Выбрать главу

Далятае цмокаў сполах да калінавага моста. Звініць калінавы мост. Ён не любіць слабых. П’е чалавечы смутак, сілкуецца чалавечай жальбай. Таму няматакой сілы, якая б пераўзышла ягоныя чары. І няма такіх чараў, якія б перашкодзілі мне, веднаму чарадзею, вярнуцца да роднай зямлі.

Доўга я вызваляўся з калінавай пасткі. Доўга чакаў. Доўга спадзяваўся. Але адпусціў мяне калінавы мост. Я пераканаў яго, разумнага, жывога, што не прыйшоў яшчэ мой час перайсці на той бок. Я вызваліўся адтуль, адкуль яшчэ нікому не ўдавалася пайсці, я вярнуўся да роднай зямлі. Я так хацеў сустрэцца з табою, чалавеча з наканаваным зорным лёсам. Але я спазніўся.

.Так непапраўна спазніўся.

Стаіць твая высокая белая вежа, цягне да сябе позірк. Буяюць вакол яе зялёныя лясы. Яны вясёлыя, як і людзі, што любяць іх прыгажосць. І ўсе яны на свой лад пяюць шчаслівыя песні, баюць цікавыя казкі, апавядаюць слаўныя легенды. Легенду пра цябе, смелы хлопчык. Легенду пра тое, як праклаў ты векавечную мяжу, з-за якой ніколі болей не адважыўся паганы цуда-юда прыляцець у наш белы край. Ніколі болей не зазналі гора людзі. Бароніць мяжа зямлю і людзей.

Шэпча мне высокі ясень, што не спадзяваўся болей мяне ўбачыць. Маўляў, што ж, што цяпер, чарадзею? Гаворыць, што трымаюць чары маёй зямлі тую мяжу, бо я так хацеў. Гэта праўда, я так хацеў абараніць цябе, стоячы на калінавым мосце, што пажадаў немагчымага. Я так хацеў, каб ты жыў.

І яшчэ шуміць мне высокі ясень. Мовіць пра твой курган у яловай гушчэчы. Паўстаў ён на месцы той багны, дзе перамог ты ваўкалака. Вартая была перамога. Але не магу я ісці туды, не магу падняцца на твой курган. Не магу табе сказаць. Кратае ясны мяне за плечы, нагадвае, што чакае мяне твая душа, чакае, не хоча пайсці ад сваёй зямлі.

А я не магу. Хоць і ведаю, што быў ты абраны князем і слаўна княжыў. Хоць і бачыў ты шчаслівыя дні пад высокім ясенем, бо знайшла цябе твая чараўніца. Хоць і славіць цябе легенда, называючы ўмелым кавалём, адораным незвычайнай сілай, які за подзвіг свой займеў пашану. Я не магу.

Кажа мне ясень, каб тварыў я новую легенду. Апекаваў новага чалавека. Не хачу таго болей. Не змагу таго болей. Паўсталі векавечныя межы на зямлі, дзе спрадвеку ўжыліся свет людскі ды свет чарадзейны. Не пераўзысці векавечных межаў.