- Сярод iх няма нiводнага, з кiм бы мне хацелася сябраваць, - прызнаўся Люсьен бацькам.
- Тыя, хто вучыцца на стыпендыю, - задуменна адказаў пан Флёр'е, складаюць пасля iнтэлектуальную элiту, але начальнiкi з iх выходзяць кепскiя, бо яны прапускаюць адзiн важны этап.
Пачуўшы пра "кепскiх начальнiкаў", Люсьен раптам адчуў, як яму непрыемна кальнула ў сэрцы, i наступнымi днямi ён зноў пачаў думаць пра самазабойства. Але запалу цяпер у яго было менш, чым на канiкулах.
У студзенi клас быў узбударажаны з'яўленнем новага вучня, якога звалi Берлiяк: ён хадзiў у зялёных цi бэзавых пiнжаках з закругленымi па апошняй модзе плячыма, у кашулях з кругленькiмi каўнерыкамi i штанах, якiя можна было пабачыць толькi на кравецкiх малюнках, - такiх вузкiх, што было незразумела, як ён iх надзяе. З самага пачатку ён вызначыўся як найгоршы па матэматыцы.
- А мне напляваць, - заявiў ён, - я лiтаратар i матэматыкай займаюся дзеля самазмярцвення.
Праз месяц ён пакарыў усiх: ён раздаваў кантрабандныя цыгарэты, паведамiў, што мае жанчын, i паказваў лiсты, якiя яны яму прысылалi. Увесь клас вырашыў, што гэта шыкоўны тып i што з яго не трэба смяяцца. Люсьена захаплялi Берлiякавы манеры i элегантнасць, але той ставiўся да Люсьена з пагардай i называў "багацейскiм сынком".
- Урэшце, - сказаў аднойчы Люсьен, - гэта лепш, чым каб я быў сынок бядняцкi.
- А ты, хлопча, i цынiк, - адказаў Берлiяк i назаўтра прынёс яму пачытаць адну сваю паэму:
"Штовечар Каруза лавiў сваiм ротам сырыя салёныя вочы, у астатнiм жа ён быў сцiплы, нiбыта вярблюд. А нейкая дама, зрабiўшы букет з вачэй сваiх крэўных, закiнула вочы на сцэну. Усе прыхiляюцца перад гэтым узорным учынкам. Але не забудзьце, што час яе славы прадоўжыўся трыццаць сем хвiлiн: ад першага "брава" i якраз да iмгнення, калi ў Оперы згасла вялiкая люстра (а потым ёй давялося на павадку весцi свайго аслеплага мужа, лаўрэата шматлiкiх турнiраў, i той замянiў баявымi крыжамi ружовыя дзiркi арбiт). Запомнiце ж вось што: усе тыя з нас, хто з'есць надта многа чалавечага мяса ў кансервах, - памруць ад цынгi".
- Выдатна, - разгублена прамовiў Люсьен.
- Я раблю iх па новай тэхнiцы, - абыякавым тонам сказаў Берлiяк, "аўтаматычнае напiсанне".
Праз некалькi дзён пасля гэтага ў Люсьена ўзнiкла жгучае жаданне памерцi, i ён вырашыў параiцца з Берлiякам.
- Што мне рабiць, - спытаў ён, выклаўшы ўсе абставiны.
Берлiяк слухаў вельмi ўважлiва; у яго была паскудная звычка абсмоктваць палец i мазаць слiнаю скулле на твары - так, што аблiчча нарэшце пачынала блiшчаць там i сям, як дарога пасля дажджу.
- Рабi як хочаш, - урэшце адказаў ён, - гэта не мае нiякага значэння, потым падумаў яшчэ i дадаў, нацiскаючы на кожнае слова: -Нiчога нiколi не мае нiякага значэння.
