Выбрать главу

–– Што праўда, то праўда,— згадзіўся з сябрам Янка.— Усё ж большасць партый сходзіцца ў адным: яны стаяць за тое, каб скінуць цара. Калі ж гэта так, то я згодзен тут ісці з імі ў ногу і бяру ад іх усё, што спрыяе пагібелі цара і самадзяржаўнага ладу. У гэтым выпадку я падобен да пчалы, што збірае мёд з розных кветак, абы толькі паўнейшы быў вулей. Вось яны, гэтыя кветкі!

Янка выняў з-за пазухі жмут пракламацый, згорнутых у трубку.

— Перш за ўсё,— кажа Янка,— трэба занесці іх у лес і схаваць у нашай «скарбонцы».

Лабановіч узяў пракламацыі.

— I ты не баішся насіць іх? — спытаў ён, падміргнуўшы.

Янка засмяяўся.

–– Бог не папусціць, свіння не з'есць. А калі б пабачыў, што мяне запыняць і зробяць вобыск, дык сказаў бы: а я іду якраз у паліцыю — недазволеную літаратуру знайшоў!

–– Так бы яны табе і паверылі?

–– Ну, што ж? Купіў не купіў, а патаргаваць можна,— у тым жа вясёлым тоне адказаў Янка.

–– Гэта таксама правільна. Але ці думаў ты, збіраючы вось гэтыя «кветкі», што сярод іх могуць быць і атрутныя?

–– Покі што пра гэта не думаў. Я, брат, зыходжу з прынцыпу: што Бог даў, тое ў торбу. Будзе зручная часіна, перагледзім іх і тады аддзелім плéвелы ад пшаніцы. Плевелы спалім, а чыстую пшаніцу паложым у жытніцу, як вучыць Хрыстос.

— Здорава засвоіў ты евангельскую навуку, — пажартаваў Лабановіч.

— Без Бога ні да парога.

— А з Богам хоць за выварат,— у тон прыяцелю дадаў Лабановіч, намякаючы на патайное сховішча забароненай літаратуры ў лесе пад карэннямі вывернутай старой яліны.

Прыяцелі добра зразумелі адзін аднаго і накіраваліся ў лес да патайнога сховішча.

VII

Амаль кожную суботу надвячоркам, калі Лабановіч адпускаў сваіх вучняў дахаты, Янка Тукала прыходзіў да прыяцеля ў Смалярню. Янка любіў цішыню і спакой, якія панавалі ў глухім кутку сярод лесу, дзе праводзіў заняткі Лабановіч. Спатканні заўсёды былі жаданымі, радаснымі, вясёлымі. Бадай кожны раз, прыходзячы да сябра ў адведзіны, Янка захапляўся прытулкам свайго прыяцеля, утульнасцю, глухменню.

— Тут, брат, як у Бога за пазухаю і не бачыш ніводнай паліцэйскай морды. Проста — рай!

Звычайна Янка прыносіў сякія-такія навіны, цікавыя кніжкі, раздабытыя ў мястэчку, чуткі, звязаныя з палітычным становішчам у Расіі, весткі аб намерах прагрэсіўных людзей — імёны іх не называліся — выдаваць новыя газеты, часопісы. Расказвалі, што нібыта рыхтуецца выпуск беларускай газеты, чаго яшчэ амаль ніколі не бывала. Усе гэтыя навіны прыемна хвалявалі сяброў і служылі багатаю страваю для гутарак. Размовы часта цягнуліся за поўнач, калі прыяцелі ўжо ляжалі ў цвёрдай сялянскай пасцелі пад адною коўдраю. Гаворка часамі пераходзіла ў звычайнае фантазёрства, у жарты, у неіснуючыя сітуацыі, поўныя дасціпных, смешных выдумак. Прыяцелі шчыра заліваліся такім смехам, якога ў іх даўно ўжо не было. З гэтай прычыны Янка аднойчы заўважыў:

— Я ніколі так весела не смяяўся, як цяпер, калі страціў школу і бадзяюся адзін, як воўк па глухіх дарогах.

— Вось гэта і добра, Янка,— падтрымаў яго Лабановіч.— Смех не грэх, а галавы не вешай.

— Але, глядзі, брат, каб не давялося нам паплакаць.

— Калі надыдзе такі час, дык што ж? I паплачам. Слёзы, кажуць, ачышчаюць чалавека.

— Няхай лепей нашы ворагі плачуць,— азваўся Янка.

Пасля такіх вечароў і начлегаў, калі прыяцелям падыходзіла пара развітацца, Янка непрыметна цішэў, замыкаўся ў сабе, і ўся яго вясёласць знікала.

— Што зажурыўся, мой дружа? — пытаў яго Лабановіч.

Янка нібы абуджаўся ад сну, падымаў на прыяцеля шэрыя, удумлівыя вочы.

— А чаго мне журыцца? — казаў ён.— Жонкі няма, дзеці дома не плачуць, дый дому няма. Я вольны, як вецер у полі. Дык чаго журыцца?

— Не, брат, не хітруй! Прызнавайся, кажы праўду!

Янка прымаў паставу акцёра і трагічным голасам казаў:

— Праўда можа забіць чалавека, калі яна не ў часе выяўляецца!

— Хто табе сказаў гэта?

— Такі сказ я вычытаў у Артура Шніцлера,— адказаў Янка і ўжо натуральным голасам дадаў:— Умеюць жа людзі выказваць такія цікавыя думкі. Чаму яны не прыходзяць у маю галаву!

— Каб ты паставіў сабе задачу складаць такія сказы-афарызмы, дык, можа, не горш, чым у Шніцлера, атрымлівалася б.

— Чорт яго ведае! Хіба, можа, папрабаваць,— згаджаўся павесялеўшы Янка.

Ён яшчэ болей павесялеў, калі Лабановіч раптам заахвоціўся прайсціся разам да мястэчка Стаўбуны.

— Вось гэта голас! Чаму не прайсціся? — падхапіў Янка.— Я, можа, таму і зажурыўся, як ты кажаш, што мне прыйшоў час развітацца з табою,— прызнаўся ён і дадаў: — Можа, на пошце і пісьмы будуць для цябе,— спакушаў ён сябра.