Выбрать главу

У свядомасці грамадзянаў рэспублікі замацаваўся такі вобраз свету, у якім усё добрае прыходзіць з Усходу, а дрэннае — з Захаду. Феадалізм, войны, голад, расстрэлы прыносілі палякі, французы, немцы, і толькі супольнае змаганне з расейскім народам дазваляла беларусам скінуць чужое панаванне. Такую ідэю прапагандаваў самы папулярны аўтар школьных падручнікаў па гісторыі БССР Лаўрэн Абэцэдарскі. Пасля некалькіх дзесяцігоддзяў унушэнняў нават калгас станавіўся апорай грамадскага і цывілізацыйнага парадку — даваў працу, патрэбныя для жыцця сродкі і бяспеку.

Ідэалізаваная прапагандай і школай карціна савецкай улады давяла да таго, што напрыканцы 1980-х гадоў шмат хто з недаверам успрыняў паведамленні прэсы аб сталінскім генацыдзе, свядомым знішчэнні беларускай мовы і культуры камуністычнымі героямі, імёны якіх упрыгожвалі назвы вуліцаў, заводаў, калгасаў. Крытыка камунізму пасля 1990 года для мільёнаў савецкіх грамадзянаў падалася аспрэчваннем дасягненняў іхнага жыцця. Зародкавая дэмакратыя была творам Захаду. Разам з яе надыходам апусцелі паліцы крамаў, з'явіліся няпэўнасць заўтрашняга дня, палітычны хаос, разбурэнне ўсёй іерархіі неаспрэчных каштоўнасцяў.

У гэтакай сітуацыі беларускім нацыянальным элітам пашанцавала дасягнуць значна болей, чым іхным папярэднікам у 1918 годзе. Беларусь дэ-юрэ стала незалежнай дзяржавай, суверэнітэт якой быў прызнаны ў свеце. Аднак вось ужо некалькі гадоў адбываецца адваротны працэс, некалькі гадоў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка намагаецца абмежаваць суверэнітэт дзяржавы. Тым не менш, ліквідаваць становішча, якое склалася ў 1991 годзе, да гэтай пары не ўдалося. Беларусь і надалей застаецца незалежнай дзяржавай, хоць гэта не толькі заслуга яе грамадзянаў, але і вынік сітуацыі ў Расеі і міжнароднай кан'юнктуры.

РАЗДЗЕЛ 1

БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСІІ

Фармаванне беларускай нацыянальнай ідэі

У канцы XVIII стагоддзя большасць беларускай шляхты падвярглася паланізацыі. Хаця прадстаўнікі гэтай грамадскай праслойкі называлі сябе ліцьвінамі — насельнікамі Вялікага княства Літоўскага — аднак думалі палітычнымі катэгорыямі Рэчы Паспалітай, так як мазавецкая ці малапольская шляхта. Каталіцкае веравызнанне, мова, культура ўчынялі іх падобнымі да польскай эліты і заадно адрознівалі іх ад мясцовага народу. Старабеларуская літаратурная мова, на якой калісьці былі створаны статуты Вялікага княства Літоўскага, у сапраўднасці стала мовай мёртвай. Рознымі беларускімі гаворкамі карысталіся сялянства, маламестачковае насельніцтва і дробная шляхта. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння ўсіх беларускіх зямель да Расіі ў 1795 г., афіцыйна дзяржаўнай мовай стала руская, але фактычна да 1863 г. у публічным ужытку пераважала польская. Грамадскае павышэнне асоб плебейскага паходжання найчасцей рабіла іх палякамі або расіянамі.

Многае ўказвае на тое, што ў перыяд паўстання 1863 г. у колах польскіх элітаў панавала даволі распаўсюджанае перакананне, што беларусы з’яўляюцца ўскраінным (kresowym) польскім людам. Царская адміністрацыя ў сваю чаргу прыняла тэзіс, што беларусы — гэта «истинно русский народ», і рабіла многа намаганняў, каб гэтая тэорыя стала рэчаіснасцю. Не абазначае гэта, што ў ІІ палове ХІХ ст. не існавалі паняцці «беларус», «беларусы», «беларуская мова». Наадварот, гэтымі тэрмінамі ахвотна карысталіся не толькі расійская адміністрацыя, але і навука, культура і асвета. Беларускасць, аднак, выступала ў гэтым выпадку ў кантэксце акрэсленай геаграфічна-культурнай прасторы, выключна як адзін з рэгіянальных кампанентаў расійскай супольнасці.

Беларуская пісьменнасць ХІХ стагоддзя, асабліва перыяду паўстання 1863 г., стваралася галоўным чынам у асяроддзі каталіцкай шляхты, ссылалася на польскую традыцыю змагання з Расіяй, ідэалізавала каталіцызм і колішнюю Рэч Паспалітую, прапагандавала супольнасць палітычных інтарэсаў Польшчы і Беларусі ў якасці яе правінцыі. Гэтая творчасць уздзейнічала аднак выключна на каталіцкае насельніцтва, якое складала ўсяго 20 адсоткаў ад агульнай колькасці жыхароў Беларусі. Адначасна непрыхільны тон тадышняй публіцыстыкі аблягчаў расійскім уладам мабілізацыю мясцовых праваслаўных элітаў да процідзеяння гэтым тэндэнцыям.