Люсьен быў крыху расчараваны, але зразумеў, што Берлiяк глыбока ўзрушаны, бо ў наступны чацвер той запрасiў яго павячэраць да сваёй мацi. Панi Берлiяк была вельмi ласкавая, на левай шчацэ ў яе было колькi бародавак i сiнiх радзiмак.
- Разумееш, - сказаў Берлiяк, - сапраўдныя ахвяры вайны - гэта мы.
Люсьен падзяляў яго думку, i яны пагадзiлiся, што належаць да пакутнiцкага пакалення. Дзень пагасаў, Берлiяк, падаткнуўшы пад голаў скрыжаваныя рукi, ляжаў на канапе. Яны палiлi ангельскiя цыгарэты i круцiлi на грамафоне пласцiнкi. Люсьен пачуў песнi Софi Такер i Ола Джонсана. Iх агарнула мяккая меланхолiя, i Люсьен падумаў, што Берлiяк яго найлепшы сябар. Раптам Берлiяк спытаў, цi ведае ён штось пра псiхааналiз, голас у яго гучаў вельмi сур'ёзна, i ў поглядзе адчувалася важнасць.
- Пакуль мне не споўнiлася пятнаццаць, я жадаў сваю мацi.
Люсьен адчуў сябе нiякавата; ён баяўся пачырванець, i яму чамусьцi прыгадалiся бародаўкi на твары ў панi Берлiяк; ён нiяк не мог зразумець, як можна было яе пажадаць. Але калi яна прынесла iм бутэрброды, Люсьен быў цьмяна ўсхваляваны i паспрабаваў уявiць пад жоўтым швэдарам яе грудзi. Калi яна выйшла, Берлiяк прамовiў сцвярджальным голасам:
- Табе, натуральна, таксама хацелася пераспаць са сваёй мацi.
Ён не пытаўся, ён канстатаваў. Люсьен пацiснуў плячыма i буркнуў:
- Натуральна.
Назаўтра яму пачувалася неспакойна - ён баяўся, каб Берлiяк не пачаў зноў гэтай размовы. Але ўрэшце яму ўдалося сябе супакоiць. "Як бы там нi было, падумаў ён, - Берлiяк скампраметаваў сябе болей, чым я". Яго вельмi вабiла тая навуковасць, якую набылi цяпер iх адносiны. У наступны чацвер ён пайшоў у бiблiятэку св. Жэнеўевы i прачытаў працу Фрэйда пра сон. Гэта было сапраўднае адкрыццё. "Дык, значыць, вось яно што, - паўтараў сам сабе Люсьен, ходзячы наманы па вулiцах, - вось, значыць, што". Ён купiў "Уводзiны ў псiхааналiз" i "Псiхапаталогiю паўсядзённага жыцця", i яму ўсё зрабiлася ясна. Гэтае дзiўнае ўражанне, што ён не iснуе, i гэтая пустата, што так доўга трывала ў яго свядомасцi, яго вечная санлiвасць, i яго няўпэўненасць, i бясплённыя намаганнi пазнаць сябе, якiя нязменна натыкалiся на заслону туману... "Д'ябал, - падумаў ён, - у мяне ж комплекс". Ён расказаў Берлiяку, што ў дзяцiнстве ўяўляў сябе самнамбулам i што рэчы заўсёды здавалiся яму не зусiм рэальнымi.
- Напэўна, - вырашыў ён, - у мяне комплекс дамашняй замкнёнасцi.
- Штых у штых як у мяне, - адказаў Берлiяк, - у нас хатнi комплекс.
