубы і дужа чырвоны, вочы заплыўшы салам; гаворыць ён па-папску: сё-сё-сё… Шалапутаў сказаў мне пра яго, што гэта — «абруселы літоўскі паляк магаметанскае рэлігіі». Часам і Шалапутаў лоўка скажа.

Дамброўскі прывёз нам навіны: «Нашы ў Нямеччыне на 50 вёрст… Немцы аж стогнуць… Пасланнік нямецкі, як абвяшчаў вайну ў Пецярбурзе, дрыжэў, аж калаціўся… Дрыжэла папера ў яго руках… Вержбалова і Эйдкунен спалены… Казакам дазволілі рабіць што хочуць, дык яны там!.. Японія забрала Кяо-Чао. Англія з флотам плыве да нашых берагоў, нам на падмогу… Наш конны полк падарваў мост… Дзесь злавілі нямецкага шпега…»

Не шкадаваў навін жыццярадасны пан Дамброўскі, але троху, мусіць, падсыпаў дзеля храбрасці.

— Пасля заўтрага і мы ўжо будзем у Прусіі! — з радасцю, вясёлы, гаманлівы, пацешыў ён нас.

У казармы прыехалі ўвечары.

Тут я пачуў ад Шалапутава, што Франц-Язэп, ад неспакою ў гэткай старасці, сканаў… «Бедны дзядуля!» — пашкадаваў шляхетны юнкер нябожчыка, шляхетнага імператара. А хадзіў ён у гэты час з даўжэразным вожыгам вакол вогнішча, на якім гарэлі кнігі з батарэйнага архіву. Паварушваў абгарэлыя пачкі і важна сапеў — асветлены з аднаго боку, цёмны з другога.