Выбрать главу

На пачатку сакавіка 1917 г., пасля дзесяцігадовага перапынку, узнавіла дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада. Яе адраджэнне адбылося на аснове структур БТДПВ. Найбольш прыхільнікаў адноўленай партыі знаходзілася ў Мінску, Петраградзе, Віцебску, Бабруйску. За некалькі тыдняў дзейнасці БСГ удалося згуртаваць некалькі соцень чальцоў, пераважна прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Спрыялі гэтаму палітычныя абставіны, а перш за ўсё атмасфера свабоды і папулярнасць лозунгаў аб праве народаў Расіі на захаванне сваёй тоеснасці. На канферэнцыі БСГ 25 сакавіка 1917 г. паўторна была вынесена прапанова ператварыць Расію ў федэратыўную дзяржаву і даць Беларусі аўтаномію з краёвай радай як органам заканадаўчай улады. Апрача таго быў сфармуляваны шэраг прапаноў па правядзенні грамадскіх рэформ — перадача сялянам памешчыцкай зямлі, адмена прымусовай ваеннай службы і замена яе народнай міліцыяй, нацыяналізацыя асветы. На канферэнцыі БСГ прысутнічалі прадстаўнікі Беларускай партыі народных сацыялістаў (БПНС) і некалькіх меншых галіновых арганізацый. Па гэтай прычыне ўдзельнікі канферэнцыі абвясцілі сябе І З’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый і абралі выканаўчы орган — Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), які ўзначаліў памешчык Раман Скірмунт. Управу БНК складалі: Павел Аляксюк, Браніслаў Тарашкевіч, кс. Вінцэнт Гадлеўскі, Казімір Кастравіцкі, Усевалад Фальскі, Зміцер Жылуновіч, Аркадзь Смоліч, Іван Краскоўскі, Лявон Дубейкаўскі. БНК атрымаў паўнамоцтвы прымаць у свой склад прадстаўнікоў новаствораных беларускіх арганізацый.

Побач БСГ і БПНС дзейнічалі ўжо іншыя беларускія партыі, якія таксама распрацоўвалі розныя праекты наконт будучыні. У Маскве паўстала Беларуская народная грамада, у Петраградзе — каталіцкая Хрысціянская дэмакратычная злучнасць, у Віцебску — Беларускі народны хаўрус, у Магілёве — Беларускі нацыянальны камітэт, у Гомелі — Хаўрус беларускай дэмакратыі. Большасць гэтых арганізацый мела сваіх прадстаўнікоў у БНК.

У красавіку 1917 г. дэлегацыя БНК на чале з Раманам Скірмунтам падалася ў Петраград, каб прад’явіць Часоваму ўраду пастулаты наконт аўтаноміі Беларусі. Дэмакратычныя ўлады Расіі, так як і раней царскія, не лічылі, аднак, беларусаў асобным народам і адмовіліся весці перагаворы на гэтую тэму. У такой сітуацыі сацыялісты БСГ, якія пераважалі ў беларускім нацыянальным руху, пачалі шукаць паразумення з расійскімі радыкаламі — эсэрамі і бальшавікамі. Нават сваю прапагандысцкую рыторыку прыпадобнілі яны да той, якой карысталіся рэвалюцыянеры партыі Леніна.

На з’ездзе БСГ у Петраградзе ў чэрвені 1917 г. старшынёю партыі быў абраны камуніст Зміцер Жылуновіч. Сваёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла ўвядзенне сацыялістычнага парадку ў Беларусі «цераз развіццё класавай барацьбы і сацыяльную рэвалюцыю». Гэта абазначала раскол у беларускім руху, паколькі для часткі кіраўніцтва БНК — Скірмунта, Алексюка, кс. Гадлеўскага — чужымі былі погляды, якія прадстаўлялі сацыялісты. У атмасферы пашыраючайся радыкалізацыі грамадскіх настрояў павялічваліся палітычны капітал БСГ і лік чальцоў партыі. У палове 1917 г. было іх ужо больш за 5 тысяч. Некаторыя з іх былі адначасова чальцамі расійскіх сацыялістычных груповак. У такой сітуацыі скліканы ў Мінск 8 ліпеня 1917 г. ІІ З’езд беларускіх партый і арганізацый праходзіў пад знакам дамінацыі БСГ. З’езд распусціў Беларускі нацыянальны камітэт з прычыны ягонай кансерватыўнасці і стварыў Цэнтральную раду беларускіх арганізацый і партый, якая мела прадстаўляць «поўнасцю дэмакратычныя» арганізацыі, што ў тадышніх умовах абазначала крайне левыя групоўкі.

У пераломны момант гісторыі, калі вырысоўваліся перспектывы атрымаць хаця б аўтаномію і неабходнай была кансалідацыя ўсіх беларускіх груповак, класавыя інтарэсы ўзялі верх над нацыянальнымі.

Летам 1917 г. палітычная сітуацыя ў Мінску адлюстроўвала стан настрояў у іншых гарадах Расіі. Гаспадарчы хаос, масы дэмаралізаваных салдат, над якімі страцілі кантроль генералы і Часовы ўрад ды вострая бальшавіцкая рыторыка аб патрэбе сілай пераняць «пралетарыятам» уладу сталі прычынай далейшай радыкалізацыі грамадскіх настрояў. Уздзейнічала гэта і на беларускі рух. У верасні 1917 г. частка чальцоў БСГ перайшла на бальшавіцкі бок. У штораз большай ступені партыя падвяргалася грамадскім настроям і траціла нацыянальную тоеснасць. Толькі чарговы з’езд БСГ у кастрычніку 1917 г. спыніў працэс уліцця гэтай самай вялікай беларускай арганізацыі ў рэчышча ўсерасійскай рэвалюцыі. З’езд старшынёю і ягонымі намеснікамі выбраў больш памяркоўных палітыкаў — Язэпа Дылу, Аляксандра Прушынскага і Аркадзя Смоліча, якія дзеля нацыянальнага інтарэсу згодны былі вярнуцца да супрацоўніцтва з партыямі несацыялістычных напрамкаў. Неўзабаве пасля з’езда БСГ было склікана пасяджэнне Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый, якая ўжо на другі дзень перайменавалася на Вялікую беларускую раду (ВБР). У ходзе пасяджэння ВБР, якое працягвалася ад 16 да 24 кастрычніка, яе састаў быў папоўнены прадстаўнікамі вайсковых і самаўрадавых асяроддзяў. Старшынёй выканаўчага камітэта стаў чалец БСГ Вячаслаў Адамовіч, а ў яго склад увайшлі дзеячы хрысціянска-дэмакратычнай плыні — Эдуард Будзька і Павел Аляксюк. ВБР вызначыла сабе ролю вышэйшага органа часовай улады аўтаномнай Беларусі.