Выбрать главу

Чалавек жыў, запалонены прозай жыцця, стаміўшыся ад шуму і мітусні, але імкнуўся да хараства, ачышчэння, «калі непатрэбнай рабілася сталасць, усё пражытае і перажытае раней».

Апавяданне «Блакітны вецер» пры ўсіх яго недахопах — важнае для разумення творчасці М. Стральцова, яно дае кірунак далейшым творчым пошукам пісьменніка. Многае, што перажываў яго герой Лагацкі, перажывае амаль кожны чалавек на тым этапе свайго жыцця, калі адчувае, што юнацтва залішне рана развітваецца з ім. Сумленныя, як Лагацкі, вінавацяць тут сябе, і гэта справядліва. Але недзе ў душэўных пакутах героя бачыцца і іншае: непрыкаянасць вясковага чалавека, перанесенага ў гарадское асяроддзе, псіхалагічная непадрыхтаванасць яго да новага стылю жыцця. Праўда, М. Стральцоў ніколі не супрацьпастаўляў, як некаторыя прадстаўнікі «вясковай прозы», законы гарадской і вясковай маралі, іх духоўныя каштоўнасці. Задача яго ў цэлым шэрагу апавяданняў, на першы погляд, сціплая — разгледзець псіхалагічныя моманты паводзін вяскоўцаў і гараджан у іх дачыненні і да вёскі, і да горада.

Апавяданні «Блакітны вецер», «Перад дарогай» вызначылі далейшы пошук пісьменніка, які ішоў у агульным кірунку развіцця так званай «маладой прозы» пачатку 60-х гадоў з яе неспакойнымі, нявопытнымі, няўстойлівымі, часам інфантыльнымі героямі.

У наступным зборніку М. Стральцова з характэрнай назвай «Сена на асфальце» па сутнасці ўпершыню ў беларускай прозе даследуецца цікавы сацыяльны тып, які нібы «сінтэзуе» ў сабе рысы «вясковыя» і «гарадскія». Праўда, у такім сінтэзе пакуль што няма гармоніі, адчуваецца хутчэй хваравітая супярэчлівасць, аўтарская турбота, што, дарэчы, адрознівае М. Стральцова ад іншых прадстаўнікоў «маладой прозы» і набліжае яго пошукі да пошукаў В. Шукшына. Разбіраючы ў № 6 за 1980 год часопіса «Дружбы народов» публіцыстыку В. Шукшына, даследчык В. Пашкін піша: «Ясна ўсведамляючы ўвогуле ўсё значэнне, свой маштаб, выключнасць лёсу і таленту, ён [Шукшын] у той жа час творчасцю сваёй, асобай сваёй, яе драмай як бы імкнецца ўсім землякам дапамагчы ў іх пошуках на шляхах жыцця, паказаць, што месца ў ім — нешта большае, чым геаграфічнае паняцце ці прафесія. Сам прайшоўшы нялёгкі шлях з вёскі ў горад, ён разам са сваімі землякамі і героямі шукае разгадкі: як, пайшоўшы, застацца, застаўшыся, узвысіцца да сапраўдных каштоўнасцей горада». Складанейшая сацыяльная праблема, безумоўна, хвалявала і М. Стральцова: зараз, на адлегласці пэўнага часу, мы ўсведамляем гэта. Многіх герояў М. Стральцова, якія ўжо, здаецца, засвоілі «гарадскую» культуру і гарадскі стыль жыцця, аўтар застае ў моманты раптоўнай тугі па вёсцы, па бацьках, па маленству. Унутраны неспакой, маркота падымае герояў Стральцова сярод ночы, цягне на аўтобус, на поезд, як гэта было яшчэ з Лагацкім.

У цэнтры мастацкага даследавання — складаная грамадская праблема, але яна апасродкавана праз лёс і характары герояў. Стыль у некаторых апавяданнях М. Стральцова становіцца напружаным, нервовым, можа, таму, што героі яго часта самі не разумеюць, што адбываецца з імі, адкуль з'явілася трывога, неспакой, нейкая млявая турбота. Усе яны незадаволены звыклым будзённым жыццём, нязменнасцю штодзённых заняткаў, якія прытупляюць пачуцці і парыванні. Ратунак шукаецца ў чысціні ўласнага маленства, якое было на вёсцы...

Прычыны тугі стральцоўскіх герояў нельга растлумачыць толькі суб'ектыўным фактарам (памятаючы, што гаворка ідзе пра лірычную прозу), тут улоўлены больш шырокія заканамернасці. Стральцоў, незалежна ад таго, усведамляў ён гэта ці не, адлюстраваў супярэчлівасць станаўлення цэлага пакалення...

Па агульных прынцыпах лірычнай прозы будуецца сюжэт і кампазіцыя многіх апавяданняў: сюжэт унутраны, псіхалагічны, развіваецца па законах асацыятыўнага мыслення, нечаканы душэўны парыў папярэднічае роздуму, і сам роздум нібы раствараецца ў адчуваннях, у перажыванні героем свайго душэўнага настрою. Многія героі зборніка «Сена на асфальце» не проста смуткуюць, а едуць-такі ў вёску, але не знаходзяць там чаканага спакою, ідыліі і дапамогі ў душэўным раздарожжы. Разлад у душы аказваецца немагчымым ліквідаваць іншымі абставінамі жыцця, іншай атмасферай. Пра гэта апавяданні «На вакзале чакае аўтобус», «Там, дзе зацішак, спакой», «Што будзе сніцца», «І зноў, зноў горад», дарэчы, і назвы іх, асабліва пастаўленыя побач, сведчаць пра тое ж.