Выбрать главу

У другой палове ХІХ ст. развіваліся дзве беларускія інтэлектуальныя плыні, якія адлюстроўвалі тадышнія рэлігійныя падзелы. Паколькі католікі і праваслаўныя жылі быццам бы ва ўзаемнай духовай адасобленасці, падтрымоўванай, дарэчы, палітыкай расійскіх улад, таму нацыянальная ідэя гэтых двух канфесійных асяроддзяў развівалася рознымі шляхамі. Сярод праваслаўных вельмі папулярнай была ідэя заходнерусізму, вельмі блізкая царскай дактрыне расійскага народа, які складалі «велікарусы» (расіяне), «маларусы» (украінцы) і «заходнерусы» (беларусы). Галоўны ідэолаг гэтага руху — Міхаіл Каяловіч — патрабаваў увесці беларускую мову ў дзяржаўныя школы і ўрадавыя ўстановы ў Беларусі. Прапанаваў ён таксама правядзенне радыкальнай аграрнай рэформы, а ў яе выніку — падзел вялікай зямельнай уласнасці і перадачу зямлі сялянам. Гэты апошні пастулат Каяловіча не быў доказам яго грамадскага радыкалізму, а толькі вынікам разважанняў «заходнерусаў» вакол нацыянальных пытанняў. Зыходзілі яны з перадумовы, што вялікая зямельная ўласнасць у Беларусі знаходзіцца перш за ўсё ў руках палякаў, а тых лічылі чужаземцамі, якія непрыхільна, а нават варожа ставяцца да беларусаў. Разглядалася нават — асабліва ў час паўстання 1863 г. — магчымасць перасялення палякаў «у Польшчу», значыць, у межы Варшаўскага герцагства. Палякамі — паводле Каяловіча — лічыліся ўсе пражываючыя ў Беларусі католікі. Не дапускаў ён магчымасці ўзнікнення нацыянальнай катэгорыі беларусаў-католікаў. «Заходнерусы» лічылі, што беларусы, якія перайшлі на каталіцызм, самі адракліся ад сваёй нацыянальнасці і сталі палякамі.

Пасля пацыфікацыі паўстання 1863 г. «заходнерускі» рух, па прычыне свайго грамадскага радыкалізму, аказаўся не надта выгадным хаўруснікам для царскіх улад і таму скора быў ён выведзены на абочыну грамадска-палітычнага жыцця. Аднак выступаў ён ад імені больш за 70 адсоткаў жыхароў Беларусі і гэты факт асноўным чынам паўплываў на працэс фарміравання беларускай нацыянальнай ідэалогіі ў канцы ХІХ ст. Заходнерусізм прадрашыў таксама аб тым, што каталіцкія эліты перасталі думаць аб Беларусі ў катэгорыях традыцыі Рэчы Паспалітай і стаў прычынай адарвання беларускай ідэі ад псіхалагічна-культурнага польскага кантэксту.

Крыніц беларускага нацыянальнага адраджэння ў каталіцкім асяроддзі трэба шукаць, так як і ў праваслаўным, у палове ХІХ ст. Найчасцей пачыналася яно з зацікаўнення сыноў апалячанай шляхты гісторыяй сваіх родаў, мясцовасці, даследаваннем культуры мясцовага насельніцтва. Паводле іх меркаванняў, аспрэчванне тэзісу аб асіміляцыі беларускай шляхты абазначала б адабрэнне тэорыі «заходнерусаў», якая ўсіх католікаў на беларускай зямлі лічыла чужым элементам. Многія інтэлігенты шляхецка-каталіцкага паходжання, якія пачыналі даследаваць мінулае, усведамлялі сабе наяўнасць блізкіх культурна-моўных сувязей уласнага роду з мясцовым сялянствам. Не пераставалі яны быць палякамі, але яшчэ больш ахвотна спасылаліся на легенды Вялікага княства Літоўскага, міфы аб «тутэйшасці», «краёвасці». Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808–1884) пісаў, што адчуваў ён сябе чалавекам польскай культуры і адначасна быў свядомы свайго літоўскага (беларускага) паходжання. Будучы шляхціцам, ён не быў у змозе ўвайсці ў тую сферу культуры, у якой апынуліся сялянскія масы. Такіх праблемаў не было ў інтэлігенцыі, якая адарвалася ад засценка і ягонай традыцыі. Францішак Багушэвіч (1840–1900), хаця не адчуваў ніякіх эмацыянальных сувязей з узнікаючай нацыянальнай ідэяй, аднак з прычыны салідарнасці з сялянскім асяроддзем напісаў вядомы заклік да беларусаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!». Багушэвіч, падобна як і Дунін-Марцінкевіч, пісаў на беларускай мове, але ў адрозненні ад Марцінкевіча гэтую мову лічыў «сваёй».

У канцы ХІХ ст. з’явілася новае пакаленне беларускай інтэлігенцыі, нацыянальная свядомасць якога склалася не ў выніку працяглых роздумаў, а толькі шляхам выхавання ў сямейным асяроддзі. У 1898 г. вучні мінскай гімназіі Іван і Антон Луцкевічы арганізавалі нефармальную групу з мэтай вывучэння гісторыі, этнагарфіі і беларускай грамадскай думкі. Супольна з пісьменнікам Казімірам Кастравіцкім збіралі яны кніжкі і ўсялякія іншыя публікацыі на згаданыя тэмы. Іх бацька — Іван Луцкевіч — сябраваў з Дуніным-Марцінкевічам і часта гасцяваў у яго доме. Аб беларускасці маладых Луцкевічаў, будучых дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, прадрашыў выбар іхных бацькоў.