Выбрать главу

— Адкуль ты ведаеш? Ты што, чараваў?

— Не. І не збіраюся. І табе не дазволю.

— А хто ты мне, каб не дазваляць?

— Паслухай, я хачу табе лепшага.

— Што можа быць лепей за чары? Няўжо ты?

— Хіба я такі дрэнны?

— Не хачу цябе слухаць...

Вось і ўсё. Абвостраным кажановым зрокам я ўгледзеў нясцерпны боль у вачах таго, хто сам быў вінаваты. Так лёгка страціць, так балюча гэта зразумець. І данеслі мне чары палыновы горыч палёў і лясоў, якія бачылі іх шчаслівымі. Разбіліся водбліскі зор у азёрных люстэрках, да якіх яны дакраналіся рукамі. І паляцеў над светам расчараваны ўздых засмучанага Лады. Гэтым разам не выйшла ў цябе, сінявокі. Што ж, не яны апошнія.Усё яшчэ нікім не заўважаны, я лунаў над іх ростанямі. Плакала залатакосая, зразумеўшы, што гэта — расстанне. Што ў кожнага з іх — свая дарога. А ў хвіліну горычы мы ўсе такія слабыя. Упершыню здаліся ёй зразумелымі галасы начнога лесу, якія зваблівалі за сабой. Яны клікалі, абяцаючы таямніцы. А таямніцы ды нязведаныя шляхі — лепей, чым боль адзіноты. Ідзі, праніклівая чарадзейка, тваё наканаванне чакае цябе. Што ж, хлапеча, затрымай ты яе, скажы тое, што адчуваў у тую хвіліну, і яна б не пайшла. І нічога б не адбылося. Але ты не быў гатовы. Цяжка мне з табой будзе. Ты стаяў і глядзеў, як яна ідзе ад цябе прэч, і нічога не думаў зрабіць. Я налічыў больш як тры сотні ўдараў твайго сэрца, я ўжо думаў, што памыліўся ў табе, калі ты нарэшце пабег за ёю.

Яе вёў начны лес напрасткі да ясеня, цябе ж крыху павадзіў заўсёды шкодны лясун. Але, узбіўшыся на след залатакосай, ты ўбачыў, што спазніўся. І табе адкрылася, чалавеча, што размаўляе твая каханая з ясенем, як з роўным сабе, што бярэ ясны галінамі яе за рукі. і знікае тая ў яго густой кроне. Ты дарма кінуўся бегчы, дарма спрабаваў зноў і зноў узлесці туды, дзе некалькі імгненняў таму знікла твая золатавалосая.

— Позна, позна, яна сама згадзілася пайсці да нас, — здзекліва галосіць табе нечысць з ясеневай вершаліны.

— Знайду яе, адшукаю, вярну, — упарта мовіў ты, і мне спадабалася тады твая ўпартасць.

— Не, не знойдзеш, не адшукаеш, не вернеш, — рэхам азываўся табе высокі ясень ды паказваў свае пустыя галіны. — Глядзі, няма яе.

— За што вы так з ёю? — ты хацеў, ты імкнуўся зразумець.

І ты не ведаў, што яшчэ прыйдзе час твайго разумення чараў і ўсяго, што звязана з чарамі. Я цябе навучу, колькі б часу нам ні спатрэбілася. Таму што гэта галоўнае, што я павінен зрабіць.

— Ні за што... Ні за што... Ні за што... — здзеклівым рэхам адказвала з ясеня і ты ўскіпеў гневам.

— Пашчапаю цябе, ясень, на дробныя трэсачкі. — у тваім голасе прагучала сапраўдная прага здзейсніць пагрозу.

І твая рашучасць мне спадабалася яшчэ болей. З гэтага можна было пачынаць. Ясень не зважыў на тваю пагрозу. Адно махнуў мне галінай, маўляў, споўніў, пра што казалі, далей сам рабі. Той, хто сем соцень сонцаваротаў бачыў радасці і стра­ты белага свету, ведаў, што ты сам яшчэ не спазнаў сваёй сілы. Сваёй незвычайнай сілы.

Сілы, што пакіне тваё імя ў легендзе, якую я, ведны чарадзей, складаць пачы наю.

Падаю на зямлю і паўстаю перад здзіўленым табою ў чалавечым абліччы. Што ж, я ўмею здзіўляць. А ты зусім не рады мяне бачыць. Пытаешся злосна:

— Як знішчыць чары, што яе схавалі? Толькі ў каго я прашу дапамогі. Ты ж таксама з гэтага кодла. Не дапаможаш, не скажаш.

— Дапамагу. Скажу, — моўлю ў адказ. — Гэта праўда, што я ўмею здзіўляць.

— Як? — ты ўвесь ператварыўся ў слых.

— Г эта прасцей, чым табе здаецца, але не так хутка, як табе карціць...

— Не злуй на мяне, чараўнік. Кажы.

— Добра, раз ты сам просіш.

Вось так проста пачынаюцца легенды. Пачынаюцца з кахання і прабачэння, з рашучасці ўсё зрабіць. Не, трасе лістамі ясень, думаючы пра тое ж, што і я. Пачы­наюцца са страты і гневу, прагі адпомсціць. Не хаваеш сваіх пачуццяў, ясны. Не хавай, не трэба. Толькі не быць легендзе без кахання, без надзеі, без веры. Так, мне лепей ведаць. Гэта я гляджу табе ў вочы, хлапеча. І кажу табе праўду, толькі праўду. Вялікую праўду.

Кажу, што было ў свеце двое закаханых. У чарадзейную ноч, калі ўсе спалохана хаваліся па хатах, толькі яны не збаяліся і прыйшлі на спатканне. Ці доўга, ці мала гулялі, не зважаючы на дзікія спевы вадзянікоў, лесуноў, палевікоў, але ўпадабала дзяўчына высокі ясень. Дакранулася да яго, і з ясеня пацягнулася да яе белая, нібы снег, рука. Пацягнулася, і нехта салодкім голасам паклікаў ісці да іх. Узяла дзяўчына белую руку, толькі не разгубіўся яе каханы. Ухапіў яе і трымае, не дае падняцца на дрэва. А зверху нехта рагоча-заліваецца, гаворыць, што позна ўжо, што прыгажуня сама пагадзілася. Узлаваўся хлопец і зрабіўся ў сем разоў дужэйшы. Пацягнуў ды не толькі вызваліў сваю каханую, але і ўсё кодла з ясеня скінуў.