Выбрать главу

— А што ж гэта? Хiба большай няма?

— Няма, — схлусiла яна, зноў прысоўваючы кiлiшак. Ён з жартоўнай падазронасцю зiрнуў на яе i ўзяўся за бутэльку.

— Ну што ж, давай адзначым жаночае свята. Сядай, чаго там, — запрасiў ён. Яна паслухмяна i няўпэўнена, бы ў гасцях у чужой хаце, прысела на лаўку.

Яны выпiлi — ён паўшклянкi, яна са свайго кiлiшка. Пархомаў пачаў апетытна закусваць селядцом, яна таксама ўзяла кольца агурка i пацiху жавала. Першы кiлiшак узняў у ёй цэлы рой добрых, iмклiвых пачуццяў, адразу стала радасна i светла, але яна хавала гэта ў сабе i толькi ўсмiхалася. Ён ветлiва падсоўваў ёй талерку з каўбасой i, быццам яна была яго госцяй, запрашаў:

— Ты еш, каўбаса смачная, маскоўская, самы раз: не цвёрдая, i сала ўвакурат.

Пасля яны выпiлi яшчэ…

Нiколi ў жыццi ёй не было так хораша i па-маладому весела. Пархомаў добра еў; аж пачырванеў з твару ад выпiтага i з'едзенага i з нейкай лёгкай сяброўскай шчырасцю абыходзiўся з ёю. Ён нешта гаварыў i гаварыў усё, але яна дрэнна ўнiкала ў сэнс яго слоў. Яна ўся аддалася ва ўладу сваiх пачуццяў цiхага шчасця ад прывабнай цеплынi блiзкай чалавечай душы.

Урэшце, вiдаць, наеўшыся i напiўшыся, Пархомаў адсунуў ад сябе талеркi, адчынiў партабак. Яна, поўная замiлавання да гэтага чалавека, усё пазiрала на яго памаладзелы ўпарты твар, якi заставаўся па-ранейшаму разважны i цвярозы, быццам гарэлка не мела нiякай улады над iм. А Пархомаў, смачна зацягнуўшыся, падсунуў лаўку блiжэй да яе табурэткi i раптам проста, упэўнена, але зусiм не груба i не абразлiва прыгарнуў яе да сябе.

I яна не вырывалася, не супрацiўлялася, не аднеквалася, яна, як да жаданага, падалася да яго ўсiм целам, прыцiснулася да яго шырокiх, разагрэтых хатнiм цяплом i гарэлкай грудзей i ўтулiла ў яго пiнжак свой гэткi ж гарачы твар. Ён моўчкi i моцна тулiў яе, гладзiў па плячах сваiмi шорсткiмi далонямi, а яна, здавалася, гатова была памерцi за тыя хвiлiны незвычайнага, нiколi не зведанага шчасця чалавечай блiзкасцi. Нейкая хваля шчаслiвай бяздумнай знямогi ахапiла яе, узняла на страшную вышыню, ад якой зацяло дух i панесла, аж покуль яна перастала адчуваць сябе…

Уранку, ледзьве памыўшыся i дужа спяшаючыся, Пархомаў сабраўся i пайшоў. На парозе ён пацалаваў яе ў лоб, таропка прыгарнуўшы да сябе, i скупа сказаў на развiтанне:

— Ну, будзь здарова. Не смуткуй, нiчога. Харошая ты, праўда.

Яна начала наводзiць дома парадак, прыбрала пасцель, перамыла посуд. Увесь час яе перапаўнялi ўзнёслыя, радасныя адчуваннi ад усяго, што здарылася, ад таго, што ёсць гэткi просты i гэткi цудоўны чалавек на зямлi. Ёй вельмi прыемна было адчуваць, што яна, — як i ўсе жанчыны, не якая-небудзь пагарджаная няўдалiца, а таксама вось прывабная i любая мужчыне, што ён аддаў ей столькi пяшчоты i шкадуе яе. Ураз знiкла тая застарэлая маркота, якая ў адзiноце гэтулькi год дапякала ёй, — Фрузына адчула незвычайную дзявочую лёгкасць, зухаватасць, — здавалася, вярнулася яе даўняя забытая маладосць.

З гэтымi новымi радаснымi адчуваннямi яна прыйшла на працу, змянiла ў вестыбюлi Драздову, замяла падлогу, выцерла падаконнiкi i не ведала, куды яшчэ падзець сваю сённяшнюю iмклiвую энергiю. Як заўсёды, за акном бразнулi дзверцы i паўз яе, важна сапучы, прайшоў Iван Кузьмiч. Яна павiталася з iм, але ўжо не тым палахлiвым голасам, а з нейкай годнасцю i незалежнасцю ў тоне. Неўзабаве мякка, па-кацiнаму ступаючы на тоўстых падэшвах, прайшоў Петрачэнкаў, i ён не здаўся ёй сёння такiм недасяжным i далёкiм, як заўсёды. I калi, адстукаўшы абцасiкамi на ганку, у вестыбюль з'явiлася Нонка, Фрузына не вытрымала i на прывiтанне ветлiва адказала:

— З мiнулым святам вас, Нона Васiльеўна!

Увесь гэты дзень Фрузына з прытоеным бляскам шчаслiвых вачэй усмiхалася знаёмым. Хацелася ёй, каб хто спынiўся, загаманiў з ёю, нешта вялiкае бруiла ўвесь час у яе душы, не змяшчаючыся там, i жанчыне карцела падзялiцца з людзьмi радасцю, толькi дзялiцца не было з кiм.

З таго дня Пархомаў стаў часта наведваць яе. На працы ва ўстанове, сустракаючыся з ёю, ён быў ранейшы — па-дзелавому строгi, заклапочаны, нават трошкi няласкавы — як i ўсе. Яна не падыходзiла ўжо да яго, як раней, толькi вiталася пры сустрэчах — i ўсё. Здавалася ёй: тое, што сталася мiж iмi, трэба берагчы ад старонняга вока, i не таму, што хтосьцi можа перашкодзiць iм, а так, проста было неяк сорамна ад людзей. Яна чакала суботы, нядзелi, калi ў яго i ў яе супадалi выхадныя, прыбiрала ў пакоiку, апранала сваю сiнюю з мярэжкамi сукенку i садзiлася ля акна. Ён заўсёды прыходзiў перад вечарам, часам прыносiў бутэльку, а болей iшоў так. Яна ўсё па-ранейшаму хвалявалася, сустракаючы яго, а ён ужо асвойтаўся ў яе пакоi, трымаў сябе роўна i ўпэўнена. Пакуль яна гатавала на дваiх вячэру, ён, каб не сядзець без справы, браў сякерку, малаток i ладзiў што-кольвечы па гаспадарцы — замасцiў дзiркi ў падлозе, затулiў дах, паправiў лаўку на прызбе. Суседкi перашэптвалiся i хiтра ўсмiхалiся, сноўдаючы на панадворку, але яна не саромелася iх. Наадварот, яна цiха таiла ў сабе стрыманую жаночую гордасць, гордасць за сябе i за чалавека, якi стаў поруч з ёю.