Яны завялi звычку тлумачыць усе свае сны i нават сама нязначныя ўчынкi, але Берлiяк расказваў заўсёды столькi гiсторый, што Люсьен нават трошкi падазраваў, што ён iх выдумляе цi, прынамсi, прыхарошвае. Тым не менш яны добра разумелi адзiн аднаго i з абсалютнаю аб'ектыўнасцю разбiралi сама далiкатныя сiтуацыi; яны прыйшлi да агульнай думкi, што носяць вясёлую маску, каб ашукваць iншых, але ўсярэдзiне iх душа жорстка пакутуе. Люсьен пазбыўся нарэшце разгубленасцi. Ён з прагнасцю накiнуўся на псiхааналiз, бо лiчыў, што гэта якраз тое, што яму падыходзiць, i цяпер адчуваў сябе болей упэўнена. Яму ўжо не трэба было хвалявацца i безупынна шукаць у свядомасцi прыкметных праяваў свайго характару. Сапраўдны Люсьен быў глыбока схаваны ў падсвядомым, пра яго можна было толькi гадаць i думаць, без магчымасцi ўбачыць, - як пра каго-небудзь дарагога, але непрысутнага. Люсьен цэлымi днямi разважаў пра свае комплексы i з пэўнай гордасцю ўяўляў той змрочны, жорсткi i бязлiтасны свет, якi панаваў пад полагам яго свядомасцi.
- Разумееш, - казаў ён Берлiяку, - звонку я быў нiбыта звычайны, сонны i абыякавы да ўсяго хлапчук, якi нiчога асаблiвага сабой не ўяўляе. I нават усярэдзiне, ведаеш, усё было настолькi да гэтага падобна, што я сам ужо ледзь не паверыў. Але ўсё-такi я адчуваў, што ёсць нешта iншае.
- Заўсёды ёсць нешта iншае, - адказаў Берлiяк.
I яны ганарыста ўсмiхнулiся адзiн аднаму. Люсьен склаў паэму пад назваю "Калi развеецца туман", i Берлiяк прызнаў яе файнай, але папракнуў Люсьена за тое, што ён напiсаў яе правiльным вершам. Тым не менш яны вывучылi паэму на памяць, i калi хацелi намякнуць на свае палавыя iнстынкты, казалi: "Крабы, што схавалiся пад полагам туману", - а потым проста: "Крабы", - i падмiргвалi адзiн другому. Але ўрэшце Люсьену, калi ён заставаўся адзiн i асаблiва ўвечары, усё гэта пачало здавацца крыху страшнаватым. Ён ужо не адважваўся зiрнуць сваёй мацi ў твар, i калi цалаваў яе перад сном, баяўся, каб нейкая цёмная сiла не перавяла яго пацалунак i не накiравала яго панi Флёр'е ў вусны. Ён нiбыта адчуваў усярэдзiне прыхаваны вулкан i цяпер пачаў ставiцца да сябе з асцярогай, каб не растрывожыць той лiхой i змрочнай душы, што адкрылася яму так нечакана. Ён ведаў усё, на што яна здольная, i баяўся яе жудаснага абуджэння. "Я баюся сам сябе", - думаў ён. Шэсць месяцаў назад ён адмовiўся ад сваiх iнтымных уцех - яны прыгняталi яго, i апроч таго, ён быў вельмi загружаны працай, - але ўрэшце зноў вярнуўся да iх: кожны мусiць кацiцца па сваiм адхоне; ва ўсiх Фрэйдавых кнiгах было шмат гiсторый пра няшчасных юнакоў, у якiх пачалiся нервовыя прыступы ад таго, што яны надта рэзка парвалi са сваiмi прывычкамi. "Цi не звар'яцеем мы так нарэшце?" - пытаўся ён у Берлiяка. I сапраўды, часам, сустракаючыся па чацвяргах, яны адчувалi сябе крыху ненармальна: у Берлiякаў пакой нiбы неўпрыкмет запаўзаў хiтры прыцемак, яны цэлымi пачкамi палiлi цыгарэты з дамешкам опiуму, i рукi ў iх пачыналi дрыжаць. Тады нехта адзiн моўчкi ўставаў, па-воўчы крадучыся, iшоў да дзвярэй i паварочваў выключальнiк. Жоўтае святло напаўняла пакой, i яны падазрона ўзiралiся адзiн у аднаго.