— Дык што ж ты, брат, рабіць будзеш цяпер?
— А вось разгледжуся трохі, прыслухаюся. З кім-колечы параюся, як яно, дзе і што — можа, што-небудзь і надарыцца.
Браты памаўчалі.
— Ды пэўна ж, не ў школе свет сышоўся клінам,— заўважыў Уладзімер.— А гэтакіх, як ты, зараз многа: час такі — за праўду стаяць людзі пачалі, а начальства праўды не любіць.
— Гэта верна,— азваўся Андрэй.
Уладзімер крута павярнуў гутарку ў другі бок.
— Покі знойдзеш сабе прыпынак і работу, перабірайся да мяне. Куток зацішны. Ты адзін, замінаць не будзеш мне. Вялікай раскошы, праўда, няма, але кідацца сяк-так можна.
Андрэй шчыра падзякаваў брату і згадзіўся спыніцца тут.
Пасля таго як Лабановіч выбраўся з Верханя і прыехаў да сваіх родных, яму ўсё здавалася, што людзі пазіраюць на яго па-іншаму і ў душы нават радуюцца, што ён без месца, без работы,— адным словам — басяк!
Лабановіч асталяваўся ў Смалярні, у брата.
Не болей тыдня прайшло з таго часу, калі ён з’явіўся ў свае родныя мясціны. У першыя дні адчуваў ён у сэрцы і ў думках такое засмучэнне, нібы насіў жалобу па цяжкай страце. У мінулыя гады ў такую пару ўсе настаўнікі, у тым ліку і ён сам, ужо былі ў сваіх школах і пачыналі заняткі. Меншыя дзеці, вольныя ад хатніх работ, напаўнялі класы сваімі звонкімі галасамі. Які гэта слаўны быў час! Сустрэцца непасрэдна з малечаю, якая потым вырасце, пойдзе ў жыццё — ці то дарогамі сваіх бацькоў, ці то новымі, болей прасторнымі і шчаслівымі. Хіба ж не цікава пазнаёміць яе са школаю, са школьнымі парадкамі, навучыць чытаць і пісаць, пазнаваць кніжную мудрасць і гутарыць з ёю так, каб тваё слова дайшло да розуму і сэрца малечы!
Перад вачамі Лабановіча выразна, як жывыя, усплывалі малюнкі школьнага жыцця і тыя школы, у якіх яму давялося пабываць за нядоўгі час настаўніцтва. Цельшына, яго ваколіцы, людзі і ўсё, што там перажыта і перачута. I бясконца дарагі вобраз Ядвісі зноў ажыў у памяці, як чароўная кветка палескай глушы, як незваротная страта. Прыгадалася і Выганаўская школа, і шырокая нізіна пінскага зарэчча, заросшая высокім густым чаротам, і Пінск, які быў вельмі добра відаць, калі спусціцца са школьнай пляцоўкі ўніз на рэчку Піну. Як нейкі востраў на агромністым блюдзе чаратовых балот, маляўніча выступаў старадаўні горад, важнейшы цэнтр неабсяжнага Палесся.
Яшчэ жывей і ярчэй вырысоўваўся ў думках Верхань, бо ж толькі некалькі дзён прайшло з часу развітання з ім. Прыгадаліся і хутарок Антаніны Міхайлаўны, і Лідачка... Слаўная дзяўчынка, здольная, вясёлая, па-дзіцячы дураслівая. Ці паедзе яна здаваць экзамены ў гарадскую школу? Які будзе далейшы лёс яе? Ці напіша яму пісьмо?
Лабановіч даў ёй свой адрас. Дарэчы, да пошты адгэтуль шмат бліжэй, чым з Мікуціч. Напэўна, ёсць на пошце пісьмо і ад каго-небудзь з сяброў, такіх жа выкінутых са школы гарапашнікаў і бяздомнікаў, як і Лабановіч.
Дык вось ён які, новы паваротак у жыцці! У якім жыцці? У бяздомніцтве, у блуканні паміж небам і зямлёю. Спадзявацца няма на каго. Пакладайся толькі на самога сябе, ніадкуль не чакай дапамогі... Не, няпраўда: брат Уладзімер ужо дапамог, паправіў самога сябе Лабановіч. А людзі? Хіба свет без добрых людзей? А таму, пакуль ты яшчэ вольны, пакуль служаць ногі, ідзі! Ідзі ўперад па бездарожжы, па цаліне, пракладай новы след. Адно толькі памятай: не збочвай з вернай дарогі. Але дзе яна, верная дарога? А гэта дарога прыбітага, заціснутага народа, які марыць аб праўдзе, аб справядлівасці і ў меру сваіх сіл і мажлівасцей змагаецца за іх, народа, які жыве думкамі аб зямлі, што пазабірала казна, паны, цэрквы і манастыры, і аб сваім чалавечым праве. Шмат на гэтай дарозе ям і калдобін, розных патырчак і злыдняў. Але калі ты чэсны і свядомы чалавек і перад табою паўстаюць цяжкасці, уразумей іх сваім розумам і адчуй сэрцам, не бойся, не адступайся ад праўды і ніколі, ні пры якіх умовах, не пагаджайся з тымі, хто зневажае народ і чыніць здзекі над ім. Не паддавайся ні на якія спакусы і абяцанні, накіраваныя на крыўду народа.