Выбрать главу

Аднак найбольш пякучай справай у Беларусі было не столькі нацыянальнае, колькі аграрнае пытанне. Правадыры БРГ бачылі ў сялянстве сілу, якая магла б ажыццявіць нацыянальныя ідэі. Справа будучай уласнасці зямлі раздзяляла БРГ не толькі ад ПСП, але таксама і ад расійскіх эсэраў. Польскія сацыялісты, свядомыя таго, што вялікая зямельная ўласнасць у большасці належыць палякам, не ўзнімалі гэтай праблемы. Яе раздзел паміж сялян прапанавалі разгледзець у больш спрыяльных палітычных умовах. Эсэры, так як і ў выпадку ўсёй Расіі, выказваліся за перадачу зямлі сялянскім камунам. Дзеячы Беларускай рэвалюцыйнай партыі былі прыхільнікамі перадачы яе ў карыстанне паасобным земляробам.

Рэвалюцыя 1905 г. у Расійскай імперыі прынесла верыфікацыю ўплываў паасобных сацыялістычных партый на тэрыторыі Беларусі. Беларуская рэвалюцыйная грамада, якая ў канцы 1904 г. памяняла назву на Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), вяла сваю дзейнасць перш за ўсё ў сялянскім асяроддзі. У гарадах Беларусі дамінавалі расійскія, яўрэйскія і польскія сацыялістычныя арганізацыі. У 1905 г. БСГ вярнулася да гоманскай ідэі аўтаноміі для Беларусі ў складзе дэмакратычнай і федэратыўнай Расіі. Кожны народ, які састаўляе федэрацыю — паводле БСГ — павінен мець свой парламент, выбіраць сабе чыноўнікаў, гаварыць і пісаць на сваёй мове. Выкананне гэтага апошняга пастулата дапамагло партыі заснаванне ў Мінску ў канцы 1905 г. сваёй друкарні.

У студзені 1906 г. ІІ З’езд БСГ далейшае кіраванне партыяй даручыў Вацлаву Іваноўскаму, Аляксандру Бурбісу і братам Луцкевічам. Новая праграма гэтай арганізацыі прадугледжвала змаганне за пераўтаварэнне Расіі ў дэмакратычную і федэратыўную рэспубліку і за дзяржаўную аўтаномію Беларусі, у складзе гэтай структуры, з парламентам у Вільні.

17 кастрычніка 1905 г. цар Мікалай ІІ адмяніў усе рэстрыкцыі, якія тармазілі развіццё нацыянальных моў у Расійскай імперыі. Для арганізаваных палітычных структур у Беларусі адчыняліся шырэйшыя магчымасці прапагандаваць свае ідэі ў народзе. 1 верасня 1906 г. з’вілася першая легальная беларуская газета «Наша доля». Выйшла яна тыражом 10 тыс. экземпляраў, у тым ліку 6 тыс. было надрукаваных кірыліцай для праваслаўных і 4 тыс. — лацінкай для католікаў. Першы нумар выклікаў сенсацыю і вялікае зацікаўленне сярод віленскіх элітаў. За два дні ў Вільні было прададзена 3 тыс. паасобнікаў, 5 тыс. — трапіла на правінцыю, а рэшту канфіскавала паліцыя. Таксама чарговыя нумары выдання канфіскаваліся з прычыны радыкалізму прапагандаваных на яго старонках поглядаў на грамадскія справы. Толькі два з ліку шасці выйшаўшых нумароў дайшлі да чытачоў. Неафіцыйна «Наша доля» была органам БСГ, а рэдагавалі яе лідэры партыі — Іван і Антон Луцкевічы, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец), Алаіза Пашкевіч (Цётка), Францішак Умястоўскі і, праўдападобна, Вацлаў Іваноўскі. Прадбачваючы заняпад газеты, браты Луцкевічы спярша прабавалі змякчыць тон больш радыкальных публікацый уласнымі палемічнымі артыкуламі, а пасля заснавалі новы легальны беларускі штотыднёвік «Наша ніва», накіраваны ў большай ступені на прапагандаванне асветнай працы з народам, чым інструкцый для рэвалюцыянераў. «Наша ніва», становячыся цэнтрам масавай грамадскай інфармацыі, дала пачатак сапраўднаму рэнесансу інтэлектуальнага жыцця ў Беларусі, інспіравала творчасць цэлай плеяды пісьменнікаў беларускага адраджэння — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Міхася Арла, Сяргея Палуяна, Змітрака Бядулі. Штотыднёвік у 1906–1915 гадах быў найбольш значным асяродкам беларускага нацыянальнага жыцця. У рэдакцыі працавалі самыя выдатныя беларускія літаратары, публіцысты і палітычныя дзеячы. Іх творчасць даходзіла ва ўсе куткі Беларусі, а нават да беларускіх эмігрантаў у Амерыцы. Выданне да 1912 г. друкавалася кірыліцай і лацінкай, пазней — выключна кірыліцай. Беларуская ідэя дзякуючы «Нашай ніве» пераставала быць элітарнай з’явай і станавілася паўсюднай. Рэдакцыя ў сваю чаргу паслядоўна прапагандавала канцэпцыю беларускай нацыянальнай, культурнай і духовай супольнасці, асобнай ад польскай і расійскай.

Пасля 1910 г. пачалі ўзнікаць іншыя беларускія перыядычныя выданні: з сатырычным ухілам — «Пялун», «Крапіва» або адрасаваныя да сялян, напрыклад, «Хатка», выдаваная Аляксандрам Уласавым. Ідэалагічную канкурэнцыю для сацыялістычнай «Нашай нівы» стараўся стварыць заснаваны ў 1913 г. каталіцкі штотыднёвік «Беларус», які фінансава падтрымоўвала княгіня Магдалена Радзівіл. «Беларус» паклаў аснову пад будову фундаментаў беларускай кансерватыўнай думкі, якая была адказам на пашырэнне сацыялізму сярод моладзі. Па прычыне пазнейшых палітычных здарэнняў працэс гэты быў спынены.