Выбрать главу

Вячэралі мы ў цямноце, пад асіннікам, што рос пры казармах. Гоман людзей, порсканне коні…

Ужо і казакоў многа прыехала. Пасля вячэры я ўбачыў колькіх і ў нашай казарме: у госці к батарэйцам прыйшлі. Яны прыгожыя людзі, але вялікія брахуны: па-важненька вярзуць усякую лухту, і лепей як пан Дамброўскі, бо з жартамі. Спадзяюцца перавярнуць дагары нагамі ўсю Германію. Віхрастыя, з чырвонымі лампасамі, досыць рослыя, самавітыя.

Многа прыгналі і запаснікаў — барадатых, гаспадарлівых людзей. Яны паважныя, маўклівыя.

Усе і ўсё перамяшалася ў казарме…

Потым — сон. Салдаты і ляжаць, і ходзяць, лаюцца, крычаць, пішуць на навялічкай шафцы-століку лісты пры адной закапцелай лямпачцы (на ўвесь аграмадны пакой). I няможна было заснуць — будзяць бесперастанку, шукаючы тых, каму ісці ў нарад, на дзяжурства. Крыкі і лаянка.

Яшчэ два дні і дзве ночы прайшлі ў такім жа вэрхале і гармідары.

Шумныя, але пустыя і нудныя для мяне дні!

Дзённік

24 ліпеня.

Выехалі з мясцечка. У паход, на граніцу. Перад тым — малебен. Прамова папа і генерала. Афіцэры ўсе перацалаваліся. Салдаты крычалі «ўра». Я маўчаў.

25 ліпеня.

Едзем. Адзін ездавы трапіў пад кола гарматы і зламаў нагу. Кажуць — наўмысна. А што, каб і мне так? — думаю.

Камандзір аддаў загад, каб мы, тэлефаністы, стаялі з сваімі двухколкамі і чакалі. Стаім ля саду. Вісяць над галавою вішні. Прыбягае паручнік Пупскі. «Чаму не адпрагаеце?» — «Камандзір не загадалі, ваша благародзіе!» — «Што вы…дзетачкі? Адпрагаць!» I аблаяў астатнімі словамі, а чорт ведае за што.

27 ліпеня.

Два дні робім акопы. Я бачу ўсё гэта першы раз у жыцці. Памагаю, але нясмела. Камандзір заўважыў — і аблаяў мяне.

28 ліпеня.

Акопы… Учора памыўся дажджавою вадою, што нацякло занач на брызенты на двухколцы. Сёння зусім не мыўся. Варочаемся ўсю ноч, як сабакі, пад гэтымі брызентамі. Украінец Яхімчык, новы наш запасны, кажа так: «У мэнэ собака… Я ёму будку іздэлаю…»

29 ліпеня.

У мяне ўкралі каробку кансерваў. Думаю на Яхімчыка, але маўчу. А ён моліцца богу, адвярнуўшыся на садок, на вішні.

30 ліпеня.

Няма часу. Робім акопы.

1 жніўня.

Выехалі. Праехалі Сімна, Красняны. Прывал. Абедаем. Сяляне-жмогусы раздавалі сала і хлеб. Я саромеўся падысці. Вельмі шкадую. З'еў тое, што даў Пякельны, і пайшоў купляць, але не прадалі.

Увечары на прывале Лабкоў палез на вішню. Камандзір пабачыў у акно і выскачыў з хаты. «У морду цябе біць? У паходзе першае: абывацеля не крыўдзі!..» I трах! трах! яго то з таго боку, то з другога. Мне казалі, што камандзір наш б'ецца, ды я не меў веры. Бачу. Нервовы ён: зазлаваўся, аж пена забіла з вуснаў.

Мы даўно стаім, а хвост нашае калоны ўсё яшчэ цягнецца міма нас на прывал да розных хутароў. Пяхоты — без ліку. Як яны змарыліся! Балазе я ў артылерыі.

2 жніўня.

Выступілі ў 7 1/2 раніцы. На дарозе, выстраіўшыся ў калону, чакалі нечага аж да 9 1/2. А падняліся — па загаду а 6-й, а сапраўды яшчэ раней. Хто гэтаму вінават? Начальнік калоны? Дрэнна…

3 жніўня.

У паходзе. Недалёчка граніца. На небе пачынае хмарыцца. Прывал. Даўгая шэрая стужка, расцягнутая па дарозе на колькі вёрст, села на зямлю. Проціў шэрсці гэтай стужцы, ціснучыся з другога боку дарогі, пляцецца нямецкая калымажка з паркаю фыжанькіх стрыжаных коні. Кіруе рыжавусы, збялелы, як палатно, немчык у чорным, хатняга вырабу гарнітуры, у сіняй камізэльцы з доўгім радам бліскучых гузікаў. Побач з ім сядзіць грузны пехацінец канваір, паставіўшы стрэльбу прыкла-дам паміж ног. Наш камандзір прапускае калымажку зырка, пытліва і троху пагардліва. Немчык дужа просіць канваіра, каб дазволіў застанавіцца. Той дабрадушна пасміхаецца і не пярэчыць. Немчык вылятае з калымажкі і кідаецца к камандзіру.

— Ваша дзіцтва!! — ловіць ён камандзірскую руку з зямлі, з каленяў, каб пацалаваць.

— Пшоў! — з нейкай зларадаснай нялюбасцю да немцаў вугнавіць горда падпалкоўнік і, адхінуўшыся, задуманы пазірае цераз нашыя галовы ў няведамыя далі.

Падыходзіць артылерыйскі кандыдат і пытаецца ў немчыка па-нямецку. Той зноў ахопліваецца надзеяй і з жалкім агнём у вачах гаворыць, гаворыць, збіваецца і ізноў гаворыць…